24 красавiка 2024, Серада, 4:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Губарэвіч патрабуе распачаць крымінальныя справы супраць фальсіфікатараў «выбараў»

6
Губарэвіч патрабуе распачаць крымінальныя справы супраць фальсіфікатараў «выбараў»
Юрась Губарэвіч
ФОТА: «Радыё Свабода»

Падчас «выбараў» былі зафіксаваныя шматлікія парушэнні.

Былы кандыдат у дэпутаты ў 108 Каліноўскай выбарчай акрузе, намеснік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч накіраваў скаргу ў Следчы камітэт паводле вынікаў «выбараў» з патрабаваннем правесці праверку і пакараць вінаватых у фальсіфікацыі, паведамляе pyx.by.

«Падчас як датэрміновага, так і асноўнага галасавання мной, а таксама іншымі грамадзянамі былі зафіксаваныя шматлікія факты парушэнняў Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Думаю, што гэтыя факты выразна сведчаць аб тым, што падчас «выбараў», падліку галасоў у Каліноўскай выбарчай акрузе №108 былі дапушчаныя такія парушэнні Выбарчага кодэкса, якія паўплывалі на вынікі «выбараў»», - сказана ў скарзе Губарэвіча.

Ён мяркуе, што ў час галасавання ў Каліноўскай выбарчай акрузе №108, напрыклад, вёўся няправільны падлік выбаршчыкаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні. Паводле падлікаў назіральнікаў, разыходжанне ў колькасці выбаршчыкаў з афіцыйнымі звесткамі было зафіксавана на большасці ўчасткаў Каліноўскай акругі. Такім чынам, разыходжанне ў прыходзе склала 5546 галасоў.

«Улічваючы, што назіральнікі знаходзіліся на ўсіх участках бесперапынна цягам усяго часу для галасавання і вялі ўлік прагаласаваўшых выбаршчыкаў, лічбы назіральнікаў павінны быць дакладнымі. Калі б і было разыходжанне ў лічбах, яно павінна быць мінімальным», - мяркуе Юрась Губарэвіч і дадае, што «разыходжанне ў лічбах высветлілася толькі ў апошні дзень датэрміновага галасавання - у астатнія дні лічбы назіральнікаў супадалі з лічбамі ўчастковых камісій».

Гэта сведчыць, на думку былога кандыдата ў дэпутаты, пра тое, што ў апошні дзень датэрміновага галасавання (10 верасня), а таксама ў дзень асноўнага галасавання (11 верасня) у скрыні для галасавання былі дададзеныя дадатковыя бюлетэні.

Ён патрабуе правесці наконт гэтага факту праверку: апытаць назіральнікаў, праверыць спіс выбаршчыкаў і іх подпісы, патэлефанаваць усім выбаршчыкам, правесці графалагічную экспэртызу подпісаў у журнале ўліку выбаршчыкаў.

Акрамя таго, Губарэвіч адзначыў у скарзе выпадкі ўкідвання бюлетэняў: на ўчастку №625 (назіральнік Якаў Навуменка заўважыў вялікі стос бюлетэняў у скрыні для датэрміновага галасавання), 609 (назіральнікі заўважылі ўскрыццё скрыні, пячатка і нітка не супадалі).

На думку першага намесніка старшыні руху «За Cвабоду», у акрузе вёўся таксама няправільны падлік галасоў. Так, на ўчастку №618 старшыня камісіі пасля падліку галасоў агучыў вынікі галасавання, якія не супадалі са звесткамі з выніковага пратаколу, пры вывучэнні табліцы з вынікамі галасавання ў акруговай камісіі высветлілася, што звесткі ў акруговай камісіі не адпавядаюць звесткам у галасаванні на некаторых участках (на участках №604, 609, 610, 616, 619, 624, 631, 637).

На падставе прыведзеных фактаў Юрась Губарэвіч патрабуе правесці «праверку парушэнняў выбарчага заканадаўства пры правядзенні галасавання ў Каліноўскай выбарчай акрузе №108, у тым ліку правесці графалагічную экспэртызу подпісаў у журнале ўліку выбаршчыкаў і апытаць саміх выбаршчыкаў, а таксама назіральнікаў», «распачаць крымінальную справу ў адпаведнасці з арт.192 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках