29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы злавілі Ярмошыну на хлусні

50
Праваабаронцы злавілі Ярмошыну на хлусні
Лідзія Ярмошына
Фотa: bymedia.net

Фальсіфікацыі на «выбарах» пачаліся ўжо на этапе фармавання ўчастковых камісій.

Пры фармаванні ўчастковых выбарчых камісій быў відавочны дыскрымінацыйны падыход да прадстаўнікоў апазіцыйных партый. Такая выснова ўтрымліваецца ў аналітычнай справаздачы кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» паводле вынікаў назірання за фармаваннем участковых камісій, паведамляе БелаПАН.

Ініцыятарамі назірання, нагадаем, выступілі РГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і праваабарончы цэнтр «Вясна» (афіцыйна закрыты ўладамі).

Як паказана ў справаздачы, з 514 вылучаных прадстаўнікоў чатырох апазіцыйных партый (Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Аб'яднаная грамадзянская партыя і Партыя БНФ) у склад участковых камісій увайшлі толькі 53, або 10,3% ад колькасці вылучаных.

Варта адзначыць, што на прэс-канферэнцыі 29 ліпеня старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына назвала памылковыя звесткі. Яна, між іншым, паведаміла, што ў склад участковых камісій было вылучана 303 прадстаўнікі апазіцыйных партый і колькасць задаволеных заявак склала 17%. Аднак, як вынікае з інфармацыі, размешчанай на сайце ЦВК, 303 прадстаўнікі вылучылі толькі дзве апазіцыйныя структуры - Аб'яднаная грамадзянская партыя і Партыя БНФ. Апроч іх сваіх прадстаўнікоў у склад камісій таксама вылучалі апазіцыйныя Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» (169 чалавек) і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) (42). Такім чынам, агульная колькасць вылучаных апазіцыйнымі партыямі прадстаўнікоў склала 514 чалавек. Адпаведна, лік задаволеных заявак у выніку роўна 10,3%, а не 17%.

Як адзначаюць у сваёй справаздачы «Праваабаронцы за свабодныя выбары», з 3 773 прадстаўнікоў, вылучаных праўладнымі партыямі, у склад камісій уключаны 3 358 чалавек (89%). Ад пяці найбуйнейшых праўладных грамадскіх аб'яднанняў (Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, РГА «Белая Русь», Беларускі саюз жанчын, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі) было вылучана 27080 чалавек, а ў склад камісій увайшло 25546 (94%).

Агульная колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый ва ўчастковых камісій склала 53 чалавекі, або 0,08% ад агульнага складу сябраў участковых камісій, што нават менш, чым на парламенцкіх выбарах 2012 года (61 чалавек, або 0,1%), і прыкладна роўна колькасці прадстаўнікоў апазіцыі ў складзе ўчастковых камісій на парламенцкіх выбарах 2008-га (48 чалавек, або 0,07%).

Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што фармаванне ўчастковых камісій адбывалася на фоне шырока анансаваных ЦВК новых падыходаў, якія павінны прымяняцца адказнымі органамі: магчымасць прысутнасці назіральнікаў на паседжаннях органаў падчас фармавання камісій, абмеркаванне дзелавых і палітычных якасцяў вылучаных у камісіі прэтэндэнтаў, персанальнае галасаванне.

Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», гаворыцца ў справаздачы, мелі магчымасць бесперашкодна прысутнічаць на пасяджэннях органаў, адказных за фармаванне ўчастковых камісій. Пры гэтым на большасці пасяджэнняў склад участковых камісій «прымаўся спісачна, без абмеркавання вылучаных кандыдатаў, на некаторых паседжаннях асобы нават не прадстаўляліся, ім не давалася ніякіх характарыстык».

«Адсутнасць заканадаўча замацаваных крытэрыяў для прэтэндэнтаў у склад выбарчых камісій па-ранейшаму робіць магчымым суб'ектыўны падыход да персанальнага складу гэтых камісій. Пастанова ЦВК №18 на практыцы не спрыяла большаму палітычнаму плюралізму: як і падчас папярэдніх выбараў, пры фармаванні ўчастковых камісій перавага аддаецца прадстаўнікам праўладных палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў», - робяць выснову «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках