20 красавiка 2024, Субота, 5:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Кавалкін: Падакавікоў прымусяць збіраць штрафы ўсімі праўдамі і няпраўдамі

5
Уладзімір Кавалкін: Падакавікоў прымусяць збіраць штрафы ўсімі праўдамі і няпраўдамі
УЛАДЗІМІР КАВАЛКІН
ФОТА: ONLINER.BY

На 2017 год улады запланавалі павышэнне «штрафной» нагрузкі.

У панядзелак старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько даволі нечакана загаварыў пра мінімізаваныя штрафныя санкцый у дачыненні да бізнэс-структур. З яго слоў, цяпер гэта прапанова «актыўна абмяркоўваецца зацікаўленымі органамі".

У той жа час у апублікаваным праекце бюджэту на будучы год журналісты выявілі неадназначную лічбу - суму штрафаў, якія мяркуецца, збяруць розныя кантралюючыя органы.

Чакаецца, што ў 2017 годзе беларусы заплацяць амаль на 14% больш штрафаў, чым у 2016 годзе, а агульная сума выплачаных штрафаў дасягне 136 млн рублёў.

Ці чакаць беларусам зніжэння «штрафной» нагрузкі або, наадварот, рыхтавацца да яе павелічэння?

Кавалкін: Правяраючых будуць арыентаваць браць больш штрафаў

На думку кіраўніка праекта «Кошт урада» эканаміста Уладзіміра Кавалкіна, наяўнасць такой графы ў бюджэце, як мінімум, выглядае неэтычна, паведамляе zautra.by.

- Як можна планаваць колькасць штрафаў? - дзівіцца ён. - На самай справе, гэта арыентуе беларускіх інспектараў, каб гэтыя штрафы збіраліся ўсімі праўдамі і няпраўдамі. Выходзіць, што фактычна любы сябра грамадства - няхай гэта будзе фізічная або юрыдычная асоба - апрыёры вінаваты. Трэба толькі даказаць яго вінаватасць, каб з яго зняць штраф.

Экспэрт заўважае, што рост чаканых «штрафных» даходаў на 14% пры інфляцыі, якая мяркуецца ў межах 9%, робіць гэты артыкул адным з нямногіх у бюджэце, які будзе расці.

- Думаю, нашых правяраючых будуць арыентаваць браць штрафаў больш і розных, - кажа Уладзімір Кавалкін. - Гэта значыць, замест таго, каб аслабіць хватку і даць людзям магчымасць працаваць, чыноўнікі наважылі, насупраць, узяць з людзей больш грошай, каб папоўніць бюджэт.

Экспэрт упэўнены, што артыкулы з даходамі ад штрафаў і канфіскацыі маёмасці не павінны фігураваць у бюджэце.

- Зразумела, што Мінфіну трэба неяк гэтыя артыкулы планаваць, але можна хоць бы зрабіць іх не планавымі, а індыкатыўнымі - каб яны не закладваліся ў асноўную частку бюджэту, а ішлі ў прафіцыт бюджэту, - прапаноўвае эканаміст.

Маргелаў: Калі ў бюджэце гэтую суму ўказалі, будзьце ўпэўненыя - яны яе збяруць

Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальнікаў Віктар Маргелаў кажа, што бізнэс-супольнасць ужо шмат гадоў крытыкуе «штрафны» артыкул у бюджэце.

- На пэўным этапе гэта проста ператвараецца ў нейкі план збору, - заўважае ён. - А далей ужо за што ў цябе сабралі штраф - гэта асабліва не важна.

Прадпрымальнік прагназуе, што такога ж сцэнару варта чакаць і ў 2017 годзе.

- Калі ў бюджэце гэтую суму паказалі, будзьце ўпэўненыя - яны яе збяруць, - падкрэслівае ён.

Таксама Віктар Маргелаў звяртае ўвагу на сумы штрафаў у адміністрацыйных парушэннях.

- Пакаранне ў іх увогуле неадэкватнае ў адносінах да парушэння, - адзначае сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальнікаў. - Для параўнання ў Нямеччыне самы вялікі штраф, які бізнэс можа атрымаць, блізу 2 тысяч еўраў. Гэта за самае грубае адміністрацыйнае парушэнне. У нас жа фігуруюць сумы на парадак вышэйшыя.

Са слоў Віктара Маргелава, беларускія чыноўнікі «нейкую працу» усё ж такі вядуць - у тым ліку і дзякуючы намаганням бізнэс-супольнасці.

- Але, мяркуючы па тэмпах, баюся, што гэта можа заняць некалькі гадоў. Пры добрым раскладзе, - заўважае экспэрт.

На думку экспэрта найбольшая колькасць нараканняў з боку бізнэсу сёння адрасуецца санітарным органам, якія выпісваюць шмат штрафаў.

- Хоць яны, наадварот, павінны зрабіць, каб штрафаў на іх падсправаздачных тэрыторыях было мінімум. А не так як цяпер - спачатку напісаць правілы, якія ніхто не выканае ці ніхто не ведае, а потым хадзіць збіраць штрафы за іх невыкананне, - кажа Віктар Маргелаў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках