23 красавiка 2024, aўторак, 10:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесю Чаркашыну споўнілася б 34 гады

1
Алесю Чаркашыну споўнілася б 34 гады
Алесь Чаркашын
ФОТА: «БЕЛСАТ»

У Берасці сёння адкрыюць помнік беларускаму герою, які загінуў летась у зоне АТА ва Украіне.

Ушанаванне памяці беларуса, які загінуў на Данбасе, Алеся Чаркашына (псеўданім «Тарас») адбудзецца на могілках у вёскі Камяніца Жыравецкая а 14.00. Тут збяруцца бацькі, родныя і сябры берасцейца.

Як сказаў "Свабодзе" блізкі сябар Алеся Андрэй Любянчук, чакаюцца госці і з іншых гарадоў Беларусі:

«Цікавяцца нават тыя, хто не ведаў Алеся. Збіраюцца людзі з іншых гарадоў Беларусі, цэлая дэлегацыя з Менска. Помнік паставілі раней, але адкрыццё вырашылі зрабіць пазней, як раз на дзень нараджэння Алеся. Што тычыцца аўтарства помніка, то пакуль аўтар пажадаў застацца невядомым».

Пасля ўшанавання памяці Алеся Чаркашына на могілках у планах арганізатараў памінальная сустрэча і паказ дакументальнага фільма пра яго.

«Гэта будзе перадпрэм'ерны паказ фільма, які зрабіў рэжысёр Антон Цялежнікаў. Пакуль яго прэм'еры не было, але ёсць згода на паказ у дзень памяці Алеся Чаркашына», - кажа Андрэй Любянчук.

Як распавёў Андрэй Любянчук, пакуль усёй сумы сродкаў на помнік не стае, але колькі дакладна, стане вядома пазней, пасля таго, як прывязуць ахвяраванні з іншых гарадоў.

«На гэты момант прыйшло больш за чатыры тысячы даляраў ахвяраванняў, але трэба амаль шэсць», - кажа Любянчук.

Сябар Чаркашына падзяліўся апісаннем ідэі ад аўтара праекта помніка Алеся:

«Стылістыка помніка Алесю Чаркашыну вынікае з трыяды: Бог, Радзіма, Служэнне. Гэта тры самыя важныя мяжы жыцця Алеся Чаркашына, пасмяротна ўзнагароджанага ордэнам «Народны герой Украіны» і ўшанаванага грамадзянскай супольнасцю на Радзіме.

Кампазіцыя вырашана нетрадыцыйна: у ёй крок за крокам распавядаецца пра прыярытэты жыцця, заўчасна абарванага, але не скончанага...

Вобразы кампазіцыі простыя: святы Крыж, праз які можна ўбачыць неба або святло пастаўленых паміж камянямі свечак; у разарванасці камянёў лёгка знайсці падабенства з руінамі аэрапорта ў Данецку; наш нацыянальны сцяг, якому прысягаў Алесь ў юнацтве і ўзнёс на баявых пазіцыях у Пясках. Каваныя птушкі, зробленыя з таго ж металу, што і зброя, якая забіла яго і тысячы іншых ахвяраў подлай вайны».

Стасункі Алеся з роднымі і суайчыннікамі смерць не спыніла; ён і далей, ужо як вечны каплан, пасылае кожнаму словы суцяшэння: «Бог з табой, ты не адзін». Нават выпадковыя мінакі спыняюцца каля помніка, каб прачытаць словы з яго вершаў, высечаныя на чорным камяні пад партрэтам Народнага Героя».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках