19 красавiка 2024, Пятніца, 12:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фотафакт: Амбасаду Паўночнай Карэі адкрылі ў прыватным сектары Менска

5
Фотафакт: Амбасаду Паўночнай Карэі адкрылі ў прыватным сектары Менска
ФОТА: TUT.BY

Карэйцы прасілі пясок у мясцовых жыхароў, каб зацэментаваць флагшток.

КНДР сапраўды адкрыла пасольства ў Менску.

Інфармацыю пра гэта tut.by пацвердзілі ў МЗС Беларусі. Аднак паўнавартасна дзейнага дыппрадстаўніцтва КНДР у Беларусі няма, падкрэсліваюць у міністэрстве. Будынак знаходзіцца ў прыватным сектары сталіцы на адрасе: 1-ы Смаргоўскі завулак, 16.

«Нічога сенсацыйнага ў інфармацыі аб заснаванні амбасады няма. У Пхеньяне працуюць дыпмісіі амаль 30 дзяржаў, прычым гэта не толькі Кітай або Расея, але і Аўстрыя, Вялікабрытанія, Нямеччына і Польшча. Паўночна-карэйскія амбасады, таксама спраўна функцыянуюць практычна ў чатырох дзясятках краін, напрыклад, у Чэхіі, Швэцыі, Мексіцы, ПАР», - адзначаюць у МЗС.

Паміж Беларуссю і КНДР наладжаныя дыпламатычныя стасункі ў 1992 годзе, што мае на ўвазе магчымасць адкрыцця з узаемнай згоды амбасад, нагадалі ў МЗС.

«КНДР звярталася да беларускай стараны аб пытанні адкрыцця пасольства задоўга да цяперашняй эскалацыі сітуацыі вакол ядзернай праграмы Пхеньяна. Гэта было зроблена падчас візіту міністра замежных спраў КНДР у Беларусь у сакавіку 2015 года. Тады ж дамовіліся развіваць гандлёва-эканамічныя стасункі, што важна для Беларусі, якая мае адкрытую эканоміку. Пасля гэтага візіту пры МЗС Беларусі было акрэдытавана тры паўночна-карэйскіх дыпламаты, якія займаюцца гандлёва-эканамічнымі стасункамі».

Пры гэтым паўнавартасна дзейнай амбасады КНДР, падкрэсліваюць у МЗС, у Беларусі няма:

«Амбасадар не акрэдытаваны, запыту на агрэман не было, пастанова аб гэтым пытанні будзе прымацца асобна».

У МЗС адзначаюць, што пазіцыя Беларусі і адназначная ацэнка тых дзеянняў, якія КНДР распачала апошнім часам насуперак нормам міжнароднага права і рэзалюцыям Рады Бяспекі ААН, застаюцца нязменнымі.

«Беларусь ніколі не парушала і не збіраецца парушаць міжнародныя абавязанні і нормы міжнароднага права, замацаваныя ў дакументах ААН ды іншых міжнародных арганізацый».

«Выдатна аздобленая камяніца»

«Выдатна аздобленая камяніца. Адкрыццё адбылося а 12.00 у панядзелак (19 верасня - заўв.). Выступіў прадстаўнік дыпкорпуса КНДР (пакуль не амбасадар), прадстаўнік нашага МЗС, потым паднялі сцяг на флагшток. Гэта было на вуліцы, а потым адбыўся фуршэт у будынку амбасады. Я меў гонар там прысутнічаць, так што інфармацыя з першых вуснаў», - напісаў чытач tut.by на форуме пад матэрыялам аб тым, як мы адшуквалі пасольства КНДР.

Над будынкам лунае сцяг КНДР, над галоўным уваходам герб краіны, на высокім паркане - пазалочаная шыльда «Амбасада Карэйскай Народна-Дэмакратычнай рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь».

Мясцовыя жыхары распавядаюць, што ў панядзелак 19 верасня бачылі «ажыўленне» вакол амбасады:

- Адкрыццё пачалося ў панядзелак а 12 раніцы: прыехала шмат самаходаў з дыпламатычнымі нумарамі, было шмат карэйцаў, прысутнічаў нехта з нашых чыноўнікаў. Усяго, прыкладна, чалавек 30. Яны зачыталі прамовы, паднялі сцяг, папляскалі ў далоні - усё доўжылася хвілін 40, не больш. Праўда, з панядзелка людзей у пасольстве я не заўважала, мабыць, пакуль яны не працуюць, - распавядае Алена, якая жыве насупраць.

Тое ж самае кажуць і іншыя суседзі:

- Сцяг, па-мойму, узнялі ў панядзелак: было шмат людзей і дыпламатычных аўто. Але з тых часоў - цішыня: людзей на пляцы не відаць, святло ў вокнах ніколі не гарыць. Незразумела, ці адкрыліся наогул, - распавядае жанчына, якая жыве акурат побач з пасольствам.

Дом, дзе размясцілася амбасада, са слоў мясцовых жыхароў, быў пабудаваны некалькі гадоў таму і з таго часу пуставаў. Падрыхтоўка да адкрыцця амбасады пачалася за некалькі тыдняў:

- Мы ведалі, што рыхтуецца адкрыццё: перыядычна сустракалі карэйцаў на вуліцы. Неяк яны да мяне прыйшлі і папрасілі пясок, каб зацэментаваць флагшток.

Нагадаем, на мінулым тыдні Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Паўночнай Карэі паведаміла, што ў Беларусі адкрылася пасольства КНДР.

З паведамлення агенцтва, на цырымоніі адкрыцця прысутнічалі прадстаўнікі беларускага ўрада, палітычных партый, парламента і сацыяльнай сферы. На адрасе амбасады, які можна даведацца ў інтэрнэце, знайсці амбасаду не ўдалося - там размяшчаецца звычайны жылы пяціпавярховік і пра дыппрадстаўніцтве нічога не нагадвае.

Паводле звестак, якія ўдалося знайсці, сёння ў пасольстве Паўночнай Карэі ў Беларусі працуюць як мінімум два чалавекі. Часовы павераны ў справах - спадар Пак Ен Сік і гандлёвы прадстаўнік - спадар Лю Чол Хун.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках