19 красавiка 2024, Пятніца, 17:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аграгарадок з парадамі і градкаю морквы

7
Аграгарадок з парадамі і градкаю морквы
Уладзімір Халіп

Выйсце з крызісу знойдзена нарэшце. Усё ў нас цудоўна. Заводы на ўздыме.

А навіны з палёў проста агаломшваюць. Ураджай кавуноў неверагодны. Морква на градах такая, што чуткі пра тутэйшы цуд дайшлі нават да Амерыкі. Як і варта было чакаць, адтуль абразу пацягнуліся да нас чародкі інвестараў. Пад мудрым кіраўніцтвам наша квітнеючая краіна ўпэўнена ператвараецца ў заможны аграгарадок. Зразумела, усё гэта пачалося з самага впрэстыжнага прысядзібнага ўчастка. Аднак вырашальную ролю тут адыграла сціплая моркаўка Стывена Сігала, генія айкідо.

Не варта высвятляць, чаму ён паехаў да дыктатара. Куды ехаць і з кім сустракацца, кожны вырашае асабіста. Ніколі не бракавала знакамітасцяў, якіх вельмі цешыла тое, што яны бачылі жывога Фідэля Кастра або паціскалі руку Роберту Мугабэ. А як у самыя крывавыя трыццатыя да таварыша Сталіна паімкнуліся раптам заходнееўрапейскія інтэлектуалы! Не ведалі, чым тады займаўся правадыр? Наўраці ці хто мог быць настолькі цёмным. Аднак паехалі, рызыкнулі рэпутацыяй. Шмат часу прамінула, і шмат што забыта назаўсёды. Аднак пра тыя недарэчныя візіты ўзгадваюць і сёння.

А між іншым, часы даўно не тыя. І хто ведае, магчыма, на руінах незабыўнага саўка менавіта гэткія ўчынкі набудуць адметную каштоўнасць. Тым болей, што і дыктатары цяпер драбнейшыя, ды і знакамітасці не роўня тым, даўнейшым. І ўсё ж, навошта яны едуць?

Яшчэ можна зразумець неўтаймаванага Жэрара Дэпардзье. Магчыма, ён вырашыў выступіць перад сваімі паклоннікамі ў ролі ўдалага касца. І куды ж яму у такім разе ісці, калі не да таго выдатнага майстра, які вучыць усіх чаму заўгодна. Стывен Сігал таксама мае тут свой інтарэс. Прывяла сюды ўсё тая ж настальгія – паспяшаўся паведаміць, што у яго беларускія карані. Адкуль жа пачынаць іх пошук, калі не з галоўнага агарода краіны.

Візіт у адну з рэзідэнцый правіцеля быў вытрыманы ў стылі прастадушнай пастаралі. Хор добра выхаваных птушачак у падкантрольных кустах бадзёра прашчабятаў мясцовую прывітальную песню. “К нам приехал, к нам приехал Стивен Сигал дорогой!” Госця вельмі ўсцешылі рупліва дагледжаныя грады. Блішчэлі на сонцы крутабокія кавуны. Урачыстыя колеры дзяржаўнага сцяга спробавала імітаваць буйная морква.

А гаспадар тым часам ачысціў найбольш удалы экзэмпляр і прапанаваў дарагому госцю. Давялося з’есці. Ненавязліва шчоўкалі фотакамеры. Па перыметру працаўнікі палёў усміхаліся прыязна. І ўсё ж адчувалася тут нейкая нявыказаная таямніца. Сапраўды, чаму ў ролі госця менавіта Стывен Сігал, а не Чак Норыс або тая ж Кіра Найтлі? Аднак усё было так па-вясковаму проста, шчыра, што ўсялякія сумневы ў спантанасці гэтай сустрэчы імгненна знікалі. Звычайная сімпатыя адзін да аднаго і больш нічога.

Аднак і гэты дзівосны дзень на сыходзе лета прамінуў і згас. Дык ці варта пра яго ўзгадваць, калі тут няма нейкага падтэксту? Сапраўды, не варта. І размова тут пра іншае. А менавіта – пра ўсебакова і старанна падрыхтаваную піяр-кампанію па неадкладнай рэабілітацыі зверападобнага рэжыму.

Зашмат брыдоты засталося ў ягоным тыле. Крывавыя разгоны пратэстоўцаў. Палітзняволеныя. Вядомыя людзі, якія раптам зніклі. І тыя, каго прафесійна выціснулі з краіны без надзеі на вяртанне. Беларуская інтэлігенцыя, падазраваная ў неблаганадзейнасці і таму пазбаўленая якога б там ні было статусу ў сваёй краіне.

Гэта ж да якога дзікунства трэба было дайсці, каб у шэрагі непажаданых залічыць Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна ды яшчэ шмат іншых пісьменнікаў, мастакаў, музыкаў, навукоўцаў. І няма ніякіх падстаў спадзявацца, што гэты рэжым калісьці адмовіцца ад сваёй недарэчнай ідэі падзелу людзей на сваіх і чужых.

Але тут раптам адбылося нешта нечаканае – у крамлёўскіх саюзнікаў скончыліся грошы. Не зусім, вядома, аднак выдаткі на подкуп постсавецкіх правіцеляў давялося рашуча скараціць. Узнікла неабходнасць круціцца і пазычаць дзе толькі магчыма. Патэнцыйных крэдытораў знайсці ўсё цяжэй. На Расію ніякай надзеі. Арабы скупыя. Кітай сам па сабе. І застаецца ўрэшце рэшт усё той жа Захад. А там з рэжымнымі звычкамі фейс-кантроль прайсці амаль немагчыма. Вось і даводзіцца хітрыць і прыстасоўвацца. І нават выступаць у ролі добразычлівага фермера і свойскага хлопца.

А тут яшчэ нейкія выбары набліжаюцца. Пытанне, вядома, не ў тым, хто будзе абраны. Каго трэба, таго і абяруць. На кон пастаўлена патэнцыйная магчымасць доступу да заходніх крэдытаў. Не выпадкова ж МВФ усе перамовы па гэтай тэме адклаў на другую палову верасня. Калі выбары будуць прызнаныя, палатка можа хоць бы намінальна ператварыцца ў парламент. А гэта ўжо зусім іншая размова.

Вось і даводзіцца разгортваць наступ па ўсіх франтах. Дзеля гэтай мэты будзе здатным усё. І Стывен Сігал у тутэйшай пастаралі, і паліцэйшчына ў прывабным камуфляжы. А як жа – вось тыя перамены, якіх тут нават не чакалі. Хто б мог нават уявіць сабе такое – 27 жніўня людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі прайшлі па ходніках праспекта ад скрыжавання з вуліцай Янкі Купалы да галоўнай плошчы і іх не разганялі і не кідалі ў аўтазакі. Гэта ж як трэба было сціснуць волю ў кулак, каб нават спецназ не спусціць з ланцуга нават у той момант, калі ненавісныя сцягі апыналіся раптам перад Домам ураду!

У выніку ў гэтай лютай улады толькі суцяшальны прыз – чатырнаццаць міліцэйскіх пратаколаў. Усё ж не здолелі ўтрымацца. Імітаваць хоць нейкім чынам дэмакратыю ім удаецца з цяжкасцю. Алгарытм не той. Да таго ж яшчэ так бяздарна ўпусцілі магчымасць прадставіць правіцеля ў абліччы перакананага дэмакрата і народнага заступніка. Ды і ўвогуле, гэта ж ён толькі на парадзе такі строгі, калі казырае пскоўскім дэсантнікам. А ў звычайным жыцці добры і спагадлівы. Але што тут зробіш – памагатыя зноў падвялі. Праваронілі той момант, калі ён усяму свету мог паказаць узор найвышэйшай справядлівасці.

У той жа калоне, у той жа дзень, да той жа плошчы ішла з бел-чырвона-белым сцягам Ніна Багінская. Тая самая спадарыня Ніна, пенсіянерка, якую ўлады з неверагоднай упартасцю штрафуюць. За тое, што яна любіць Беларусь, ведае яе тысячагадовую гісторыю, паважае яе сімвалы. І не хавае да лепшага часу, як шмат хто з яе суграмадзян, годнасць і гонар.

Самы бескампрамісны ў свеце суд каб кампенсаваць запазычанасць па штрафах за крамольны сцяг, прыняў рашэнне прадаць з аўкцыёна яе некалькі сотак і адпаведны дамок. Якая ж зацятая прынцыповасць у безнадзейна сацыяльнай дзяржавы!

Гэта на высокіх пасадах можна дазволіць сабе ўсё, нават крадзёж і хабар. Можна і за краты трапіць, а потым нібыта пакаяцца, не забыўшыся падзяліцца крадзеным. І зноў прабівацца на прывабную пасаду. А вось калі звычайныя грамадзяне дазваляюць сабе ўсяго толькі выказаць незадавальненне мярзотнымі парадкамі ў краіне, на іх галовы адразу абрынецца ўся моц гэтай сістэмы. І ніякія аргументы не прымуць да ўвагі. Усё тут проста – невінаватыя заўсёды вінаватыя.

Правіцелю варта было б толькі нагадаць бескампрамісным носьбітам ісціны пра безумоўную перавагу канстытуцыі над падзаконнымі актамі, і пра тое гаротнае лецішча ужо ніхто б ніколі нават і не ўзгадаў. Але дзе там! На гэткія дробязі часу няма. Ён жа заняты дзяржаўнымі справамі – прымае замежнага госця. А калі больш дакладна, выпрацоўвае стратэгію выйсця з крызісу.

Вядома ж, у таго дзіўнага візіту кінаакцёра ў рэжымны агарод быў нейкі глыбокі сэнс. Майстар айкідо трапіў сюды зусім не выпадкова. І гасцінны гаспадар тамтэйшых кавуноў і морквы у серыяльнага спартоўца далёка не адзіны сябар з высокай пасадай. І Пуцін з заакіянскай знакамітасцю сябруе. І ў Калмыкіі зухаваты майстар баявых мастацтваў пэўным чынам засвяціўся. А перад палымяным Кадыравым і ўвогуле выканаў віхурную лезгінку.

А ў Сэрбіі ён ў самых добрых стасунках з братамі Багалюбам і Драгамірам Карычамі. Тымі самымі, якім падкантрольная група кампаній Dana Holdings. Менавіта гэтым братам належыць гандлёвы цэнтр, вытрыманы ў патрыятычных колерах маркоўнай градкі, які так сапсаваў выгляд праспекту каля станцыі метро “Усход”. Зразумела, яны не проста крутыя хлопцы-бізнесоўцы. Драгамір яшчэ і дэпутат сербскага парламента. Ён настойліва лабіруе прызнанне еўрапейцамі тутэйшай палаткі.

І Стывен Сігал не проста вольны вардроўнік, які з вялікай цікаўнасці завітаў калісьці ў Сэрбію. Там ён уганараваны прэміяй фонду ўсё тых жа братоў. А на пачатку года нават атрымаў ужо нават грамадзянства. Вось такое шматвектарнае ўзнікла тут сяброўства.

І вядома, першыя ўзрушальныя водгукі майстра шматлікіх мастацтваў з нагоды візіту ва ўзорны агарод не прымусілі сябе чакаць. Ён шчыра патлумачыў дзеля чаго спатрэбілася раптам гэткае сяброўства. “У Беларусі інвестыцыйны клімат надзвычай спрыяльны. Мае знаёмыя і сябры таксама разглядаюць варыянты мільярдных інвестыцый у праект Dana Holdings, у тым ліку і ў Minsk World – міжнародны фінансавы цэнтр. Гэты праект забяспечыць устойлівы рост, працвітанне і ўмацаванне сусветнай ролі Рэспублікі Беларусь”.

Які крызіс, панове? Усе праблемы вырашаюцца імгненна і проста. Трэба толькі на дапамогу клікаць не адыёзных лордаў-піяршчыкаў, не марнаваць час на імітацыю дэмакратычных пераменаў, а настойліва шукаць сяброў. Багатых і надзейных. Такіх, як сербскія браты-бізнесоўцы і галівудскі майстар айкідо. Вось запражэцца гэтая магутная тройка ў недарэчны воз тутэйшай эканомікі і выцягне яе з балота.

Трэба толькі чакаць і спадзявацца. І сеяць нашмат болей морквы. Калі ж і новая стратэгічная схема праваліцца, хоць штосьці застанецца ў запасе.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках