24 красавiка 2024, Серада, 17:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леў Марголін: Вынікі візіту Лукашэнкі ў Кітай не акупяць нават паездку

7
Леў Марголін: Вынікі візіту Лукашэнкі ў Кітай не акупяць нават паездку
Архіўныя фота FRANK SCHWICHTENBERG

Афіцыйны Менск цікавяць толькі крэдыты, аднак Кітай «жывых» грошай не дае.

28-30 верасня Лукашэнка здзейсніць дзяржаўны візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку.

Падчас візіту чакаюцца перамовы са старшынём КНР Сі Цзіньпінам, паводле вынікаў якіх чакаецца падпісанне блізу 30 міжнародных дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферах.

Запланаваныя таксама сустрэчы Лукашэнкі з прэм'ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Кэцянам, старшынём Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая Юй Чжэншэнам і старшынём Сталага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам.

Па што Лукашэнка ляціць у Кітай?

Экспэрты, не змаўляючыся, у адзін голас сцвярджаюць: беларускі бок цікавяць толькі грошы, піша bdg.by.

- Беларускі бок цікавяць толькі грошы - грошы на ільготных умовах. Але, як правіла, крэдыты суправаджаюцца спадарожнымі праектамі, - адзначае кіраўнік праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. - Магчыма, гаворка ідзе пра грошы, якія Кітай нібыта зарэзерваваў для Беларусі для супольных праектаў, якія так і не рэалізаваныя.

Аднак гаварыць аб эканамічных перспектывах візіту экспэрт не наважваецца: няма ніякай інфармацыі аб парадку дня паездкі:

- Мы зыходзім з таго, што можа зацікавіць беларускі бок, які цікавяць толькі грошы. Магчыма, у парадку дня будзе стаяць актывізацыя дзейнасці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень»: палітычныя заявы гучалі, а практычных дзеянняў не відаць, - адзначыў Андрэй Паротнікаў.

«Вынікі візіту не акупяць нават паездку»

Эканаміст Леў Марголін скептычна ацэньвае запланаваны візіт у Кітай:

- Кітай выдае толькі звязаныя крэдыты - апошні, па-мойму, і напалову не выдаткаваны. А «жывыя» грошы Кітай ніколі і нікому не дае. На мой погляд, Лукашэнку стала сумна, вось і наважыў ірвануць у Кітай. Беларуская эканоміка не адчувае эфекту ад ягоных паездак.

- Літаральна сёння міністр сельскай гаспадаркі заявіў, што 34 малочныя прадпрыемствы краіны акрэдытаваныя для пастаўкі сваёй прадукцыі на кітайскі рынак...

- Акрэдытацыю, можа, і маюць, але ці пастаўляюць што? Думаю, беларускія пастаўкі малака і малочнай прадукцыі ў Кітай блізкія да нуля. І навошта Кітаю малочная прадукцыя з Беларусі? Новая Зеландыя і Аўстралія значна бліжэй да Кітая, чым Беларусь.

- Можа, Лукашэнка здолее выкарыстаць паездку ў Кітай для хуткай размовы з Пуціным?

- Кітай не тая краіна, што можа напалохаць Пуціна, які выдатна ведае кітайскую тактыку і стратэгію.

І наогул мы ўжо неаднаразова пераконваліся, што сродкі, выдаткаваныя на паездку, яе вынікі не акупляюць. Таму што паляціць Лукашэнка не адзін, а павязе цэлую дэлегацыю. Можна ўявіць суму, выдаткаваную на паездку, і вынік ад яе.

Візіт Лукашэнкі ў Кітай не стане прарывам у двухбаковых стасунках. Усе існыя беларуска-кітайскія праекты выгадныя толькі Кітаю, для Беларусі - стратныя. А канкураваць з Польшчай і краінамі Балтыі за ролю «акна ў Еўропу» слабеючай з кожным днём Беларусі ўжо не пад сілу.

Нагадаем таксама, што ў жніўні Беларусь наведвала дэлегацыя з буйной правінцыі Кітая Хунань. Тады Лукашэнка лёгка паабяцаў кітайскім бізнэсоўцам рэжым максімальнага спрыяння і прамысловасць Магілёўскай вобласці для стварэння супольных прадпрыемстваў. Дэлегацыі беларускага ўрада і бізнэс-колаў Кітая абмяркоўвалі таксама ў Менску супрацоўніцтва дзяржпрадпрыемстваў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках