20 красавiка 2024, Субота, 9:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка расказаў АБСЕ, хто мае патрапіць у «парламент»

26
Лукашэнка расказаў АБСЕ, хто мае патрапіць у «парламент»

На сустрэчы з кіраўнікамі місіі назірання за «парламенцкімі выбарамі» ў Беларусі АБСЕ Аляксандр Лукашэнка зрабіў цікавыя заявы.

- Я вельмі зацікаўлены, каб у наш парламент прыйшлі сапраўдныя прафесіяналы. Усё адно, хто яны будуць сваімі палітычнымі перакананнямі. Паверце, у парламенце маюць працаваць людзі, якія ўмеюць працаваць і пісаць законы, - падкрэсліў Лукашэнка.

Мабыць, зразумеўшы двухсэнсоўнасць фразы аб «сапраўдных прафесіяналах», беларускі дыктатар паправіўся:

- Вы добра знаёмыя з парламенцкай працай. Я таксама быў дэпутатам. Гэта перш за ўсё заканатворчасць. І наш парламент гэтаму надае асноўную ўвагу. Гэта самая галоўная яго задача. І ў гэтым плане я зацікаўлены, каб там былі прафесіяналы. За тыя гады, калі я працую прэзідэнтам, я не магу сказаць, каб у нас быў непрафесійны парламент. Гэта былі патрыёты, якія шануюць сваю краіну і якія ўмеюць працаваць.

Праверым на трываласць сцвярджэнні дыктатара.

Па-першае, згадаем пра тое, як парламент апошняга склікання «надаваў асноўную ўвагу заканатворчасці». З кастрычніка 2012 года дэпутаты самастойна ініцыявалі і прынялі толькі тры законапраекты - 1% ад агульнага іх ліку.

Да ведама: 87% законаў прапанаваў урад, 12% - Аляксандр Лукашэнка.

Сваё меркаванне аб рэальных паўнамоцтвах парламента ў ліпені гэтага года «Салідарнасці» распавёў палітолаг Валер Карбалевіч:

- У нас дэпутаты нават не могуць самі законапраект прапанаваць без дазволу Адміністрацыі Лукашэнкі. Таму нават калі ўявіць, што ў Беларусі прайшлі сапраўды дэмакратычныя выбары, і большасць парламента была б у апазіцыі да прэзідэнта, то рэальна паўплываць на палітычныя працэсы яны б не мелі магчымасці.

Лукашэнка не ўпершыню выказвае свае пажаданні наконт таго, хто мае быць у парламенце.

- Трэба на такіх кандыдатаў рабіць стаўку. Калі ім будзе патрэбная падтрымка - значыць, трэба іх падтрымаць. Усё адно, якім палітычным плыням яны будуць належаць. Галоўнае, каб гэта былі сумленныя і прыстойныя людзі, - заяўляў Лукашэнка ў траўні сёлета.

Экспэрты ўспрымаюць такія заявы, як умяшанне ў выбарчы працэс.

- Дзяржава ў выбарчым працэсе павінна займаць нейтральную пазіцыю. І калі кіраўнік краіны дапускае такія заявы, то гэта азначае, што ў Беларусі няма дэмакратычнага і справядлівага волевыяўлення людзей. Гэта значыць, словы Аляксандра Лукашэнкі сведчаць, што выбараў у Беларусі няма, - адказаў Лукашэнка палітолаг Алесь Лагвінец, якога ЦВК не зарэгістраваў кандыдатам у дэпутаты.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках