16 красавiка 2024, aўторак, 15:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы: Чырвонае віно і шакалад абараняюць мозг

15
Навукоўцы: Чырвонае віно і шакалад абараняюць мозг

Натуральны антыаксідант рэсвератрол, які змяшчаецца ў шакаладзе і чырвоным віне, дапамагае затармазіць развіццё нейрадэгенератыўнага захворвання.

Вынікі даследавання навукоўцаў з Медыцынскага цэнтра Джорджтаўнскага ўніверсітэта прадэманстраваныя на Міжнароднай канферэнцыі Асацыяцыі ў вывучэнні хваробы Альцгеймера, якая праходзіла ў Таронта, паведамляе gogetnews.info.

Папярэднія даследаванні прымусілі выказаць здагадку, што вялікую ролю ў развіцці хваробы (акрамя фармавання ў клетках галаўнога мозгу нагрувашчвання анамальных бялкоў) адыгрываюць малекулы, што выдзяляюцца імуннымі клеткамі. Гэтыя запаленчыя малекулы пранікаюць у тканках мозгу, пераадольваючы гематаэнцэфалічны бар'ер (фізіялагічную перашкоду паміж крывяноснай і цэнтральнай нервовай сістэмамі). У выніку ў тканках мозгу ўзнікае запаленне і гінуць нейроны.

Падчас даследавання 19 пацыентаў з сярэднімі сімптомамі хваробы Альцгеймера штодня цягам года прымалі вельмі высокую дозу чыстага сінтэзаванага рэсвератрола, эквівалентную колькасці гэтага рэчыва, што ўтрымліваецца ў тысячы бутэлек чырвонага віна. Такая ж колькасць пацыентаў пры гэтым атрымлівала плацэба. Затым даследчыкі вывучылі склад спіннамазгавой вадкасці (ліквора) удзельнікаў.

Аналіз паказаў, што ў лікворы хворых, ужываўшых рэсвератрол, узровень спецыфічнага ферменту MMP-9 на 50% ніжэйшы, чым у спіннамазгавой вадкасці атрымліваўшых плацэба. Узровень MMP-9 звязаны са шчыльнасцю гематаэнцэфалічнага бар'ера.

Калі ўзровень MMP-9 высокі, бар'ер руйнуецца, дазваляючы бялкам і малекулам, якія цыркулююць у крыві, свабодна паступаць у мозг. Пры нізкім MMP-9 бар'ер застаецца непранікальным. Даследаванне таксама прадэманстравала, што ва ўжываўшых рэсвератрол затармазілася зніжэнне разумовых здольнасцяў, а памер галаўнога мозгу паменшыўся, што сведчыць аб змяншэнні запалення.

«Атрыманыя намі звесткі пацвярджаюць, што рэсвератрол адыгрывае ролю кантралёра на мяжы мозгу. Гэта рэчыва не прапускае ў мозг імунныя малекулы, якія выклікаюць запаленне і забіваюць нейроны», - патлумачыў адзін з аўтараў даследавання неўролаг Чарбел Муса (Charbel Moussa).

Вывучэнне ўплыву рэсвератрола на пацыентаў з хваробай Альцгеймера будзе працягнутае, але, як адзначыў Муса, не варта думаць, што гэта рэчыва можа стаць панацэяй ад захворвання. Рэсвератрол не здольны спыніць разбурэнне нейронаў клубкамі анамальных бялкоў, таму, хутчэй за ўсё, ужываць яго трэба будзе ў спалучэнні з прэпаратамі, накіраванымі супраць гэтых бялкоў.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках