25 красавiка 2024, Чацвер, 5:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заціснула паміж БМП: Сталі вядомыя падрабязнасці гібелі жаўнера пад Віцебскам

12
Заціснула паміж БМП: Сталі вядомыя падрабязнасці гібелі жаўнера пад Віцебскам
АЛЯКСАНДР ХАДКЕВІЧ

Загінуламу на вучэннях у Віцебскай вобласці жаўнеру тэрміновай службы заставалася 8 месяцаў да дэмабілізацыі.

Сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці гібелі вайскоўца тэрміновай службы ў адной з частак у Віцебскай вобласці. Хлопцу было 19 гадоў, ён родам з Полацка, у войску праслужыў амаль год. Аляксандр загінуў падчас вучэнняў на палігоне, апынуўшыся паміж двух бронетранспарцёраў. Пра гэта tut.by распавяла сваячка жаўнера.

Няшчасце адбылося 21 верасня. Жаўнер загінуў «у выніку парушэння патрабаванняў бяспекі пры эксплуатацыі тэхнікі»: ён атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыццём, паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны.

Загінулы - 19-гадовы жыхар Полацка Аляксандр Хадкевіч. Ён служыў у вайсковай часці №71327. Яе поўная назва - асобная гвардзейская Мікалаеўска-Будапешцкая Чырванасцяжная ордэна Суворава II ступені механізаваная брыгада. Размяшчаецца ў вёсцы Заслонава Лепельскага раёна.

У войска Аляксандра забралі ў лістападзе мінулага года. Гэтым летам, у ліпені, ён пабываў у звальненні. Дома яго чакалі бацькі і дзяўчына. Праз 8 месяцаў, у траўні, быў была б дэмабілізацыя.

- Гэта адбылося падчас вучэнняў на палігоне пад Віцебскам, - распавяла цётка загінулага маладзёна. - БМП ішлі калонай, потым спыніліся. Саша знаходзіўся ў адной з машын. Выйшаў на вуліцу, магчыма, хацеў нешта камусьці перадаць ці яшчэ з нейкай прычыны. Ён стаяў паміж двума БМП. Хлопчык, кіроўца аднаго з БМП, не заўважыў Сашу, і надумаў для чагосьці завесці машыну: можа, захацеў пагрэцца, можа, пачуў загад рухацца - гэта пакуль невядома. Адбылося няшчасце. Сёння [23 верасня] пахаванне.

"Пайшоў аддаваць доўг Радзіме! Сумуйце, пішыце і не забывайце!» - папрасіў Аляксандр усіх блізкіх і знаёмых перад тым, як сысці ў войска.

- Апошнім часам з войска прыходзіць шмат дрэнных вестак. Страшна. Такое пачуццё, што мы адпраўляем сыноў не ў войска, а на вайну, - бядуе цётка Аляксандра.

Паводле ейных слоў, пляменнік да войска атрымаў прафесію плітачнікаў-муляра, пасля звальнення са службы планаваў ісці на працу, і яго ўжо чакалі ў адной з будаўнічых арганізацый.

Паводле факту гібелі вайскоўца праводзіцца праверка. Міністэрства абароны выказвае спачуванне родным і блізкім загінулага і абяцае дапамагчы блізкім.

- Выдалі грошы на труну, пахаванне і памінкі, - пацвярджае сваячка жаўнера.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках