19 красавiка 2024, Пятніца, 12:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мірскі палац набыў унікальную калекцыю партрэтаў князёў Радзівілаў

3
Мірскі палац набыў унікальную калекцыю партрэтаў князёў Радзівілаў

Калекцыя налічвае 15 партрэтаў XIX стагоддзя і тры - XVIII стагоддзя.

Мірскі палац набыў унікальную калекцыю партрэтаў князёў Радзівілаў, паведаміла спецыялістка ў сувязях з грамадскасцю ўстановы «Музей «Палацавы комплекс «Мір» Анаіт Арзуманян.

Паводле слоў спецыялісткі, палацавы комплекс «Мір» уклаў сенсацыйную ўгоду аб набыцці калекцыі партрэтаў князёў Радзівілаў.

«Сцены Партрэтнай залы Мірскага палаца цяпер упрыгожаныя арыгінальнымі партрэтамі, якія музей набыў у князя Канстанціна Гагенлоэ-Шылінгсфюрста, які жыве ў Нямеччыне. Упершыню гэтую калекцыю беларусы ўбачылі ў траўні 2014 года на выставе. Цягам 17 месяцаў дырэктарат музея вёў перамовы з уласнікам партрэтаў князем Канстанцінам. І вось нарэшце Міністэрства культуры Нямеччыны дало дазвол на перамяшчэнне гісторыка-культурных каштоўнасцяў», - распавяла Анаіт Арзуманян.

Калекцыя налічвае 15 партрэтаў XIX стагоддзя і тры - XVIII стагоддзя. Сярод 18 выяўленчых работ маецца два роставыя партрэты, на якіх выяўлены князь Міхаіл Казімір Рыбанька і Ганна Людвіка - ягоная другая жонка, піша БелТА.

Тое, што партрэты маюць непасрэднае дачыненне да ўладальнікаў Мірскага палацу, падвышае каштоўнасць гэтай калекцыі.

У Партрэтнай зале прэзентаваная толькі частка калекцыі - 12 прац. Астатнія захоўваюцца ў схованцы музея. Некаторыя партрэты маюць патрэбу ў рэстаўрацыі.

Цяпер супрацоўнікі музея чакаюць кансультацый спецыялістаў з рэстаўрацыйнага цэнтра імя Гудзінаса, які знаходзіцца ў Літве, і пасля гэтага будзе прынятая праграма іх рэстаўрацыі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках