25 красавiка 2024, Чацвер, 4:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Луканоміка падвісла

19
Луканоміка падвісла

Аб вяртанні эканомікі нават да ўзроўню 2014 года гаворкі не ідзе.

Прыкметнага паляпшэння эканамічнай сітуацыі ў Беларусі ў найбліжэйшай будучыні чакаць не варта, мяркуюць экспэрты.

Найлепшы сцэнар, які можа рэалізавацца ў канцы 2016 пачатку 2017 года - вельмі павольны выхад на аднаўленне эканомікі.

«У найбліжэйшай будучыні рэцэсія працягнецца, эканоміка будзе па-ранейшаму знаходзіцца ў падвешаным стане. У выпадку рэалізацыі добрага сцэнарыя на найбліжэйшыя паўгода можа пачацца павольны выхад эканомікі з падзення. Шмат у чым гэта будзе залежаць ад таго, як будзе развівацца сітуацыя з пазыкамі», - распавёў Thinktanks.by эксперт Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Дзмітрый Крук.

Раней экспэрт казаў, што высокі ўзровень унутранай і замежнай запазычанасці стварае значныя рызыкі для эканомікі нашай краіны. Справа ў тым, што замежную запазычанасць неабходна пагашаць у замежнай валюце ў той час як УБП Беларусі ў даляравым выражэнні за апошнія гады значна знізіўся. Што тычыцца ўнутранай запазычанасці, то адной з найбольш сур'ёзных цяжкасцяў з'яўляецца рост праблемнай запазычанасці, якая можа ў рэальнасці быць вышэйшай, чым паказвае афіцыйная статыстыка.

Са слоў Дзмітрыя Крука, аднаўленне эканомікі магчыма не таму, што з'явіліся новыя драйверы росту, а за кошт эфекту нізкай базы: «Калі вельмі моцна падаеш, з больш нізкага ўзроўню прасцей расці. Сёння наша эканоміка знаходзіцца ў кропцы ніжэйшай за ўзровень 2014 года, і пра тое, каб вярнуцца да яго гаворка пакуль не ідзе. Хутчэй можна казаць аб некаторай стабілізацыі пасля спаду».

Экспэрт выказаў здагадку, што Нацбанк і ўрад змогуць дамагчыся планавага паказчыка паводле інфляцыі на гэты год сумаю 12%. «Але гэта не той паказчык, якім можна выхваляцца. Так, у параўнанні з 2011 годам адбываецца запаволенне інфляцыі. Аднак паказчык 12% па міжнародных мерках - зусім не маленькі. І самае галоўнае, што такая інфляцыя адбываецца на фоне эканамічнага спаду. Попыт у краіне сціскаецца, а кошты працягваюць расці», - адзначыў Дзмітрый Крук.

У будучыні сітуацыя з інфляцыяй будзе залежаць ад таго, ці зможа Нацбанк працягваць правядзенне жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі. «Не выключана, што пад ціскам з боку рэальнага сектара ўсё можа вярнуцца на кругі свая, і Нацбанк будзе вымушаны праводзіць больш мяккую палітыку для стымулявання паказчыкаў росту. А гэта можа прывесці да новага вітка інфляцыі», - выказаў меркаванне экспэрт.

Дасягнутыя нядаўна дамоўленасці паміж Беларуссю і Расеяй аб зніжэнні цаны на газ не прывядуць да значных паляпшэнняў у эканоміцы нашай краіны. «Новая цана на газ дапаможа трохі падправіць гандлёвы баланс, падтрымаць аб'ёмы валютнага даходу. Але яна не з'яўляецца доўгатэрміновай устойлівай канкурэнтнай перавагай. Калі яна і стане драйверам, то не больш чым на паўгода», - мяркуе Дзмітрый Крук.

Са слоў эксперта, у гэтых умовах фінансавае становішча насельніцтва наўрад ці палепшыцца, бо «заробак у рэальным выражэнні застанецца ў замарожаным стане, нават калі ў намінальным выражэнні будуць зробленыя пэўныя карэкціроўкі».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках