28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Кебіч меў пачуццё сораму ў адрозненне ад Лукашэнкі

7
Станіслаў Шушкевіч: Кебіч меў пачуццё сораму ў адрозненне ад Лукашэнкі
Станіслаў Шушкевіч
ФОТА: KP.BY

Выступаючы супраць дэмакратыі, Кебіч дапамог не сабе, а дыктатару.

Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» заявіў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

– Пётр Садоўскі ў сваёй кнізе «Мой шыбалет» піша, што яму здаецца, што Зянон Пазняк зрабіў пэўны станоўчы ўплыў на Ваш лёс. Ці згодныя Вы?

– Так. Бясспрэчна, Зянон Пазняк зрабіў на мой лёс вялікі ўплыў. Хоць я ўсе гады быў падпісчыкам газеты «Літаратура і мастацтва», але я не прачытаў нічога пра Курапаты, калі быў той артыкул надрукаваны. У мяне была вельмі цікавая праца. Я ў 7 гадзінаў выходзіў з дому, у найлепшым выпадку ў 11 гадзінаў вяртаўся. Мае фізічныя прыкладныя даследаванні былі для мяне асновай жыцця. Я не заўважаў нічога іншага. І не заўважыў, што быў Зянон Пазняк і што былі Курапаты. Я адмаўляўся пастаянна быць вылучаным кандыдатам у народныя дэпутаты, але калі мяне тут ва ўніверсітэце вылучылі, і я не зняў сваю кандыдатуру, было тайнае галасаванне на сходзе з 600 чалавек. І я набраў 450 галасоў, другі прарэктар, выдатны чалавек, набраў 70 галасоў, і Зянон Пазняк, якога ніхто не ведаў, які не працаваў ва ўніверсітэце, набраў 50 галасоў. Мне стала сорамна, што я яго не ведаю. Я на наступны дзень пайшоў і знайшоў яго. Вельмі радаваўся, што я знаёмы, я ганарыўся, што ў нас ёсць такія людзі.

А пасля пачалася другая гісторыя. Я быў у захапленні ад Зянона Пазняка і ад таго, што зрабілі. А потым я вельмі пасябраваў з тымі, хто працаваў у інстытуце гісторыі. Гэта выдатныя людзі – Скалабан, Чарняўскі і іншыя, якія зрабілі вельмі шмат. І ўсе дасягненні адносіць на адрас Зянона Станіслававіча не зусім справядліва... Палітычнай каманды ў мяне не было, у мяне да гэтага захоўваецца мая фізіка-матэматычная каманда. Гэта мае сябры, якія мяне разумеюць. А ў палітычным сэнсе я не рыхтаваўся да такой працы. Мне сорамна, што я не пратэставаў супраць таго, што было ў Чэхаславакіі, што я не пратэставаў супраць таго, што адбывалася ў Саюзе. Дзякуй Богу, што былі гэтыя дысідэнты.

– А ў тыя час, калі Вы былі на чале беларускай дзяржавы, ці было што-небудзь, за што Вам сорамна?

– Тут, прабачце, не. Мне было сорамна за тое, што робіцца ў Беларускім Народным Фронце, што там быў адзін святы чалавек, а ўсе яго слухалі, дзякавалі і кланяліся. А за мае ўчынкі – ні за адзін, таму што я спачатку думаў, пасля пра гэта казаў, а потым прымаў пастановы.

– У сваёй кнізе пішаце пра тое, што трэба вучыцца на памылках мінулага і не паўтараць іх. Можна тады было не прапусціць Лукашэнку? Ці думалі Вы пра гэта?

– Я не думаў пра гэта, бо была чыстая здрада. Кебіч змагаўся са мной, я гэта зразумеў пазней, як з галоўным канкурэнтам. А я яго паважаў і меркаваў, што ён добры працаўнік, выключна добры чалавек, які ва ўрадзе самы разумны, які праводзіць нармальную палітыку, які цярпімы, які быў выдатным дырэктарам завода. Многа было ў яго такіх якасцяў, што можна было пазайздросціць. І я не разумеў, што таемна ён (гэта ж не Лукашэнка прыдумаў, што я цвікі скраў) гэта ўсё навыдумляў, а Лукашэнка абвесціў. Таму што Кебіч меў пачуццё сораму ў адрозненне ад Лукашэнкі, і не мог сказаць такія глупствы, што я скраў цвікі. А Лукашэнка мог, калгасныя меркі такія былі. Галоўным быў Кебіч, і гэта была тайная здрада. І тут ён перастараўся, выступаючы супраць мяне, ён дапамог не сабе, а Лукашэнку.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках