29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто замовіў забойства Шарамета? Меркаванні ўкраінскіх экспэртаў

19
Хто замовіў забойства Шарамета? Меркаванні ўкраінскіх экспэртаў

Гібель вядомага журналіста Паўла Шарамета прадаўжае выклікаць велізарную колькасць пытанняў.

Часопіс «Новое время» распытаў украінскіх экспэртаў, хто, на іх думку, можа стаяць за гэтым злачынствам.

Сяргей Гайдай, паліттэхнолаг:

- Мы ўбачылі толькі першую частку драмы. Для таго, каб сур'ёзна разважаць над версіяй забойства, трэба ўбачыць другі, а магчыма, трэці і чацвёрты ход. Той, хто задумаў такое забойства, відавочна не разлічваў толькі забіць Паўла Шарамета. У гэтым няма ніякага сэнсу. Гэта рабілі відавочна з нейкімі іншымі мэтамі.

Адзіны аналаг, які можна прывесці, - забойства Гангадзэ, якое было такім жа шэрагам хадоў. Таму што [пасля забойства] былі наступныя хады: плёнкі Мельнічэнкі, забойства Краўчанкі, выяўленне цела і арышт Пукача.

Тарас Чарнавол, палітык:

- Адно з двух. Гэта можа быць або забойства, каб запалохаць «Украінскую праўду» і яе журналістаў. І наогул журналістаў, якія займаюцца расследаваннямі. Гэта можа быць завязанае з групамі, наконт якіх сёння ва Украіне ідуць сур'ёзныя расследаванні.

Але гэта можа быць і той жа расейскі след. Таму што хто такі Павел Шарамет з расейскага пункту гледжання? Ён - адзін з двух-трох самых вядомых у Расеі ўкраінскіх журналістаў. Ну не ведаюць у Расеі ўкраінскіх журналістаў па прозвішчах. Ведаюць былых сваіх - Савіка Шустэра, Яўгена Кісялёва і Паўла Шарамета. Больш ведаюць Яўгена Кісялёва. Але ён месяц таму, адчуваючы нядобрае, напісаў адкрыты ліст - фармальна да прэзідэнта Украіны, а насамрэч расейскаму боку. Таму быў абраны другі па вядомасці ў Расеі ўкраінскі журналіст. Гэта Павел Шарамет.

Я гэтую версію ўважаю за найбольш імаверную. Тым больш, што ў Расеі чалавечае жыццё каштуе 0,01%. Проста знішчыць чалавека для таго, каб каму-небудзь што-небудзь паказаць, - для іх гэта тыпова. А для ўкраінскіх нават самых мафіёзных структураў гэта не зусім тыпова.

Сямён Глузман, прэзідэнт Асацыяцыі псіхіятраў Украіны, праваабаронца і дысідэнт:

- Ну хто мог замовіць? Гэта пытанне да кіраўніка СБУ, які проста абавязаны ведаць, хто за кім сочыць і чым дыхае. Але ў нас жа СБУ занятая іншымі справамі. А я не ведаю. Не хаваю, а сапраўды не ведаю.

Аляксандра Кальцова (Каша Сальцова), музыка, лідар гурта Крыхітка:

- Я мала што ведаю пра прафесійную дзейнасць Паўла, якой ён займаўся апошнім часам. Аднак, па-мойму, гэта выпад супроць Алены Прытулы і «Украінскай праўды». Астатняе хай даводзіць следства. Наша задача патрабаваць, каб яно было празрыстым, публічным і не зацягвалася ў часе, як справа Гангадзэ. Думаю, што гэта тая справа, паводле якой мы і ўбачым, ці адбыліся рэформы ў праваахоўнай сістэме.

Тарас Прахаська, пісьменнік:

- Прычыны могуць быць самыя розныя. У тым ліку нейкія зусім нечаканыя, такія, што не прыходзяць у галаву ці могуць быць не зразумелыя нам. Аднак ва ўсякім выпадку, хто б гэта ні зрабіў, ён не мог не разумець, што гэта будзе свайго кшталту тэрор. У літаральным сэнсе - навядзенне страху, жаху і дэзарганізацыі. Бо нават тое, што мы ўсе цяпер думаем пра гэта, гэта неспакой, аналіз, сумненні і пошукі - ужо з'яўляецца ў пэўным сэнсе станоўчым вынікам для заказчыкаў і забойцаў.

Ірына Медушэўская, блогер:

- Ягоная гібель - нелагічная. Яна нявыгадная нікому. Калі гэта нейкая многахадоўка, то я яе пралічыць не магу. Навошта абралі ахвярай Шарамета? Навошта абраны такі час? Я б сказала, што гэта новы віток гібрыднай вайны.

Тое, што я ўбачыла тут жа пасля выбуху: як усе нашы гаваркія галовы - хто ў хвост, хто ў грыву, хто ў лес, хто па дровы - пачалі істэрычна на гэтым піярыцца. Але не для гэтага ж яго забілі!

Гэта ўжо ўсё было. Быў Гангадзэ. Думаю, што тут [ход расследавання] таксама будзе, як са справай Гангадзэ. Таму мы ніколі нічога не даведаемся.

Гэтая смерць нейкая, баюся, сакральная. Гэта вельмі дрэнна і для Украіны, і для свету.

Сяргей Паяркаў, мастак:

- Ужо вельмі гэта паказальна было зроблена. І паказвае, што, напэўна, гэта была не асабістая помста. Напэўна, гэта прызначалася ўсім нам. У тым плане, каб мы ўбачылі і жахнуліся. І вядома, залішне медыйна. А так асабістыя разборкі не робяцца.

Наконт расследавання забойства. Я б не патрабаваў ад генпракурора (Юрыя Луцэнкі), кіраўніка МУС Арсена Авакава або ад кіраўніка СБУ Васіля Грыцака, каб яны за тыдзень знайшлі забойцу. Але я б хацеў, каб яны шукалі і знайшлі. Мы ж разумеем, што гэтыя тры чалавекі і воля прэзідэнта - і тады будуць шукаць. А калі будуць шукаць, то хутчэй за ўсё знойдуць.

Святлана Залішчук, народны дэпутат ад Блока Пятра Парашэнкі:

- Асабіста я мяркую, што ў гэтым праглядаецца рука Расеі. Таму што гэта вельмі грубае і паказальнае забойства, калі можна так сказаць, свайго кшталту перформанс.

Мне здаецца, разлік быў такі. [У 2000 годзе] забілі журналіста і заснавальніка «Украінскай праўды» Георгія Гангадзэ, а ва ўкраінскім грамадстве ёсць перакананне, што да гэтага была датычная ўлада на самым вышэйшым узроўні. Таму яшчэ адно забойства журналіста, які мае дачыненне да развіцця «Украінскай праўды» і з'яўляецца [грамадзянскіх] мужам галоўнай рэдактаркі выдання, і павінна было падсвядома запусціць аналагічную ўстаноўку. Што нібыта да гэтага [забойства] таксама можа быць датычная ўлада. І адпаведна, дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне.

Але гэта спрацавала інакш і аб'яднала ўкраінскае грамадства. У разуменні таго, што гэта працуе супраць краіны і супраць грамадства. Таму што гэта забойства паказвае, што ахвярай можа стаць абсалютна кожны.

Віталь і Дзмітрый Капранавы, пісьменнікі, выдаўцы ад Блока Пятра Парашэнкі:

- Забойства Паўла Шарамета - нелагічнае, незразумелае і «няправільнае», гэта значыць, такое, якое не ўпісваецца ў рамкі здаровага сэнсу. Ягоная журналісцкая дзейнасць, мяркуючы з усяго, не магла быць настолькі небяспечнай. Бытавыя матывы таксама не выглядаюць досыць важкімі. Калі казаць аб тэроры і запалохванні калегаў, то кандыдатура Шарамета для гэтага таксама не выглядае самай найлепшай.

Мы, вядома, не следчыя і не маем неабходнай кваліфікацыі, але тое, што бачыцца з боку, выглядае абсалютна незразумелым. Таму сапраўдныя прычыны забойства хаваюцца недзе за межамі публічнай інфармацыі. Ці гэта было памылковае забойства, то бок, цалялі не ў яго. Спадзяемся, што ва Украіне яшчэ ёсць следчыя, якія ў стане гэта высветліць.

Алена Белазерская, баец Украінскай добраахвотніцкага войска, блогер:

- Прашу не ўспрымаць мой каментар як спробу як-небудзь ачарніць памяць загінулага, але на месцы следчых я пачала б з праверкі фінансавых матываў забойства. Я не была асабіста знаёмая з Паўлам Шараметам і мала ведаю пра абставіны ягонага жыцця, але часцей за ўсё ва Украіне заказныя забойствы звязаныя з вялікімі грашыма. Палітычных забойстваў у нас вельмі мала, і вядуцца яны, як правіла, на загад расейскіх спецслужбаў з мэтай выклікаць дэстабілізацыю ва Украіне.

Павел Шарамет здаецца мне непадыходнай ахвярай для гэтага: ягонае забойства само па сабе не магло прывесці да сур'ёзнай дэстабілізацыі. Ну, або чакаем у найбліжэйшай будучыні новых (амаль напэўна фальшывых) довадаў дачынення да смерці журналіста каго-небудзь з топавых украінскіх палітыкаў. Тады ўсё магчыма.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках