23 красавiка 2024, aўторак, 21:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як ідуць справы са здароўем у нязменных кіраўнікоў СНД?

25

Узбекскі дыктатар пры смерці. З якімі праблемамі са здароўем сутыкаюцца іншыя нязменныя кіраўнікі постсавецкіх краін?

Супярэчлівыя навіны пра лёс 78-гадовага кіраўніка Узбекістана Іслама Карымава прадаўжаюць паступаць з Ташкента. Паведамленні аб ягонай смерці, якія з'явіліся раней, дагэтуль не пацверджаныя і не зняпраўджаныя афіцыйна.

Ва ўсякім выпадку гэтая гісторыя служыць лішнім пацверджаннем таго, што ніхто не вечны, у тым ліку і тыя, хто дзесяцігоддзямі ўтрымлівае ўладу ў адных руках.

«Салідарнасць» узгадала, з якімі праблемамі са здароўем сутыкаюцца іншыя нязменныя кіраўнікі постсавецкіх краін, якія знаходзяцца ва ўладзе больш за 15 гадоў.

Нурсултан Назарбаеў - 76 гадоў

Знаходзіцца ва ўладзе 24 гады. Упершыню ўвага прэсы да здароўя кіраўніка Казахстана была звернутая ў 2011 годзе, калі ў інтэрв'ю тэлеканалу «К-плюс» ягоны былы зяць Рахат Аліеў распавёў аб анкалагічных захворваннях Назарбаева.

Зноў пра цяжкую хваробу казахстанскага лідара загаварылі ў 2013-м.

Прэзідэнту Казахстана адводзілі ад шасці месяцаў да года жыцця, але, як бачым, прагноз трохгадовай даўнасці не спраўдзіўся.

Уладзімір Пуцін - 63 гады

Кіруе Расеяй у якасці прэзідэнта і прэм'ер-міністра 16 гадоў. За гэтыя гады ён не раз публічна дэманстраваў сваю добрую фізічную форму.

У 2012 годзе з'явіліся першыя паведамленні аб праблемах Пуціна са здароўем. Агенцтва Reuters, спаслаўшыся на высокапастаўленыя крыніцы ва ўрадзе РФ, паведаміла аб магчымай сур'ёзнай хваробе расейскага лідара.

Аб праблемах Пуціна з хрыбетнікам, праз якія ён не можа згуляць у хакей, у інтэрв'ю агенцтву ў лістападзе таго ж года распавёў Лукашэнка.

Пазней у сетцы з'явілася фота, зробленае падчас візіту Пуціна ў Турцыю. На здымку бачна, што пасля размовы з турэцкім прэзідэнтам Эрдаганам Пуцін з цяжкасцю ўстае з крэсла. Прэс-служба расейскага прэзідэнта не стала каментаваць фота.

У 2014 годзе New York Post са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамляла, што Уладзімір Пуцін магчыма лечыцца ад раку падстраўнікавай залозы. Выданне сцвярджала, што ягоным лекарам з'яўляецца спецыяліст з Дрэздэна, з якім кіраўнік РФ пазнаёміўся падчас службы ў Камітэце дзяржбяспекі ў ГДР.

У сакавіку 2015 года падчас перамоваў у Менску журналісты звярнулі ўвагу на ненатуральную хаду Пуціна. Спрэчкі аб стане ягонага здароўя сталі разгарацца з новай сілай.

Аляксандр Лукашэнка - 62 гады

Нязменна кіруе Беларуссю 22-і год. Чуткі аб праблемах з ягоным здароўем узнікаюць досыць часта.

Часцей за ўсё гэта адбываецца пасля чарговых прэзідэнцкіх «выбараў». Як, напрыклад, у сакавіку 2006-га, калі Лукашэнка надоўга знік з поля зроку СМІ. Праз некалькі гадоў у сетцы з'явіліся цытаты з дакладаў Wikileaks, з якіх вынікае, што дарадца казахстанскай амбасады Бахрам Ауанасаў распавёў амерыканскім дыпламатам аб анкалагічным захворванні, выяўленым у Лукашэнкі.

Амаль адзіны выпадак, калі інфармацыя аб стане здароўя Лукашэнкі друкавалася афіцыйна, адбыўся ў лістападзе 2014 года. Прэс-служба дыктатара паведаміла аб аперацыі на каленным суставе:

- Прычынай аперацыі стала спартовая траўма, атрыманая падчас адной з трэніровак у хакеі. Аперацыя была планавай, але праз шчыльны, насычаны графік Лукашэнку правесці яе раней не ўяўлялася магчымым.

Эмамалі Рахмон - 63 гады

Як і ягоны беларускі калега, пачаў сваю нязменную прэзідэнцкую эстафету ў 1994-м.

Інфармацыя пра стан ягонага здароўя таксама вельмі непразрыстая і часта становіцца аб'ектам спекуляцый. У тым ліку і стараннямі самага Рахмона.

Як паведамляла ў 2013 годзе расейскае агенцтва РІА «Новости», напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх «выбараў» у Таджыкістане папаўзлі чуткі пра хваробу нязменнага кіраўніка. Выявілася, што ён такім чынам хацеў пазбегнуць дадатковых папрокаў у выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурсу, сцвярджае агенцтва.

У Таджыкістане ходзяць чуткі аб невылечнай хваробе 28-гадовага сына прэзідэнта Рустама, якому бацька з дапамогай рэферэндуму гарантаваў магчымасць стаць прэзідэнтам у 2020-м.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках