25 красавiка 2024, Чацвер, 11:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мілкавіта» падала ў суд на журналіста Associated Press

8
«Мілкавіта» падала ў суд на журналіста Associated Press

Журналіст правёў расследаванне, у якім высветліў, што фірма закупляе малако з фермы недалёка ад Чарнобыльскай зоны.

ААТ «Мілкавіта» падала пазоў супраць журналіста Associated Press (AP) Юрася Карманава аб абароне дзелавой рэпутацыі. У заяве прадпрыемства спасылаецца на даследаванне малака, праведзенае Дэпартаментам ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Беларусі, паведамляе baj.by.

Журналіст АР у красавіку 2016 года правёў расследаванне аб актыўным выкарыстанні забруджаных зямель Чарнобыльскай зоны ў сельскай гаспадарцы. Журналісты даведаліся, што фермер Мікалай Чубянок, які арганізаваў малочную ферму за некалькі кіламетраў ад знакаў «Стоп! Радыяцыя!», штодня здае блізу дзвюх тон малака на завод ААТ «Мілкавіта» ў Хойніках. Блізу 90% прадукцыі ААТ «Мілкавіта» ідзе на экспарт у Расею.

Аналіз малака ў галоўнай лабараторыі Менскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі паказаў, што дапушчальныя нормы ў колькасці стронцыю (SR-90) перавышаныя ў 10 разоў. Згодна з высновамі цэнтра, якія падалі журналісты, малако ўтрымлівала 37,5 Бк/кг стронцыю пры дапушчальнай норме 3,7 Бк/кг.

Журналісты не толькі праінфармавалі аб выніках даследаванняў кіраўніцтва «Мілкавіты», але і працытавалі ў сваім артыкуле словы прадстаўніцы завода Маі Феданчук. Яна паведаміла, што «ўласны аналіз лабараторыі завода паказвае, што малако адпавядае нормам і ўтрымлівае стронцыю ў сярэднім 2,85 Бк/кг».

Пасля публікацыі Дэпартамент ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Беларусі правёў праверку, якая не выявіла ў малацэ перавышэнне па колькасці стронцыю-90. На гэтыя вынікі і спасылаецца ААТ «Мілкавіта» ў сваёй заяве ў суд.

«Мілкавіта» патрабуе ад журналіста «зняпраўдзіць загадзя ілжывыя звесткі» не толькі на сайце АР, але і на 7 беларускіх, польскіх і расейскіх сайтах, якія распаўсюдзілі інфармацыю.

- Апублікаваныя намі звесткі датычацца кожнага грамадзяніна, які ходзіць у краму. Расследаванне праведзенае паводле ўсіх канонаў жанру і заснаванае на фактычных звестаках. У артыкуле прыведзеныя і звесткі лабараторыі пра 10-кратнае перавышэнне стронцыю ў малацэ, а таксама меркаванне прадстаўніка «Мілкавіты», - распавёў Юрась Карманаў.

Пасля публікацыі галоўны рэдактар дзяржаўнай газеты «Савецкая Беларусь» Павел Якубовіч і кіраўнік дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА Дзмітрый Жук у праграме БТ «Клуб рэдактараў» заклікалі разабрацца з журналістам АР у судзе.

- Ствараецца ўражанне, што ў гэтым судовым разглядзе зацікаўленыя не столькі «Мілкавіта», колькі высокія інстанцыі, якія хваравіта адрэагавалі на журналісцкае расследаванне, - каментуе сітуацыю старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец.

Першае пасяджэнне паводле справы прызначанае на 5 кастрычніка а 15.30 у судзе Маскоўскага раёна горада Менска.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках