29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Луканоміка на мяжы краху

33
Луканоміка на мяжы краху
малюнак: aru.tv

Беларускую эканоміку «ўратуе» толькі фантастычны сцэнар.

Падзенне эканомікі ў 2016 годзе можа скласці блізу 3%. Адна з асноўных прычын рэцэсіі - скарачэнне экспарту. На думку беларускіх эканамістаў, выратаваннем магло б стаць дыверсіфікацыя экспарту, аднак такі сцэнар развіцця падзей экспэрты ўважаюць фантастычным, піша аглядальнік «Беларускіх навінаў» Дзмітрый Заяц.

Рэцэсія захаваецца, калі цуд не здарыцца

У студзені-жніўні валютныя паступленні Беларусі ад экспарту тавараў склалі 14,8 млрд даляраў і знізіліся на 17,5% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Экспарт паслуг таксама скараціўся - на 8,1% да 3,7 млрд даляраў.

Улічваючы сур'ёзнае прасяданне экспарту, беларускія эканамісты чакаюць, што падзенне ВУП у гэтым годзе працягнецца і рэцэсія будзе захоўвацца.

«Сёння не відаць падстаў для росту беларускай эканомікі. Падзенне ВУП Беларусі ў гэтым годзе, хутчэй за ўсё, апынецца супастаўным з леташнім узроўнем і складзе блізу 3%», - мяркуе старэйшы выкладчык эканамічнага факультэта БДУ Міхаіл Чэпікаў.

На думку экспэрта, разлічваць на аднаўленне эканомікі за кошт павелічэння беларускага экспарту ў Расею наўрад ці варта.

«Аналагі многіх беларускіх вытворчасцей знаходзяцца ў Расеі, якая сёння ідзе па шляху імпартазамяшчэння. Таму цяжка разлічваць, што нам хто-небудзь што-небудзь падорыць ў вялікіх аб'ёмах на расейскім рынку, бо для Расеі гэта аналагічна закрыццю ўласных прадпрыемстваў», - адзначае Міхаіл Чэпікаў.

У той жа час, канстатуе экспэрт, сусветныя кошты на сыравінныя тавары (нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні), што пастаўляюцца Беларуссю ў Еўразвяз і краіны Азіі, знізіліся, што выклікала скарачэнне валютнай выручкі Беларусі.

Які ж выхад з гэтай неспрыяльнай сітуацыі магла б знайсці сёння наша краіна?

«Адзінае, што перспектыўна ў гэтай сітуацыі, але, з іншага боку, цалкам фантастычна - спробы выходзіць з нетрадыцыйнымі таварамі на нетрадыцыйныя рынкі. Чаму фантастычна? Таму што беларускі дзяржсектар гэта зрабіць не зможа», - мяркуе Міхаіл Чэпікаў.

На думку экспэрта, верагоднасць таго, што непаваротлівыя айчынныя дзяржпрадпрыемства змогуць выпускаць наватарскія прадукты і заняць з імі новыя рынкі, вельмі малая.

Дарэчы, рэфармаванне дзяржсектара стане ключавой тэмай Кастрычнiцкага эканамiчнага форуму (KEF), які гэтай восенню пройдзе ў Менску. Арганізатары форуму канстатуюць, што неканкурэнтаздольнасць беларускага дзяржсектара з'яўляецца фактам, які ўжо відавочны для ўсіх.

Тым не менш, менавіта гэты сектар займае сёння дамінуючае становішча ў беларускай эканоміцы. Паводле звестак за першую палову 2016 года, на прадпрыемствы з дзяржаўным капіталам прыпадала блізу 80% прамысловай вытворчасці краіны.

Падтрымліваць статус-кво ўсё складаней

З назіранняў экспэртаў, праблема многіх беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў складаецца нават не ў форме ўласнасці, а ў мясцовых асаблівасцях кіравання імі.

«Асноўная праблема дзяржпрадпрыемстваў - у боязі кіраўнікоў ўзяць на сябе адказнасць, бо топ-мэнэджэры бачаць, што ініцыятыва каральная, і таму людзі не гатовыя рызыкаваць. У такой сітуацыі гаварыць пра эканамічнае развіццё сектара дзяржпрадпрыемстваў не даводзіцца», - лічыць асацыіраваны экспэрт Даследчага цэнтра ІПМ Антон Даўгавечны.

Прадстаўнікі прыватнага бізнэсу пацвярджаюць, што ва ўмовах існай жорсткай сістэмы кантролю кіраўнікам дзяржпрадпрыемстваў пераважная маўклівая пазіцыя.

«Бяздзейнасць або крайняя асцярожнасць для топ-мэнэджараў дзяржпрадпрыемстваў з'яўляецца ключом да асабістага поспеху і асабістай бяспекі. Складаныя моманты накшталт змены фокусу дзяржпрадпрыемства мэнэджмэнт ва ўмовах існуючай сістэмы дзяржаўнага кантролю пазбягае», - кажа старшыня савета дырэктараў Бізнэс школы ІПМ Дзмітрый Дзічкоўскі.

Сітуацыя ў беларускай дрэваапрацоўцы наглядна паказала, што існуючая сістэма кіравання і кантролю за дзяржсектарам здольная генераваць крымінальныя справы, але эканамічнага эфекту ў многіх выпадках не прыносіць.

Таму экспэрты мяркуюць, што цяперашнюю сістэму кіравання дзяржсектарам з прычыны яе эканамічнай недасканаласці давядзецца рэфармаваць.

Пацвярджэннем таго, што рэформы ў рэальным сектары наспелі, з'яўляецца дынаміка дрэнных пазык беларускіх банкаў, якія растуць ужо дзесяць месяцаў запар.

На 1 верасня доля праблемных актываў банкаў дасягнула рэкордных 14,8% і павялічылася з пачатку года больш чым удвая. Рост дрэнных пазык, як сведчаць афіцыйныя статыстычныя звесткі, звязаны са шмат у чым з немагчымасцю дзяржсектара абслугоўваць раней узятыя крэдыты.

«Магчымасцяў захоўваць статус-кво практычна не засталося - у дзяржавы няма рэсурсаў падтрымліваць дзяржсектар у ранейшых аб'ёмах. Мы падыходзім да мяжы, калі трэба будзе прымаць канкрэтныя крокі ў рэфармаванні гэтага сектара эканомікі», - рэзюмаваў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН Антон Даўгавечны.

Першы званочак на карысць таго, што перамены наступаюць, празвінеў на гэтым тыдні. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця паведаміў, што беларускі ўрад папрасіў яго заняцца падрыхтоўкай да продажу пяці буйных дзяржпрадпрыемстваў.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках