28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суздальцаў: Лукашэнка шантажуе Маскву, але ў яго нічога не выйдзе

35
Суздальцаў: Лукашэнка шантажуе Маскву, але ў яго нічога не выйдзе
Андрэй Суздальцаў

РФ не пойдзе на саступкі ў газавым пытанні.

Беларусь не здольная выйсці з інтэграцыйных праектаў з Расеяй, бо гэта раскідае яе эканоміку. І ў Расеі гэта выдатна разумеюць, таму «антысаюзная» рыторыка Лукашэнкі наўрад ці дапаможа атрымаць яму нейкія прэферэнцыі з Масквы, мяркуе расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў.

Такое меркаванне Андрэй Суздальцаў выказаў у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

- 20 верасня Лукашэнка раскрытыкаваў дзеянні расейскіх уладаў, якія не згаджаюцца з льготным коштам газу для Беларусі, і скарацілі ў сувязі з гэтым пастаўкі нафты ў краіну. Ён паабяцаў, што свой удзел у інтэграцыйных праектах з Расеяй Беларусь будзе «аптымізаваць». Чаму Лукашэнка наважыў выступіць з рэзкай крытыкай Крамля?

- Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы з ўсяго, мітусіцца. Яшчэ 11 верасня, выступаючы на выбарчым участку, ён выказваўся станоўча аб супрацоўніцтве з Расеяй - маўляў, вядома, мы з Расеяй дамовімся. Прайшло толькі 9 дзён, як ягоная рыторыка змянілася амаль на супрацьлеглую. Рыторыка, безумоўна, цвёрдая. Сэнс яе ў тым, што Расея павінна і далей ісці на саступкі Беларусі, забяспечваць яе, развязваць яе праблемы.

Аб чым гэта сведчыць? Пра тое, што ў рэальнасці беларускае кіраўніцтва, з аднаго боку, не вельмі разумее і не вельмі аналізуе сітуацыю, якая склалася вакол Расеі і ўнутры Расеі. Мабыць, аналітычныя службы беларускага кіраўніцтва не даюць Лукашэнку адэкватную карціну той стратэгіі, якую абрала цяпер Расея не толькі ў дачыненні да краін постсавецкай прасторы, але і ў дачыненні да краін, якія пазіцыянуюць сябе як хаўруснікі Расеі, той жа Беларусі. Лукашэнка не мае перад вачыма зразумелай матрыцы, што і для чаго робіць Расея.

Зразумела, што калі казаць проста, Лукашэнка думае, што Расея павінна павялічваць датацыі, пастаўкі нафты, што сёння сур'ёзна адбіваецца на бюджэце Беларусі. Яму хочацца свае подпісы пад інтэграцыйнымі дакументамі прадаваць за дзясяткі мільярдаў даляраў. Але цяпер гэта не вельмі атрымліваецца.

Прыкладна з 2014 года кіраўніцтва Беларусі само сябе пераканала ў тым, што Расея цяпер знаходзіцца ў вельмі сур'ёзным супрацьстаянні з Захадам і ў гэтых умовах яна пойдзе на ўсялякія саступкі Менску, каб захаваць хоць бы фармальнага хаўрусніка. Гэтая ўпэўненасць прывяла да газавага крызісу: Беларусь надумала самавольна знізіць кошт газу, паколькі разважыў, што Расея гэта праглыне. Але Масква не праглынула.

- Як на такія паводзіны адрэагуе Крэмль? Ці пойдзе Масква на саступкі?

- Хутчэй за ўсё, Масква паставіцца да гэтага абсалютна спакойна. Зразумела, што Расея можа і далей развязваць гэтыя пытанні, не спяшаючыся. Таму не трэба чакаць нейкага скандалу, таму што Лукашэнка ў гэтым зацікаўлены - яму карысна перад Захадам паказаць, што ён знаходзіцца пад ціскам Расеі. Масква яму такой магчымасці не дасць.

- На вашую думку, заявы аб інтэграцыі - гэта проста блеф ці Лукашэнка сапраўды можа пайсці на хаця б частковае згортванне ўдзелу Беларусі ў інтэграцыйных праектах?

- Беларусь нічога ў гэтыя праекты не ўкладвае, але яна за кошт гэтых праектаў жыве. Таму гэта проста шантаж. Беларусь не здольная выйсці з інтэграцыйных праектаў, бо гэта прывядзе беларускую эканоміку да раскідання. Таму ўсе гэтыя рытарычныя заявы нічога за сабой не маюць, і Масква гэта выдатна разумее.

Мы не супраць, калі Беларусь хоча стаць суверэннай дзяржавай. Суверэнітэт азначае грошы, ён каштуе вялікія грошы. Гэта азначае пастаўкі энэрганосьбітаў адпаведна сусветным коштам. Мы не супраць, калі Беларусь пачне купляць газ такімі коштамі.

Вядома, зменяцца ўмовы доступу беларускіх тавараў на расейскі рынак, гэта згортванне інтэграцыйных праектаў прывядзе нашы стасункі на ўзровень стасункаў двух суседзяў, якія жывуць паводле законаў міжнароднага права. Калі Беларусь да гэтага гатовая - гэта яе права.

- Расейскія СМІ фактычна не звярнулі ўвагу на крытычную заяву Лукашэнкі. Чаму?

- Гэта тлумачыцца вагой Беларусі і самога Лукашэнкі ў замежнай палітыцы Расеі. Гэта значыць, вагі ніякай няма. Калі б такі выступ быў, напрыклад, з боку Назарбаева (а такое перыядычна бывае), то ён атрымаў бы вельмі моцнае гучанне ў расейскай медыяпрасторы.

У гэтым выпадку СМІ акурат разумеюць, што ад Беларусі нічога не залежыць. Імідж Лукашэнкі ў Расейскай Федэрацыі ў асноўным негатыўны, ён успрымаецца на ўзроўні нейкай экзотыкі кшталту Уга Чавэса. Карацей, гэта несур'ёзна.

Нагадаем, 20 верасня дыктатар, сустракаючыся ў Менску з дзяржсакратаром «саюзнай дзяржавы» Грыгорыем Рапотам, абвінаваціў Расею ў эканамічным ціску на Менск і парушэнні ранейшых пагадненняў, а таксама паставіў пад пытанне мэтазгоднасць далейшага ўдзелу Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе.

Пазней з'явілася інфармацыя, што ўрад на даручэнне Лукашэнкі ўжо працуе над скарачэннем штата беларускіх чыноўнікаў у органах Еўразійскага эканамічнага саюза.

Аднак аналітыкі мяркуюць, што Лукашэнку ўсё адно давядзецца ісці на нейкія саступкі Маскве.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках