Пад Менскам маршрутка з пасажырамі сутыкнулася з грузавіком
1- 30.08.2016, 11:35
- 5,384
Шэсць пасажыраў маршруткі былі шпіталізаваныя.
Аварыя адбылася сёння раніцай на 14-м км трасы М4 (Менск - Магілёў). Нашы чытачы бачылі наступствы ДТЗ: моцна пашкоджаны мікрааўтобус на абочыне, на месцы працавалі выратавальнікі, прыехала некалькі брыгад хуткай дапамогі, супрацоўнікі ДАІ. Высветлілася, што маршрутка сутыкнулася з грузавіком, ёсць пацярпелыя, піша onliner.by.
- Траса Менск - Магілёў, у бок Менска, пасля выезду з Соснаў. Мікрааўтобус з цалкам пабітым перадам. 4 аўтамабілі хуткай дапамогі і ДАІ, - распавёў карыстальнік форуму з нікам besenok1.
- Недалёка ад 14-га км. Маршрутка моцна пакамячаная. На месцы МНС, хуткая, ДАІ. Бліжэй да Соснаў налічыў яшчэ некалькі дробных ДТЗ, - дадаў чытач з нікам IvanNovik.
Папярэднюю інфармацыю пра здарэнне карэспандэнту паведаміла старшая інспектарка ДАІ Заводскага раёна Таццяна Лапко.
- Мікрааўтобус Volkswagen, маршрутнае таксі, рухаўся па трасе М4 у напрамку Менска. На 14-м км аўтадарогі, пасля таго як праехалі пасёлак Сосны, у другой справа паласе адбылося сутыкненне з грузавым аўтамабілем Scania. Удар быў моцным, мікрааўтобус скамячыла і адкінула, - распавялі ў ДАІ.
У маршрутцы знаходзіліся кіроўца і сямёра пасажыраў. У выніку ДТЗ шасцёра чалавек дастаўлены ў бальніцу, дваім дапамогу аказалі на месцы, ад шпіталізацыі яны адмовіліся. Кіроўца Scania не пацярпеў.