23 красавiка 2024, aўторак, 22:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Выбары ў Беларусі ўжо можна праводзіць без выбарцаў»

15
«Выбары ў Беларусі ўжо можна праводзіць без выбарцаў»
Фота Юрыя Джыбладзэ

На канферэнцыі АБСЕ ў Варшаве распавялі пра масавыя парушэнні на «парламенцкіх выбарах» 11 верасня.

У Варшаве з 19 верасня праходзіць штогадовая канферэнцыя АБСЕ аб чалавечым вымярэнні. Сёння беларускія праваабаронцы арганізавалі ў рамках канферэнцыі панэль, прысвечаную нядаўнім у Беларусі «парламенцкім выбарам», паведамляе сайт charter97.org.

У абмеркаванні гэтай тэмы ўзялі ўдзел кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні ПЦ «Вясна» Уладзімір Лабковіч, экс-старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна,прадстаўнік Асамблеі НДА Юрый Чавусаў і дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Вольга Смалянка.

Праваабаронцы ацанілі «парламенцкія выбары», якія прайшлі ў Беларусі, Уладзімір Лабковіч адзначыў, што яны не адпавядаюць цэламу шэрагу міжнародных стандартаў і не могуць разглядацца як свабодныя і справядлівыя. Са слоў праваабаронцы, хоць улады і спрабавалі падаць выбарчую кампанію Беларусі як «самую свабодную і дэмакратычную», але напраўду выбарчы працэс быў закрытым і недэмакратычным.

Праваабаронца падрабязна пералічыў правапарушэнні, зафіксаваныя назіральнікамі падчас выбарчай кампаніі. Апазіцыі ў выбарчых камісіях практычна не было: колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый у акруговых камісіях склала блізу 1,8%, а ва ўчастковых - усяго 0,08%. У той жа час прадстаўнікоў праўладных арганізацый і партый у выбаркамах было блізу 80-90%.

Непразрыстым быў і працэс праверкі дакументаў кандыдатаў у «дэпутаты», іх рэгістрацыя адбывалася з парушэннямі і можна казаць пра тое, што значная частка «кандыдатаў» была зарэгістраваная незаконна.

Праваабаронца нагадаў, што ў датэрміновым «галасаванні» прымусова ўдзельнічала беспрэцэдэнтная колькасць выбарцаў. «Шляхам ціску і выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу людзей зганялі на ўчасткі для датэрміновага галасавання», - адзначыў Уладзімір Лабковіч.

Але галоўнае адрозненне гэтай выбарчай кампаніі, са слоў праваабаронцы - гэта беспрэцэдэнтнае завышэнне прыходу. Розніца паміж тым, што абвясцілі ўлады і зафіксавалі незалежныя назіральнікі, склала гэтым разам 31%. На некаторых участках прыход быў «накручаны» ў разы. Так, на адным з участкаў у Менску прагаласавала 50 чалавек, а ў пратаколе было зафіксавана аж 550!

«Падлік галасоў у Беларусі - гэта закрытая спецаперацыя, - заявіў Лабковіч. - Нават самі сябры камісій не ведаюць вынікаў у тых пратаколах, якія яны падпісваюць. Выбары ў Беларусі ўжо можна праводзіць без выбарцаў».

Кіраўнік ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі нагадаў, што ў лютым Еўразвяз зняў санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і актывізаваў кантакты з беларускімі ўладамі.

Пры зняцці санкцый Еўразвяз у мяккай і неабавязковай форме рэкамендаваў беларускім уладам пільнавацца дэмакратычных стандартаў. Аднак сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пасля гэтага ані не змянілася і застаецца такой жа складанай.

З'яўляюцца і трывожныя тэндэнцыі: пытанне палітычных зняволеных зноў становіцца актуальным. У асноўным цяпер сядзяць у турмах не вядомыя апазіцыянеры, а прадстаўнікі моладзевых арганізацый - антыфашысты, футбольныя фанаты, нацболы. А ў агульнай атмасферы «дыялогу» з уладамі пытанне палітвязняў затушоўваецца і становіцца ўжо не такім актуальным для Захаду. Лёс новых палітвязняў у выніку застаецца ў цені.

Акрамя таго, у Беларусі далей ужываецца смяротнае пакаранне, дзейнічае крымінальны артыкул за дзейнасць ад імя «незарэгістраваных арганізацый», сотні людзей штрафуюць за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, не выконваецца свабода сходаў і асацыяцый.

«Вайсковы канфлікт ва Украіне адцягвае ўвагу ад Беларусі. Пры гэтым ва ўмовах эканамічнага крызісу ўлады павінны стрымліваць свае рэпрэсіўныя інстынкты, бо рэжым Лукашэнкі сёння востра мае патрэбу ў грошах ад Захаду. Але ніякіх рэальных змен у сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не адбываецца, і ўсе мы павінны дамагацца, каб гэтыя змены адбыліся», - сказаў на заканчэнне Алесь Бяляцкі.

Экс-кіраўніца БАЖ Жанна Літвіна свой выступ пачала з таго, што нагадала: у Беларусі зноў пачалі блакаваць незалежныя інфармацыйныя рэсурсы. «У дзень «парламенцкіх выбараў» у Беларусі быў заблакаваны рэйтынгавы сайт charter97.org. А чатыры дні таму была зроблена спроба ўзлому сайта», - сказала Жанна Літвіна.

Экс-кіраўніца БАЖ адзначыла жорсткае адміністрацыйнае рэгуляванне СМІ ў Беларусі, адмова ў распаўсюдзе незалежных выданняў, газеты «Новы час», праз дзяржаўныя раздробныя сеткі. Акрамя таго, закон аб СМІ прадугледжвае абавязковую рэгістрацыю распаўсюднікаў незалежнай прэсы, блакаванне інтэрнэт-рэсурсаў, і ставіць дзейнасць журналістаў-фрылансераў за рамкі прававога поля.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках