24 красавiка 2024, Серада, 0:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Графіці з цытатай і партрэтам Якуба Коласа з'явіцца ў Берасці

Графіці з цытатай і партрэтам Якуба Коласа з'явіцца ў Берасці

Берасцейская мастачка прыступіць да працы ў верасні.

Малюнак з цытатай і партрэтам Якуба Коласа ў рамках праекта «Вулічныя вершы» з'явіцца ў Берасці на будынку на вуліцы Карбышава, 32, дзе цяпер размешчаная кавярня Paragraph, піша vb.by.

Аўтарка праекта берасцейская мастачка Ганна Яцкевіч плануе прыступіць да працы ў верасні.

Год таму Ганна Яцкевіч пачала працаваць над сваім праектам «Вулічныя вершы». Першапачаткова яна меркавала стварыць графіці з цытатамі вядомых беларускіх паэтаў Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа. Аднак выдзеленыя плошчы дазволілі пашырыць ідэю. І да арыгінальна аформленай цытаты дадаліся партрэты аўтараў.

Першым на сцяне дома па адрасе Маякоўскага, 46/1, з'явіўся партрэт Максіма Багдановіча з цытатай «Жывеш не вечна, чалавек, перажывi ж у момант век». Затым быў намаляваны партрэт Янкі Купалы на аднайменнай вуліцы з цытатай «Не шукай ты шчасця, долі на чужым, далёкiм полi». І вось завяршальны этап праекта - графіці з Якубам Коласам.

Малюнак з'явіцца на сцяне будынка на вуліцы Карбышава, 32. Гэтую плошчу з уласнай ініцыятывы выдзелілі ўладальнікі дома. Ім таксама належыць будынак на вул. Янкі Купалы, дзе ўжо красуецца праца Ганны. На сцяне дома мастачка плануе напісаць вядомую цытату Якуба Коласа з верша «Родны кут»: «Мой родны кут, як ты мне мiлы! Забыць цябе не маю сiлы!»

- У мяне пакуль няма эскіза партрэта Якуба Коласа. Справа ў тым, што першапачаткова праект меркаваў стварэнне графіці толькi з цытаты. Але, так як месца дазваляла, я дадавала і партрэты аўтараў слоў. Ці будзе партрэт Якуба Коласа, залежыць ад таго, колькі месца на будынку будзе прадстаўленае для малюнка, - кажа Ганна Яцкевіч.

Як распавяла мастачка, праект «Вулічныя вершы» яна прыдумала сама і сама прасоўвала яго да рэалізацыі. Адна з мэтаў - папулярызацыя беларускай мовы і культуры. А пачалося ўсё з замалёвак ў нататніку. Мастачка любіць эксперыментаваць, спалучаць надпісы ў незвычайным выглядзе. Так з невялікіх эскізаў на паперы нарадзілася ідэя праекта. Цяпер ён ужо рухаецца да сканчэння. Партрэт і цытата Якуба Коласа - апошні этап.

Ганна плануе пачынаць яго ў верасні. Дакладная дата залежыць ад таго, калі скончыцца рамонт будынка, на якім будзе выкананае графіці.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках