25 красавiка 2024, Чацвер, 10:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Улада баіцца нашай барацьбы за праўду і справядлівасць

2
Алесь Бяляцкі: Улада баіцца нашай барацьбы за праўду і справядлівасць
Алесь Бяляцкі

Кіраўнік «Вясны» выступіў з такім тэзісам на канферэнцыі АБСЕ пра чалавечае вымярэнне ў Варшаве.

23 верасня ў Варшаве старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі з калегамі з краінаў былога СССР узяў удзел у мерапрыемстве «Постсавецкая судовая ўлада: інструмент правасуддзя або інструмент прыгнёту? Адсутнасць незалежнасці судовай сістэмы і пераслед праваабаронцаў ва ўсходняй частцы рэгіёну АБСЕ» ў межах канферэнцыі АБСЕ пра чалавечае вымярэнне, паведамляе сайт spring96.org.

Сустрэча была арганізаваная Нідэрландскім Хельсінкскім камітэтам і Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека (FIDH). Акрамя беларускага праваабаронцы, у ёй удзельнічалі Мутабар Таджыбаева з Узбекістана, Аіда Байжуманава з Кыргызстана, Яўген Жоўціс з Казахстана, Канстанцін Баранаў з Расейскай Федэрацыі, Анар Мамедлі з Азербайджана.

Як апавёў Алесь Бяляцкі, практычна аднагалосна выступоўцы казалі пра тое, што ва ўсіх постсавецкіх сістэмах суды не з'яўляюцца незалежнымі. Суды, як і пракуратуры, часта выкарыстоўваюцца ўладамі гэтых краінаў супраць палітычных апанентаў і праваабаронцаў як пэўныя інструменты ціску і абмежавання іхняй дзейнасці. З шасці выступоўцаў чацвёра – былыя палітычныя зняволеныя ў сваіх краінах.

«Я таксама казаў пра несамастойнасць беларускай судовай сістэмы, што ўсе суддзі ў Беларусі прызначаюцца прэзідэнтам, пастановы, якія маюць палітычны падтэкст, кантралююцца з боку службаў дзяржаўнай бяспекі і адміністрацыі прэзідэнта. Такім чынам, суды не могуць выносіць незалежныя пастановы, бо ўсе прысуды паводле такіх справаў адназначна пішуцца ў іншых кабінетах. А суды проста з'яўляюцца выканаўцамі, якія легімітызуюць гэтыя пастановы», – адзначыў Алесь Бяляцкі.

Ён прывёў прыклады пераследу праваабаронцаў у Беларусі за апошнія два гады:

«Першы выпадак тычыцца Алены Танкачовай, якая выкінутая на тры гады з Беларусі за адміністрацыйныя правапарушэнні – перавышэнне хуткасці пры кіраванні аўтамабілем, што з'яўляецца абсалютна непрапарцыйным пакараннем. І гэта ёсць канкрэтны прыклад пераследу, калі выкарыстоўваліся адміністрацыйныя інструменты – у гэтым выпадку аддзел у грамадзянстве і міграцыі Першамайскага раёна горада Менска. І скарга, якую яна падавала ў суд на пастанову пра высылку, на жаль, судом таксама была не ўлічаная. Відавочна, што суд тут не мог прыняць незалежную пастанову, бо справа мела вось такі кантэкст барацьбы з праваабарончай арганізацыяй. Зразумела, што высылка Алены Танкачовай з Беларусі была накіраваная на паслабленне, паралізацыю працы Lawtrend».

Другі выпадак – пераслед рэгіянальнага праваабаронцы Леаніда Судаленкі, які сёння адзначыў сваё пяцідзесяцігоддзе.

«Гомельскага праваабаронцу спачатку прэсавалі праз падатковую інспекцыю, потым быў укід з парнаграфіяй праз ягоную паштовую скрыню, якая была ўзламаная. Праз гэта была ўзбуджаная крымінальная справа. Але дзякуючы таму, што Леанід Судаленка меў інфармацыю пра ўзлом сваёй скрынкі, крымінальная справа скончылася нічым. Тым не менш, на яго ціснулі ўвесь год. Гэта выяўлялася ў доглядзе, ператрусе і зняцці з цягнікоў падчас перасячэння мяжы, у канфіскацыі кампутарнай тэхнікі», – падкрэсліў кіраўнік «Вясны».

Алесь Бяляцкі падсумаваў, што беларуская судовая сістэма вельмі моцна палітызаваная, яна залежыць ад адміністрацыйных уладаў і з'яўляецца часткай палітычнай сістэмы Беларусі, чаго не павінна быць.

«Усе гэтыя выпадкі паказваюць, што беларускія спецслужбы, выкарыстоўваючы суды, следчы камітэт, пракуратуру, паслядоўна і метадычна ціснуць на беларускіх праваабаронцаў, успрымаючы нас як пэўную пагрозу. Відавочна, што беларускім уладам не падабаецца, што мы змагаемся за праўду і справядлівасць», – сказаў ён.

Нагадаем, прадстаўнікі ПЦ «Вясна» ўдзельнічаюць у штогадовай канферэнцыі АБСЕ пра чалавечае вымярэнне, якая адбываецца з 19 да 30 верасня ў Варшаве.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках