29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сям'я не паляцела ў Турцыю праз вайсковы пераварот і не можа вярнуць грошы ў турфірмы

10
Сям'я не паляцела ў Турцыю праз вайсковы пераварот і не можа вярнуць грошы ў турфірмы
ФОТА З CАЙТА ONLINER.BY

Кампанія адмаўляецца вяртаць грошы, сцвярджаючы, што пераварот – «гэта не форс-мажорныя абставіны».

Сямейная пара Дзмітрый і Алена Самошкіны збіраліся вылецець на адпачынак з дзецьмі 18 ліпеня. Але калі даведаліся пра спробу перавароту ў ноч з 15 на 16 ліпеня і рэкамендацыі МЗС устрымацца ад паездак, прынялі пастанову не ляцець. Пара запатрабавала ў аператара вярнуць грошы, піша onliner.by.

– Тур мы набывалі ў нашага тураператара ТАА «МВО-ТУР», – тлумачыць Зміцер. – Дамову мы заключылі яшчэ 13 ліпеня. І ўнеслі 3607 рублёў назаўтра ж. Вылецець у Турцыю мы павінны былі з Кіева 18 ліпеня. Раніцай прачыталі навіны і ўбачылі рэкамендацыю ад нашага МЗС – устрымацца ад паездак у Турцыю. Натуральна, паколькі мы з дзецьмі, то пастанавілі адмаўляцца. Ці мала што. Хто нам на той момант мог гарантаваць бяспеку? Відавочна турфірма гэтага зрабіць не магла.

Пара напісала скаргі ў кнігу скаргаў і прапановаў, заяву пра вяртанне грошай, а таксама прэтэнзію на адрас туркампаніі. Кліенты заявілі, што гэта форс-мажорныя абставіны, і патрабавалі вярнуць 100% ад кошту тура.

ФОТА З CАЙТА ONLINER.BY

– Нам сказалі, што рэкамендацыя МЗС – гэта не прычына цалкам вяртаць грошы, – апавядаюць турысты. – Поўнае вяртанне, паводле іхніх словаў, магло быць толькі ў тым выпадку, калі б былі забароны на вылет. Маўляў, хочаце – ляціце, хочаце – не. Гэта асабіста наш выбар.

Таксама Дзмітрый і Алена атрымалі афіцыйны адказ з «МВО-ТУР», дзе кампанія тлумачыць, чаму грошы вернуць часткова.

– Рэкамендацыя Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь устрымацца ад запланаваных паездак у Турцыю не з'яўляецца падставай для вяртання грашовых сродкаў у поўным аб'ёме, – гаворыцца ў лісце кампаніі. – Падставай для звароту з'яўляецца забарона МЗС на ажыццяўленне палётаў у тую ці іншую краіну, якой зроблена не было. Як адзначыла дырэктарка Дэпартамента турызму Міністэрства спорту і турызму Алена Пермінава, «калі турыст надумае скасаваць дамову з турфірмай, кампанія можа ўтрымаць выдаткі, звязаныя з арганізацыяй тура. Але іх трэба пацвердзіць дакументальна». З нашага боку грашовыя сродкі за ваш тур былі пераведзеныя тураператару ў 100-адсоткавым памеры праз безнаяўны разлік. І ў тым выпадку, калі тураператар прыме пастанову пра выстаўленне штрафу 100 % ад кошту вашага тура, гэтая сума будзе з'яўляцца нашымі выдаткамі, якія мы панясем у выпадку ануляцыі вашага тура.

ФОТА З CАЙТА ONLINER.BY

У выніку 17 ліпеня Дзмітрыю і Алене вярнулі 1330,56 рублёў з 3607. Туркампанія ў сваім лісце патлумачыла гэта проста:

– У сувязі з ануляцыяй тура намі быў атрыманы адказ ад тураператара. У адпаведнасці з атрыманай інфармацыяй сума, якая падлягае вяртанню, складае 1330,56 рублёў.

– Мы хацелі праверыць, ці сапраўды выдаткі тураператара склалі большую частку нашага тура, але пакуль такой інфармацыі не атрымалі. Цяпер туркампанія адсылае нас у суд, – кажа Зміцер. – Мы пакуль думаем, ісці ў суд ці не. Але калі шчыра, у шоку ад такіх дзеянняў. Наколькі я ведаю, многія туркампаніі пераносілі даты выездаў, вярталі сваім кліентам грошы і ішлі на нейкія саступкі...

ФОТА З CАЙТА ONLINER.BY

У «МВО-ТУР», куды журналісты датэлефанаваліся па каментарыі, сітуацыю бачаць па-іншаму.

– Па-першае, мы пасярэднікі паміж тураператарам і кліентам. І пастанову прымае сам тураператар. Штрафныя санкцыі ў выпадку адмовы ад тура пазней за 15 дзён складаюць 100%, – тлумачыць кіраўніцтва кампаніі. – Але мы зрабілі запыт тураператару. Яны пралічылі свае выдаткі, пайшлі на саступкі, прадалі авіяквіткі, нешта яшчэ, вось і атрымалася каля 40%, якія мы змаглі вярнуць. У нас ёсць ліставанне з тураператарам, плацёжкі і ўсе дакументы. Па-другое, у дамове ў нас прапісана, што 100% аплаты вяртаецца толькі ў тым выпадку, калі будзе ўведзеная забарона на наведванне краіны. Але ў выніку сітуацыя не была форс-мажорная. МЗС Беларусі рэкамендавала ўстрымацца ад паездак у Турцыю, таму што там хваляванні, ці мала што. Але яно не забараняла паездкі ў прынцыпе.

– Больш за тое, мы тэлефанавалі нашым кліентам і прапаноўвалі вылецець у іншы час, літаральна праз пару дзён, калі ўсё супакоілася. Нават сам тураператар гатовы быў пайсці на гэта, – тлумачаць у туркампаніі. – Але так і не змаглі датэлефанавацца да Алены і Дзмітрыя. Калі яны мяркуюць, што мы не мелі рацыю, хай звяртаюцца ў суд. Гэта іхняе законнае права.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках