19 красавiка 2024, Пятніца, 8:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шэры ўвоз з РФ паўплываў на рэгістрацыю новых аўто ў Беларусі

5
Шэры ўвоз з РФ паўплываў на рэгістрацыю новых аўто ў Беларусі

Амаль палова новых аўтамабіляў была ўвезеная з РФ у сувязі з няроўнымі варункамі на рынку ў дзвюх краінах.

На прэс-канферэнцыі ў Менску старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА), дырэктар кампаніі «Атлант-М Фарцойгхандэль» (імпарцёр Volkswagen у Беларусі) Сяргей Міхневіч заявіў 7 ліпеня, што ў першым паўгоддзі ў Беларусі на траціну знізілася колькасць рэгістрацый новых аўтамабіляў за кошт зніжэння шэрага ўвозу, піша БелаПАН.

«Літаральна трэць рынку, а менавіта 33%, мы страцілі сёлета ў параўнанні з першым паўгоддзем мінулага года. Але гэты негатыўны трэнд мы можам разбавіць пазітывам - тым, што агулам падзенне рынку адбылося толькі ў сегменце шэрага ўвозу. Гэта значыць, аўтадылеры Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі прадалі ў першым паўгоддзі прыблізна такі ж аб'ём аўтамабіляў - прыблізна 12 з паловай тысяч», - адзначыў Міхневіч.

Паводле ягоных слоў, на шэры ўвоз прыпала блізу пяці тысяч рэгістрацый новых аўтамабіляў, што складае 20-25% рынку, у адрозненне ад мінулых гадоў, калі гэты паказчык дасягнуў 50%. «Таму можна сказаць, што падзенне рынку сёння - гэта бяда перагоншчыкаў, бяда ценявога сегмента аўтамабільнага рынку», - сказаў старшыня праўлення БАА.

У асацыяцыі спадзяюцца, што дасягнуты сёння аб'ём штомесячных продажаў захаваецца да канца года. «Ёсць меркаванне, што рынак продажаў новых аўтамабіляў у Беларусі ўвайшоў у нейкі адносна стабільны стан, лёс якога будзе залежаць ад фінансава-эканамічных вынікаў работы эканомікі краіны ў другім паўгоддзі. Наш аптымістычны прагноз да канца года - утрымацца на існым узроўні продажаў», - удакладніў Міхневіч.

Агулам, паводле ацэнак БАА, рынак продажаў новых легкавых і лёгкіх камерцыйных аўтамабіляў можа скласці сёлета ў Беларусі блізу 36 тысяч адзінак, «калі не адбудзецца нейкіх шокавых уплываў».

Паводле звестак БАА, найбольш прадаванымі ў першым квартале былі легкавыя аўтамабілі Volkswagen Polo (за першае паўгоддзе прададзена амаль дзве тысячы машын), за якімі размясціліся Renault Duster і Renault Sandero Stepway.

Нагадаем, паводле адзнак асацыяцыі, у 2015 годзе беларусы патрацілі за мяжой на куплю новых і былых ва ўжыванні аўтамабіляў блізу 1 млрд даляраў. Прычым 90% прыгнаных у краіну аўтамабіляў прыбылі з Расеі. У самой Беларусі аўтадылеры БАА павялічылі продажы новых аўтамабіляў на 6% да 26.190 адзінак. Аднак гэта тлумачыцца не ростам платаздольнасці насельніцтва, а ў першую чаргу падзеннем коштаў.

Што тычыцца сегмента новых машын, то іх усяго ў Беларусі за год было зарэгістравана блізу 50 тысяч. Такім чынам, адзначаюць у асацыяцыі, амаль палова новых аўтамабіляў была ўвезеная з Расеі ў сувязі з няроўнымі варункамі на рынку ў дзвюх краінах.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках