20 красавiка 2024, Субота, 12:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У жніўні чакаецца новая дэвальвацыя рубля

12
У жніўні чакаецца новая дэвальвацыя рубля

Экспэрты прагназуюць паслабленне беларускай валюты.

Зніжэнне кошту валютнага кошыка на мінулым тыдні тлумачыцца, хутчэй за ўсё, выплатай падаткаў беларускімі прадпрыемствамі. Пры гэтым у банкаў назіраўся лішак рублёвых сродкаў, піша эканамічны аглядальнік Уладзімір Тарасаў у газеце «Белрынок».

На гэтым тыдні фактару падаткаў ужо не будзе, і кошт валютнага кошыка можа пачаць расці. Гэтаму будуць садзейнічаць не толькі лішак рублёвых сродкаў у банках і паслабленне расейскага рубля, але і дэвальвацыйныя чаканні насельніцтва і суб'ектаў гаспадарання Беларусі.

Існаванне такіх чаканняў адзначылі на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацбанку РБ 28 ліпеня, паказаўшы, што яны перашкаджаюць зніжэнню тэмпаў інфляцыі. На нарадзе таксама адзначылі, што гэтыя чаканні, апроч іншага, абапіраюцца на інфармацыю пра пагаршэнне стану вонкавага гандлю.

Такім чынам, жнівень у гэтым годзе можа стацца паўторам жніўня мінулага года, калі адбылася значная дэвальвацыя беларускага рубля.

Нацбанк, відавочна, да гэтага рыхтуецца. На нарадзе праўлення было адзначана, што патрабуецца захоўваць кантроль за грашовай прапановай. Акрамя таго, Мінфінансаў 29 ліпеня паведаміла пра тое, што ў гэты дзень у бюджэт краіны паступілі сродкі другой раты крэдыту ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця сумай 300 млн USD.

Але ўсё гэта наўрад ці прадухіліць паслабленне рубля. Таму на гэтым тыдні чакаецца рост кошту валютнага кошыка на велічыню прыблізна 0,5-1%.

Курс даляра ў дачыненні да еўра

Да росту курсу еўра ў дачыненні да даляра ЗША на рынку форэкс на мінулым тыдні прывяло пасяджэнне ФРС ЗША, якое адбылося 27 ліпеня. Мэтавы ўзровень адсоткавых ставак быў пакінуты ў дыяпазоне 0,25-0,5%. У заяве камітэта было сказана, што кароткатэрміновыя рызыкі для эканомікі зменшыліся, а манетарная палітыка застаецца мяккай, тым самым падтрымліваючы далейшыя паляпшэнні ўмоў на рынку працы і вяртанне інфляцыі да ўзроўню 2%.

Удзельнікі валютнага рынку форэкс вызначылі, што імавернасць хуткага падвышэння ставак ФРС знізілася, што прывяло да падзення курсу даляра ў дачыненні да асноўных сусветных валют. У той жа час, паводле ацэнкі ўдзельнікаў рынка, імавернасць павышэння стаўкі ФРС у снежні павялічылася з 47% да 50%.

Падтрымку еўрапейскай валюце надало таксама з'яўленне 29 ліпеня звестак пра больш нізкія, чым чакалася, тэмпы росту ВУП у ЗША. Экспэрты прагназавалі, што ВУП у II квартале гэтага года вырасце на 2,6% у параўнанні з II кварталам 2015 года, а ён павялічыўся ўсяго на 1,2%. Гэта яшчэ больш імавернасць павышэння ставак ФРС у 2016 годзе.

На гэтым тыдні курс еўра на рынку форэкс будзе, відаць, змяняцца пад уплывам новых звестак аб стане эканомікі ЗША і Еўразвязу. Падстаў для ўзнікнення новай тэндэнцыі не відаць, але курс еўра можа яшчэ падрасці, бо звесткі аб нечакана слабых тэмпах росту ВУП ЗША, якія з'явіліся ў пятніцу 29 ліпеня, яшчэ нейкі час будуць падтрымліваць еўрапейскую валюту. Гэта значыць, можна чакаць росту курсу еўра ў дачыненні да даляра на велічыню парадку 0,5%.

Курс расейскага рубля ў дачыненні да даляра

Праз спыненне дзеяння фактараў, якія падтрымліваюць расейскі рубель, можна чакаць, што будзе аднаўляцца карэляцыя гэтага курса з цэнамі нафты. А гэта азначае паслабленне рубля.

Расейскія экспэрты цяпер спаборнічаюць у прадказанні ўзроўню, да якога вырасце курс даляра. Чаканні песімістычныя: калі нафта патаннее ніжэй за ўзровень 40 USD за барэль, то курс даляра здольны падняцца вышэй за 70 RUB/USD.

На сусветным рынку растуць асцярогі ў дачыненні да празмернасці нафты, якія пагаршаюцца праз празмернасць бензіну. Прынамсі, запасы бензіну ў ЗША цяпер на 11% вышэйшыя, чым год таму, і на мінулым тыдні стала вядома, што за тыдзень, якая скончылася 22 ліпеня, яны павялічыліся ўпершыню за апошнія 6 тыдняў (на 0,5 млн барэляў) . У ЗША таксама прадаўжаецца рост колькасці буравых установак і ўзроўню здабычы нафты.

Усё гэта не абяцае нічога добрага ні нафце, ні расейскаму рублю. На гэтым тыдні зніжэнне яго курсу цалкам можа прадоўжыцца. Банк Расеі гэтаму не стане перашкаджаць. Банк стараецца прытрымлівацца палітыкі адыходу ад фінансавага рынку краіны, так, напрыклад 29 ліпеня ён прыняў пастанову пакінуць сваю ключавую стаўку без змены.

У сувязі з усімі выкладзенымі меркаваннямі, будзем чакаць росту курсу даляра на Маскоўскай біржы на гэтым тыдні на 2-3%.

Курс беларускага рубля ў дачыненні да даляра

Магчымыя паслабленні беларускага рубля ў дачыненні да кошыка валют і зніжэнне курсу расейскага рубля да даляра і еўра ў Маскве павінны прывесці да росту курсу даляра ў дачыненні да беларускага рубля на таргах БВФБ на 1-2%. Таксама не выключаецца і больш значнае паслабленне, калі дэвальвацыйныя чаканні ўвасобяцца ў павелічэнні попыту на валюту на ўнутраным рынку РБ.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках