28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ніякай падтрымкі хунце!

Ніякай падтрымкі хунце!
Сяргей Астраўцоў

З такім заклікам на першай старонцы ў дні ГКЧП выйшла беларуская газэта «Свабода».

Антон Трафімовіч напісаў пра тры беларускія газэты, якія выступілі супраць путчу. Трэба ўдакладніць – тры дзяржаўныя выданьні. «Свабода» была незалежнай газэтай, але менавіта зь яе пачыналі знаёмства з прэсай. І дэпутаты Вярхоўнага Савету, і чыноўнікі, і проста людзі. Гэта тлумачыцца талентам і аўтарытэтам рэдактара – Ігара Герменчука, які быў дэпутатам ВС і якога ведалі як яркага прадстаўніка апазыцыі ў парлямэнце.

Выходзіла «Свабода» нерэгулярна, магчыма, таму і не патрапіла ў шэраг выданьняў, што адразу выступілі супраць путчу. Таму ўдакладненьня патрабуе і дата выхаду таго нумару, слоган якога адразу стаў крылатым. Паспрабую рэканструяваць храналёгію падзеяў.

Так супала, што новы нумар у жнівеньскія дні 1991-га быў падрыхтаваны перад тым, як у Маскве адбыўся путч. Газэту вазілі друкаваць у Магілёў – адзінае месца, дзе ўдалося дамовіцца з друкарняй.

Сяргей Харэўскі быў мастацкім рэдактарам выданьня і тыя дні ўспамінае як самы яркі момант супольнай працы з Ігарам Герменчуком: «Мы працавалі дапазна, вярсталі, зрабілі макет і я з гэтым макетам паехаў у друкарню ў Магілёў. Я здаў макет, прыходжу да дырэктара, было 19-га, а ён пытаецца: а хіба ты ня ведаеш? Вось у Маскве такія справы. Я кажу: ну дык напэўна ж давядзецца мяняць першую старонку…»

Што было далей? Харэўскі патэлефанаваў з кабінэту дырэктара друкарні Герменчуку: «Ён падзякаваў, што я патэлефанаваў, сказаў: давай тады тэрмінова загаловак на першую. А я: а вось «Ніякай падтрымкі хунце!» Ён кажа: клас, а што тады будзеш маляваць? Бог яго ведае, ну давай, сходу, за лічаныя хвіліны, намалюю: генэрал спрабуе выпіць мора, нешта такое».

У Герменчука былі абавязкі ў апазыцыйнай фракцыі БНФ у парлямэнце. І ў артыкуле «Апазыцыя патрабуе скліканьня сэсіі» на зьмененай першай старонцы ён распавёў пра гутарку шасьці дэпутатаў з кіраўніком ВС Дземянцеем, які адразу прызнаў ГКЧП. Дэпутаты ад БНФ прыйшлі да яго раніцай 19-га. Яны патрабавалі ад Дземянцея склікаць парлямэнт, каб той мог заявіць аб незаконнасьці ГКЧП.

Гермянчук: «Выходзіць, што Вы прызнаяце законнасьць камітэту на чале зь Янаевым і будзеце выконваць яго распараджэньні?»

Дземянцей: «А што Вы хочаце, каб я выконваў?»

Гермянчук: «Канстытуцыю і законы, а ня ўказы незаконнага камітэту. У Маскве на вуліцах ужо бронетэхніка. Вашае бязьдзеяньне можа прывесьці да таго, што танкі зьявяцца на вуліцах Беларусі».

У матэрыяле «Што скажа Беларусь?» гаварылася аб тым, што ўвечары 19 жніўня на сумесным пасяджэньні кіраўніцтва апазыцыйных партый і менскага гарадзкога страйкаму было вырашана падтрымаць заклік Ельцына і распачаць бестэрміновы страйк.

Першую старонку перавярсталі, даставілі ў Магілёў зьмененую паласу. За гэта адказваў Віктар Корзун. «Канечне, гэта было баявое хрышчэньне», кажа Харэўскі.

Храналёгія падзеяў 19 жніўня ва ўспамінах Паўла Жука, выдаўца: «Нумар зрабілі 18-га і адправілі ў друк. Раніцай 19-га я павінен быў забіраць. Прачынаюся, жонка гаворыць: штосьці музыка, «Лебядзінае возера»… Я званю ў Магілёў, там не падымаюць. Думаю: усё ясна, друкаваць ня будуць ні пры якіх умовах. Але трэба ехаць на месца. У Магілёве шукаю дырэктара друкарні, няма. Знайшоў на дачы ў лесе. Газэта ж прыйшла яшчэ да путчу, кажу, дай паперку, што я магу са сваёй газэтай вырашыць пытаньне. З друкарамі сам дамоўлюся. 20-га друкуюць нумар. А тут — і плошча, і ўсё. А ў нас газэта: путч ня пройдзе! Прывожу тыраж на плошчу. Ён увесь на плошчы і разьляцеўся, нават ня трапіў у «Саюздрук». Гэта было 21-га. Тысячы людзей былі на плошчы».

Такім чынам, незалежная «Свабода» з загалоўкам «Ніякай падтрымкі хунце!» выйшла з друку 20 жніўня. Затрымка з дастаўкай у Менск на дзень тлумачыцца тым што друкавацца яна вымушаная была «са скрыпам» і ў Магілёве.

Сяргей Астраўцоў, «Радыё Свабода»

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках