24 красавiка 2024, Серада, 4:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З Apple спагналі 13 мільярдаў еўраў на карысць Ірландыі

З Apple спагналі 13 мільярдаў еўраў на карысць Ірландыі
ФОТА: REUTERS

Рэкордная сума спагнаная ў якасці кампенсацыі страт, якія ірландская эканоміка панесла праз недаатрыманыя падаткі.

Антыманапольнае расследаванне, паводле вынікаў якога прынятая пастанова, доўжылася тры гады, паведамляе расейская служба BBC.

Падчас яго еўрапейскія чыноўнікі прыйшлі да высновы, што амерыканская кампанія атрымлівала неабгрунтаваныя падатковыя льготы ў Ірландыі, што дазваляла ёй плаціць істотна менш падаткаў, чым канкурэнты.

У адпаведнасці з заканадаўствам ЕЗ, падатковыя органы асобных краін не маюць права надаваць падатковыя зніжкі абраным кампаніям, бо гэта ўважаецца за незаконную дзяржаўную дапамогу.

Паводле звестак ЕЗ, паводле пастановы ўрада Ірландыі ў 1991 і 2007 гадах кампаніі Apple было дазволена паменшыць сумы падатковых адлічэнняў у гэтай краіне.

Структура кампаніі дазваляла ёй законна праводзіць міжнародныя продажы праз Ірландыю і такім чынам скарыстацца гэтымі падатковымі льготамі.

Амерыка папярэджвае

Улады ЗША раскрытыкавалі расследаванне, якое вядзецца ў дачыненні да Apple і іншых амерыканскіх фірмаў.

На мінулым тыдні міністэрства фінансаў ЗША заявіла, што Еўрапейская камісія ператвараецца ў «наднацыянальны падатковы орган», які касуе падатковыя законы краін-удзельніц.

Амерыканскае Мінфінансаў папярэджвае, што Брусэль падыходзіць да амерыканскіх кампаній з асаблівымі меркамі, і што патэнцыйныя штрафы «моцна засмучаюць».

Міністэрства фінансаў ЗША заклапочанае тым, што калі падатковы штраф Еўразвязу выявіцца значным, кампанія збольшага кампенсуе яго за кошт падаткаў, якія яна павінна выплаціць у ЗША.

Пад кантролем

У сваю чаргу вядоўца праграмы BBC Today Дамінік О'Конэл адзначае, што гэтае судовае разбіральніцтва шмат у чым вызначыць будучыню сферы гандлю, паколькі гаворка ідзе пра ўзаемастасункі буйных кампаній з урадамі.

«Падатковае заканадаўства цяпер ужываецца да перамяшчэння фізічных тавараў, што пакідае для сучасных кампаній вялікія падатковыя шчыліны», - тлумачыць Дамінік О'Конэл.

«Кампаніі, падобныя Apple, такія вялікія, што краіны гатовыя пайсці на што заўгодна дзеля інвестыцый. Менавіта таму ЕЗ і хоча ўзяць пад кантроль міжнародных гігантаў, бо гэта не пад сілу асобным урадам», - кажа ён.

Apple - не адзіная кампанія, якая стала мішэнню ў сувязі з падатковымі пагадненнямі ў ЕЗ.

Летась Еўракамісія абавязала Нідэрланды спагнаць з кампаніі Starbucks 30 млн еўраў, а Люксембургу загадалі запытаць з кампаніі Fiat такую ж суму.

Патэнцыйна кампаніі Apple пагражае куды больш значны рахунак, аднак яе рэзерв наяўнасці перавышае 200 млрд даляраў, так што з выплатай праблем быць не павінна.

Аднак пасля пастановы суда кампанія можа перагледзець свае рахункі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках