Давыдзька падтрымаў прымусовую падпіску на афіцыёз
20- 25.09.2016, 18:29
- 17,855
Дырэктар БТ не верыць, што без прапагандысцкіх газет можна быць добрым спецыялістам.
Пра гэта старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Генадзь Давыдзька заявіў падчас тэлепраграмы "Клуб рэдактараў", паказанай 24 верасня ў ранішнім суботнім эфіры канала "Беларусь 1", паведамляе БелТА.
На ягоную думку, кожны спецыяліст павінен быць у курсе ўсіх навін і змен, якія адбываюцца ў сферы ягонай дзейнасці, найбольш аператыўную і шырокую інфармацыю тут могуць даць менавіта тэматычныя выданні. "Асабіста мне важна, каб спецыяліст, медык або вайсковец, а таксама чалавек, які знаходзіцца на дзяржаўнай службе ці працуе ва ўстанове, якая вызначае палітыку эканамічную, сацыяльную і іншую дзяржавы, быў добра дасведчаны і разбіраўся ў сваёй сферы. Калі ён не дасведчаны - ён проста перастае быць спецыялістам", - перакананы Генадзь Давыдзька.
Галоўны рэдактар штотыднёвіка "Аргументы і факты ў Беларусі" Ігар Сакалоў падчас дыскусіі выказаў меркаванне, што ў падтрымцы з боку адміністрацыйнага рэсурсу маюць патрэбу дзяржаўныя дзіцячыя выданні. "Таму што нам, дарослым, трэба кантраляваць, што чытаюць дзеці і якімі яны растуць. Сапраўды гэтак жа трэба рабіць і ў інтэрнэце. Мы выдатна разумеем, што дзіця само не можа зрабіць усвядомлены выбар, пакуль ён не паспеў", - мяркуе Ігар Сакалоў.
Удзельнікі сустрэчы "Клуба рэдактараў" падтрымалі гэты тэзіс, падкрэсліўшы, што дарослыя павінны старанна сачыць за тым, як фармуецца дзіцячая свядомасць, на якую ўплываюць вельмі многія фактары.