«Каб у доме было ўтульна - вас клічуць на выбары!»
44- 31.08.2016, 17:52
- 12,423
Як ідэолагі завабліваюць на «выбары» ў «палатку».
Ідэолагі праз сваю місію не маглі застацца ў баку ад «важнай палітычнай падзеі» - выбараў у «парламент», і цяпер змагаюцца ў красамоўстве на розных конкурсах, пішуць naviny.by.
Важна заўважыць, што рыторыка змянілася. Зразумела, што праслаўляць эканамічныя дасягненні і казаць пра нейкі прарывы і цуды ўжо не даводзіцца, таму вертыкаль перайшла да духоўных дасягненняў.
Так, на мінулых прэзідэнцкіх «выбарах» актывісты БРСМ ганарыліся такімі дасягненнямі Беларусі, як «пошчак жаўрука і шум жыта».
У гэтай выбарчай кампаніі ідэолагі райцэнтра Акцябрскі Гомельскай вобласці запэўніваюць, што яны «ўсім сэрцам галасуюць і выступаюць за ўсё тое, што людзей разважных радуе». А менавіта - «за чыстыя воды, палі і лясы, за кветкі на лузе і за птушак у нябёсах».
З такім канцэртам, які закліканы заахвоціць выбаршчыкаў прыйсці на ўчасткі, выступіла «Агітбрыгада аўтаклуба Кастрычніцкага раёна» на занальным конкурсе аўтаклубаў, які прайшоў у жніўні ў Жыткавіцкім раёне.
За што яшчэ выступаюць ідэолагі і куды клічуць насельніцтва?
«Мы - за здаровую, шчаслівую і цвярозую нацыю, за сацыяльных праектаў рэалізацыю! За тысячы ў дапамогу працягнутых рук, за дабрабыт сям'і вакол!».
А каб усё гэта адбылося і каб «грошай ставала, і здароўе не пакутавала, і каб у хаце было ўтульна - вас на «выбары» клічуць!». «Вы на «выбары» ідзіце і суседзяў прыхапіце, свой грамадзянскі абавязак выканайце - «дэпутата» выберыце», - просяць электарат ідэалогі.