19 сакавiка 2024, aўторак, 7:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: У беларускім войску ёсць афіцэры-патрыёты

29
Мікалай Статкевіч: У беларускім войску ёсць афіцэры-патрыёты
На мітынгу супраць ГКЧП перад Домам ураду
ФОТА УЛАДЗІМІРА Кармілкіна, vytoki.net

Беларусы павінны памятаць урокі путчу 1991 года.

Пра падзеі 19 жніўня 1991 года ў інтэрв'ю charter97.org успамінае адзін з лідараў апазіцыі, былы палітвязень Мікалай Статкевіч.

- 25 гадоў таму ў Савецкім Саюзе адбыўся жнівеньскі путч. Вы былі непасрэдным і актыўным удзельнікам тых падзей. Што тады адбывалася ў Беларусі?

- Тады Савецкі Саюз, быўшы шматнацыянальнай краінай, страціў агульную аб'яднальную камуністычную ідэю. Галоснасць знішчыла гэты падмурак. Намі, групай беларускіх афіцэраў, ужо прагназавалася, што Савецкі Саюз распадзецца. Мы баяліся, што вайскоўцы пачнуць гэтаму супраціўляцца метадамі агульнага войска, як здарылася ў Югаславіі, што прывяло да крывавай грамадзянскай вайны.

Таму група беларускіх афіцэраў пачала працу для стварэння беларускага войска. Спачатку я друкаваў у сродках масавай інфармацыі матэрыялы пад псеўданімам, а з вясны 1991 года пачаў пісаць адкрыта. Разам з імкненнем нацыянальных рэспублік да свабоды мацнела і рэакцыя ўладаў, ішоў супраціў. На той момант я ўжо выйшаў з Кампартыі. Зрабіў гэта зімой 91-га, пасля таго як у Вільні каля тэлевышкі танкамі ціснулі людзей.

Потым я наважыў уступіць у Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду, дзе была фракцыя вайскоўцаў. Калі мы 19 жніўня даведаліся, што ўлада захопленая путчыстамі, то наважылі паскорыць стварэнне арганізацыі беларускіх афіцэраў. У гэты ж дзень мы, у асноўным, вайскоўцы запасу і двое кадравых, сабраліся разам. Адзін маёр потым спалохаўся і знік, я застаўся адзін з кадравых.

Разам з тагачасным старэйшым лейтэнантам запасу Сяргеем Чысловым і падпалкоўнікам запасу Генадзем Банкевічам была прынятая пастанова абвясціць аб стварэнні арганізацыі беларускіх афіцэраў. Матывацыя была простай: мы не ведалі, што будзе заўтра, але хацелі і павінны былі аказаць супраціў путчу. Я павінен быў звяртацца да вайскоўцаў. Калі гэта робіць афіцэр, то гэта нашмат больш эфектыўна, чым калі да войска звяртаюцца грамадзянскія людзі.

Раніцай, 20 жніўня, мы сабраліся ў адной з аўдыторый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На прапанову прадстаўніка БНФ Віктара Івашкевіча для арганізацыі была абраная назва «Беларускае згуртаванне вайскоўцаў», таксама была напісаная дэкларацыя з мэтамі незалежнага беларускага войска і прыняты зварот да вайскоўцаў Беларускай вайсковай акругі. Гэтыя дакументы свабодныя прафзвязы размножвалі і раздалі каля вайсковых частак. Мы прызначалі патрулі ля ўсіх вайсковых частак, каб ведаць, калі войска пойдзе ў цэнтр горада, бо планаваўся мітынг.

Журналіст Беларускага радыё Віталь Сямашка, які вёў моладзевую музычную праграму, прапанаваў мне выступіць у эфіры. Я прыехаў у памяшканне радыё, мы тройчы запісвалі мой зварот, бо ў аператара трэсліся рукі, да таго ж запісвалася ўсё на плёначныя бабіны, рвалася стужка, а іх начальнік увесь час забягаў у студыю і крычаў: «Вас усіх заб'юць сапёрнымі рыдлёўкамі!», бо менавіта так дэсантныя войскі ў Тбілісі за некалькі месяцаў да гэтага расправіліся з мірнай дэманстрацыяй.

Мой зварот пайшоў у эфір. Многія пачулі яго. Вечарам я выступіў з гэтым зваротам на мітынгу на плошчы Леніна. І не ведаю, праз якія каналы, але мой выступ трансляваўся на ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза.

Было вельмі мала часу і сітуацыя была нявызначаная, але мы зрабілі ўсё, што было ў нашых сілах. Я мяркую, што гэта нават больш, чым можна было патрабаваць ад чалавека ў такой сітуацыі.

Потым даведаўся, што пасля гэтага выступу, у сувязі з тым, што я заклікаў не выконваць загады вайскоўцаў, я падпадаў пад расстрэльны артыкул за здраду радзіме. Гэта ўважалася за падрыў абароназдольнасці войска.

Пасля паразы путчу былі надрукаваныя тэлефоны, па якіх прапаноўвалася рабіць даносы на тых, хто падтрымаў путч. І так я даведаўся, што генеральная пракуратура распачала супраць мяне справу, але праз два дні спыніла.

Я памятаю тую паніку, памятаю, як некаторыя прадстаўнікі вайсковай вучэльні, якія спрабавалі націснуць на мяне, потым тэлефанавалі і прасілі прабачэння. Яшчэ пару дзён таму казалі «вы ўчыняеце злачынства!», а потым крычалі «хунта абрынулася!» Усё гэта было. Такая здавалася б магутная краіна развалілася ад невялікага штуршка, бо падгніла знутры, у яе не было апоры.

І тыя, хто спадзяецца, што сённяшні беларускі рэжым назаўжды, павінны памятаць пра гэта. Беларусы павінны памятаць урок путчу, калі многія дзясяткі тысяч людзей у Маскве выйшлі супраць войска і танкаў, каб абараняць сваю свабоду. І яны здолелі атрымаць перамогу. Іншая справа, як яны распарадзіліся сваёй перамогай... Але яны змаглі. І беларусы таксама змаглі вярнуць сабе волю.

Я яшчэ раз нагадваю, што ў нас будзе шанец патрабаваць сапраўдных выбараў без гэтага відавочнага фарсу. Каму ён ужо цікавы? 12 верасня а 18.00 на Кастрычніцкай плошчы. Прыходзьце, разам мы пераможам!

ФОТА УЛАДЗІМІРА Кармілкіна, vytoki.net

- Як вам на фоне моцнага ўплыву камуністычнай ідэалогіі ўдалося захаваць нацыянальную самасвядомасць? Таму што гісторыя была перапісаная, дзецям з ранніх гадоў убівалі ў галовы фальшывыя ісціны.

- У апошнія дзесяцігоддзе перад распадам для многіх стала відавочным, што Савецкі Саюз зайшоў не туды і загнівае знутры. Людзі зразумелі, што патрэбныя альтэрнатыўныя выбары, што патрэбная дэмакратыя, эканамічныя рэформы, каб спыніць загніванне грамадства. Але калі здарылася перабудова, галоснасць адкрыла беларусам (тым, хто хацеў ведаць) вочы на сваю гісторыю.

Я тады зразумеў, што нашу нацыю свядома прыніжалі, замоўчвалі гісторыю і ўсе яе выбітныя факты. Нас, фактычна, знішчалі. Гэта мяне вельмі абурыла і я наважыў супрацьстаяць гэтаму. Менавіта таму ў 1990 годзе мы стварылі групу афіцэраў у вайсковай вучэльні. Гэта былі прафесіяналы. Наогул, беларускі вайсковы рух стваралі паспяховыя афіцэры. Калі ў Расеі і Украіне гэта былі афіцэры, кар'ера якіх пайшла ўніз, то ў нас у пэўнай ступені гэта былі ідэалісты, людзі з вялікім пачуццём адказнасці за сваю нацыю.

Я думаю, што Савецкі Саюз проста не паспеў знішчыць у нас гэта нацыянальнае. І калі мы атрымалі альтэрнатыўную інфармацыю пра свой народ, пра яго мінулае, то гэта спарадзіла ў нас жаданне дзейнічаць.

У 1990-м годзе я распрацаваў канцэпцыю стварэння беларускага войска і нават здолеў яе надрукаваць у газеце «Літаратура і мастацтва», якая тады адважылася гэта зрабіць, дзякуючы Анатолю Вярцінскаму, дэпутату Вярхоўнага Савета і вядомаму беларускаму паэту, чалавеку з вялікай літары. Я яму вельмі ўдзячны.

Мы хацелі закласці падмурак, абудзіць нацыянальную самасвядомасць, даць прыклад барацьбы за нашу краіну, каб ён потым натхняў патрыётаў, і мы нарэшце атрымалі незалежную Беларусь. Мы рабілі ўсё магчымае, каб у гісторыі застаўся гэты факт: беларускія афіцэры-патрыёты, якія змагаюцца за сваю нацыю.

- Наша войска ў значнай ступені інтэграванае з расейскім, створаная «саюзная дзяржава». У выпадку расейскага вайсковага ўварвання ў нас знойдуцца такія ж смелыя патрыёты?

- Тады знайшліся афіцэры, якія захацелі служыць свайму народу. І я ўпэўнены, што ў сённяшнім беларускім войску, нягледзячы на гэтыя прысягі Лукашэнкі, на гэтую антынацыянальную палітыку, такія патрыёты знойдуцца!

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках