25 красавiка 2024, Чацвер, 23:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чыстка» старых сяброў: Пуцін мацней чапляецца за ўладу

6
«Чыстка» старых сяброў: Пуцін мацней чапляецца за ўладу
ФОТA: ТАСС

Пуціну давядзецца займацца больш тонкай эквілібрыстыкай, а сваркі паміж фракцыямі эліты стануць больш лютымі.

У верасні ў Расеі адбудуцца парламенцкія выбары, але палітычныя аналітыкі аддаюць больш увагі пераменам у найбліжэйшым атачэнні Уладзіміра Пуціна, піша карэспандэнт The Guardian Шон Уокер (пераклад – InoPressa). Мяркуецца, што вынік выбараў прадвызначаны, але сейсмічныя ваганні ў Крамлі нашмат важнейшыя, тлумачыць ён.

"На мінулым тыдні адзін з найстарэйшых хаўруснікаў прэзідэнта, кіраўнік ягонай адміністрацыі Сяргей Іваноў, быў заменены на ягонага ж намесніка Антона Вайно, які мае рэпутацыю здольнага тэхнакрата, але ягоная палітычная вага невялікая. Іваноў, які, як і Пуцін, служыў у КДБ (і калісьці меркаваўся патэнцыйным пераемнікам Пуціна), атрымаў зневажальнае, як уяўляецца, паніжэнне ў службе – прызначэнне спецпрадстаўніком прэзідэнта ў пытаннях экалогіі і транспарту", – гаворыцца ў артыкуле.

Выданне зазначае, што да Іванова былі адціснутыя яшчэ некалькі "старых сяброў Пуціна". Аўтар згадвае пра Віктара Іванова і Уладзіміра Якуніна.

"Аналітыкі спрачаюцца наконт прычынаў пераменаў. Адны мяркуюць, што людзей кшталту Сяргея Іванова пераводзяць на іншыя пасады, каб нейтралізаваць патэнцыйныя колы апазіцыі да Пуціна сярод ягоных старых сяброў. Іншыя не згодныя з гэтай гіпотэзай", – гаворыцца ў артыкуле. "Лаяльнейшых, чым гэтыя людзі, нікога няма; яны так доўга пратрымаліся менавіта дзякуючы сваёй вялізнай лаяльнасці", – кажа палітолаг Кацярына Шульман.

Газета таксама прыводзіць меркаванне Глеба Паўлоўскага, які прапрацаваў у Крамлі больш за 10 гадоў: "Адзіны агульны элемент новых прызначэнцаў – у тым, што гэта людзі без якой-небудзь палітычнай ідэнтычнасці і палітычнай вагі. Пуцінскія сябры, якія знаходзіліся ў ягоным атачэнні, былі прынамсі неафіцыйным стрыманнем. Калі адсутнічаюць нават неафіцыйныя стрыманні, гэта небяспечна. Цэнтр вызваляецца ад усіх абмежаванняў, а гэта непазбежна небяспечна".

Паводле звестак аўтара, нават крыніцы, блізкія да Крамля, паняцця не маюць, у чым рэальныя прычыны кадравых перастановак. Некаторыя нават мяркуюць, што афіцыйная версія адстаўкі Іванова праўдзівая – што той проста стаміўся ад працы на гэтай пасадзе.

Тым часам краіна рыхтуецца да парламенцкіх выбараў. На думку аўтара, ганенні на дэманстрацыі і ўвязненне ў турме многіх лідараў пратэставых акцый 2011 года прывялі да таго, што пратэставы рух страціў энэргію. Барыс Нямцоў быў забіты, а чальцы нешматлікай і гнанай апазіцыі змарнавалі багата сілаў на міжусобіцу.

І ўсё-такі несістэмныя апазіцыйныя партыі абвяшчаюць, што спрабаваць балатавацца на выбарах варта, хоць абставіны працуюць супраць гэтага.

«У цэнтры Масквы Марыя Баронава балатуецца ў якасці незалежнага кандыдата ў дэпутаты, яе падтрымлівае фонд алігарха-выгнанца Хадаркоўскага “Адзіная Расея”», – піша выданне.

Газета зазначае: «Рэйтынг Пуціна застаецца высокім, але падтрымка “Адзінай Расеі” невысокая. І ўсё-такі людзі схільныя хутчэй да апатыі, чым да пратэставага галасавання». На думку аўтара, несістэмнай апазіцыі будзе вельмі нялёгка атрымаць хоць некалькі мандатаў, дый тое ў Дзярждуме ейны голас патоне ў хоры лаяльных прыхільнікаў улады.

«Кіроўны клас жыве ў сваім уласным свеце, у поўнай ізаляцыі ад народа, – кажа Паўлоўскі. – Ва ўрада няма выканаўчай улады, парламент несапраўдны, судовай сістэмы няма. Гэта канец сістэмы, якая працавала 15 гадоў. Калі ў 2000-х мы запусцілі так званую “кіраваную дэмакратыю”, меркавалася, што яна будзе часовай, пераходнай мадэллю».

Баронава, са свайго боку, заявіла: "Калі мы цяпер будзем праводзіць кампаніі і пачынаць праекты, то праз 10 гадоў у нас будуць людзі, здольныя ўзяць краіну ў свае рукі ў патэнцыйны крызісны перыяд".

Большасць аналітыкаў не чакае краху расейскай сістэмы ў найбліжэйшы час, але Пуціну, верагодна, давядзецца займацца больш тонкай эквілібрыстыкай, а сваркі паміж фракцыямі эліты стануць больш лютымі і заўважнымі, прагназуе выданне.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках