29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вячаслаў Кебіч: З СССР вывезлі 20 падводных лодак з скарбамі

36
Вячаслаў Кебіч: З СССР вывезлі 20 падводных лодак з скарбамі
Фото: tut.by

Што было б, калі б у жніўні 1991 года ГКЧП перамог? Што было б з Беларуссю, у якой краіне мы жылі б? Які лёс чакаў бы Беларусь?

Тагачасны старшыня Савета міністраў Вячаслаў Кебіч на просьбу «Радыё Свабода» ўспомніць падзеі 19 жніўня 1991 года пажартаваў:

«Вы думаеце, што я ўдзельнік путчу? Я, наадварот, схаваўся ад гэтага путчу, каб не браць ніякага ўдзелу. Я быў у адпачынку, але знаходзіўся ў Беларусі, у Драздах.

Старшыня Вярхоўнага Савету 12-га склікання Мікалай Іванавіч Дземянцей быў на месцы. Калі я, фармальна яшчэ адпускнік, даведаўся пра ГКЧП і ўбачыў “Лебядзінае возера” на тэлебачанні, патэлефанаваў Дземянцею і спытаў: якая абстаноўка ў краіне, можа, мне прыехаць? Дземянцей адказаў, што не трэба, маўляў, адпачывай. Дарэчы, Дземянцей не падтрымаў гэтую лухту. Гэта ж было адразу відаць, як кажуць, каню зразумела, што гэта быў дрэнна згуляны спектакль. А ўсе астатнія кіраўнікі схаваліся “ў кусты”, чакалі, чым усё скончыцца. Што тычыцца кіраўніцтва кампартыі, я не хачу даваць персанальныя характарыстыкі, але якія там былі сакратары? Партыя да гэтага часу ўжо была практычна разгромленая. Усе заціхарыліся і сядзелі як мышы пад венікам.

Я глыбока перакананы, што путч быў арганізаваны самім Гарбачовым. Я ж потым быў у Фаросе, сустракаўся з палкоўнікам – кіраўніком аховы, ягонае прозвішча Талстой. Я сустракаўся з камандзірам берагавой аховы, з гаспадыняй лецішча, дзе Гарбачоў знаходзіўся. Я бачыў гэты прымач, па якім ён нібыта слухаў навіны і які знайшлі на гарышчы – “Селга” завецца, нармальны прымач, і ў мяне калісьці такі быў. Ніхто Гарбачова не ўтрымліваў, ніхто не кантраляваў – усе свабодна хадзілі, гулялі па тэрыторыі. А карабель на рэйдзе стаяў. Я ж гэта не прыдумаў – я размаўляў з людзьмі. І ніякай там аховы не было, ніхто не адключаў сувязь. Дарэчы, на тэлеканале “Расея 24” выступаў Валянцін Фалін, у той час ён быў палітычным дарадцам у Гарбачова. Фалін апавядае, як усё гэта было дамоўлена».

На пытанне, што было б, калі путчысты перамаглі, Кебіч адказаў, што ўсё адно Савецкі Саюз разваліўся б, прычым яшчэ хутчэй:

«Таму што намеры былі ўжо і ў нас такія. Я асабіста цярпець Гарбачова не мог, і нават сёння, калі яго бачу, мяне верне, ванітуе. Колькі ён раскраў – у мяне ёсць звесткі. Але гэта асобная размова. Колькі дабра было вывезена? Адкуль Фонд Гарбачова з'явіўся? Столькі раскрадзена было. Тады кралі больш, чым сёння крадуць у Расеі. 20 падводных лодак з каштоўнасцямі, скарбамі сышлі, і нават пустыя лодкі не вярнулі.

Так што рэжысура, можа, і добрая была. Але артысты не тыя былі, дрэнна згулялі. Калі б акцёры лепшыя былі, магло быць па-іншаму, Савецкі Саюз не разваліўся б. Але наўрад ці жылі б мы ў той самай краіне. Тады ўжо былі моцныя нацыяналістычныя тэндэнцыі. Краіны Балтыі сышлі, Украіна таксама. Малдовы, лічы, не было ўжо ў складзе Саюза. І засталіся б Казахстан і з ім Сярэдняя Азія. Гэта значыць фактычна ўжо не было Саюза. Як, дарэчы, няма цяпер і “саюзнай дзяржавы”. Ёсць воля двух кіраўнікоў. Заўтра адзін з іх “узбрыкне”, і скончыцца “саюзная дзяржава”.

Быў яшчэ трэці чалавек, якога нельга выключаць – Ельцын, які на фоне гэтых ільвоў, што б'юцца, надумаў прыйсці да ўлады... Але гэта ўжо постфактум. Нічога не пераробіш, і шкадаваць не трэба, што так усё адбылося».

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках