28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лешчанка пра расследаванне забойства Шарамета: Спадзяюся, Парашэнка не спыніцца

6
Лешчанка пра расследаванне забойства Шарамета: Спадзяюся, Парашэнка не спыніцца
ПАВЕЛ ШАРАМЕТ

Сяргей Лешчанка распавёў, чые інтарэсы закранулі расследаванні «Украінскай праўды», і хто можа стаяць за забойствам Шарамета.

Пра гэта народны дэпутат Сяргей Лешчанка распавёў у інтэрв'ю часопісу «Новое время».

Са слоў Лешчанкі, цягам доўгіх гадоў УП была жывым помнікам Георгію Гангадзэ (заснавальнік УП - рэд.), і пасля ягонага забойства, што адбылося 16 гадоў таму, журналісты пачуваліся ў пэўнай бяспецы, разумеючы, якія наступствы для ўлады мела гэтая расправа.

"Яна зламала кар'еру другому прэзідэнту Украіны Леаніду Кучму, шмат каму ў ягоным атачэнні, а геапалітычныя наступствы гэтага забойства зазнала ўся краіна. Мы былі ўпэўненыя, што ніхто не наважыцца паўтарыць такое, бо для Украіны гэта немагчыма ўявіць. Нават у часы Януковіча спробы ўплыву на УП абмяжоўваліся DDoS-нападамі, праслухоўваннем тэлефонаў, стварэннем падробленых інфармацыйных крыніц. Але мы не маглі ўявіць, што гэты жах паўторыцца. І матывы забойства дагэтуль незразумелыя", - кажа Лешчанка.

У гэтым кантэксце Лешчанка згадаў пра версію замежнага следу, аднак тады няясна, чаму быў забіты Шарамет.

"З іншага боку, вакол УП шмат падзей, якія паказваюць на спробы калі не кантраляваць выданне, то даведацца хоць бы пра крыніцы, якімі мы карыстаемся. Я бачыў расшыфроўкі сваіх SMS і тэлефонных размоў", - кажа ён.

Ён адзначыў, што ў мінулую восень вялося сачэнне за кіраўніцай УП Аленай Прытулай:

"Мы ўласнымі рукамі лавілі людзей каля дома Алены і выклікалі Антона Герашчанку (народны дэпутат Украіны, дарадца міністра МУС Арсена Авакава - рэд.) засведчыць сачэнне... У адказ ад праваахоўнікаў атрымалі дзіўныя тлумачэння, што сачэнне ідзе не за Прытулай, а за нейкім нелегальным казіно, размешчаным у гэтым жа доме... Але калі ёсць нелегальнае казіно, то яго трэба ліквідоўваць, а не сачыць за ім. Алена перакананая, што за ёй вялася сачэнне і напярэдадні забойства".

У той жа час Лешчанка не валодае інфармацыяй пра тое, што таемнае сачэнне за Прытулай і Шараметам, магчыма, ажыццяўлялася несанкцыянавана, але пад кіраўніцтвам намесніка кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Украіны Вадзіма Траяна.

"Такой інфармацыяй я не валодаю. Але Арсен Авакаў нароўні з (народнымі дэпутатамі - рэд.) Аляксандрам Граноўскім, Ігарам Кананенкам, Мікалаем Мартыненкам, а таксама Арсеніем Яцанюком, Пятром Парашэнкам ды Ігарам Каламойскім знаходзяцца ў ліку людзей, якіх мы рэгулярна выкрывалі".

Вяртаючыся да версій здарэння, дэпутат адзначыў, што разам з вонкавай ён дапускае і ўнутраную.

"Дапускаю як дырэктыўную атаку на журналіста, так і атаку з мэтай дыскрэдытаваць гэтымі дзеяннямі тую ж паліцыю, якая, магчыма, сачыла за Шараметам і Прытулай... Я спадзяюся, што гэтую справу расследуюць. Я назіраў за рэакцыяй Парашэнкі на пахаванні, ён зрабіў на мяне ўражанне чалавека, які бядуе і спачувае падзеі. І я спадзяюся, ён разумее важнасць гэтага расследавання і не спыніцца, нават калі нейкія версіі будуць весці да ягоных сяброў, хаўруснікаў або за межы краіны", - сказаў на заканчэнне Лешчанка.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках