24 красавiка 2024, Серада, 5:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адвітанне з пісьменнікам Іванам Пташнікавым пройдзе ў Менску 30 ліпеня

Адвітанне з пісьменнікам Іванам Пташнікавым пройдзе ў Менску 30 ліпеня
Іван Пташнікаў

Іван Пташнікаў памёр 28 ліпеня на 84-м годзе жыцця ад цяжкай працяглай хваробы.

Паводле інфармацыі родных пісьменніка, цывільная паніхіда ў рытуальнай зале крэматорыя на Паўночных могілках сталіцы пачнецца ў суботу а 14.00. Адпраўленне аўтобуса ад спецкамбінату (вуліца Альшэўскага, 12) а 13.00, інфармуе БелаПАН.

Пахаванне пісьменніка пачнецца а 15.00.

Іван Пташнікаў нарадзіўся 7 кастрычніка 1932 года ў вёсцы Задроздзе Лагойскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. Працаваў у рэдакцыі Плешчаніцкай раённай газеты "Ленінец", настаўнікам Лонваўскай пачатковай школы. У 1957 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Быў рэдактарам мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР, рэдактарам аддзела прозы часопіса "Маладосць". З 1962 году - рэдактар аддзела прозы часопіса "Полымя".

Упершыню Пташнікаў выступіў у друку з вершамі ў 1952 годзе. Ягоны першы празаічны твор, аповесць "Чачык", быў апублікаваны ў 1957 годзе ў часопісе "Полымя". Першая кніга пісьменніка - зборнік аповесцяў і апавяданняў "Зерне падае не на камень" - выйшла ў 1959 годзе. Далей былі: "Чакай у далёкіх Грынях" (раман, 1962); "Сцяпан Жыхар з Сцешыц" (зборнік аповесцяў і апавяданняў, 1966); "Лонва" (аповесць, 1965, 1982 г.); "Тартак" (аповесць, 1968); "Мсціжы" (раман, 1972); "Найдорф" (аповесць, 1976); выбраныя творы ў двух тамах (1980 г.). Апошні раман Пташнікава "Алімпіяда" выйшаў у 1985 годзе.

Пісьменнік узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны" (1994 г.) і медалём Францыска Скарыны (1994). Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1984). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1978) за аповесць "Найдорф".

З 1959 года ўваходзіў у склад Саюза пісьменнікаў СССР. Апошнія гады з'яўляўся сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў - грамадскай арганізацыі, якая адрозна ад праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі крытычна ацэньвае палітыку цяперашняй улады.

Саюз беларускіх пісьменнікаў "глыбока смуткуе з нагоды смерці Івана Мікалаевіча і выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім пісьменніка", адзначаецца ў паведамленні на сайце арганізацыі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках