24 красавiка 2024, Серада, 21:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аркадзь Смоліч: Адкрываючы Беларусь для беларусаў

1
Аркадзь Смоліч: Адкрываючы Беларусь для беларусаў
Аркадзь Смоліч

29 верасня нарадзіўся адзін з заснаваьнікаў БНР, лепшы сябар Максіма Багдановіча Аркадзь Смоліч.

Аркадзь Смоліч быў арыштаваны па справе «Саюз вызвалення Беларусі». 10 красавіка 1931 года за «шкодніцтва і антысавецкую агітацыю» быў сасланы на 5 гадоў у горад Оса Пермскай вобласці, а затым у Ішым Цюменскай вобласці Расіі. Пасля ссылкі зноў арыштаваны і расстраляны ў Омскай турме, піша Новы Час.

Сын дыякана, які паспеў скончыць духоўную семінарыю, перш чым зразумець, што жыццёвы шлях святара — гэта не яго. Лепшы сябар Максіма Багдановіча, актыўны дзеяч БСГ, імя якога стаіць у ліку айцоў БНР. Першы старшыня ТБШ і адзін з аўтараў праекта Беларускай акадэміі навук, дзякуючы якому былі вызначаныя межы многіх раёнаў БССР. Менавіта яго бальшавікі намагаліся зрабіць адным з кіраўнікоў сфабрыкаванага «Саюза вызвалення Беларусі», але ён адмовіўся ад супрацоўніцтва. Па адбыцці пяцігадовай ссылкі быў зноў арыштаваны і расстраляны ў Омскай турме. Сёння на тым месцы нядзеючы завод, а месца яго пахавання невядома. Аркадзь Смоліч — аўтар слыннай «Геаграфіі Беларусі», дзякуючы якой «…Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў».

Сын дыякана

У 1905 годзе ў Расійскай імперыі ўспыхнула рэвалюцыя. Радыкальныя ідэі змены грамадства праніклі нават за сцены Мінскай духоўнай семінарыі, дзе быў учынены сапраўдны пагром. У шэрагу актывістаў — Аркадзь Смоліч. Пра яго погляды на той час сведчыць фотаздымак семінарыстаў, на якім ён, у самым цэнтры, трымае часопіс з голай жанчынай на абгортцы.

Аркадзь нарадзіўся 29 верасня (17 верасня па старым стылі) 1891 года ў вёсцы Бацэвічы Бабруйскага павету (сёння — Клічаўскі раён Магілёўскай вобласці) у сям’і дыякана мясцовай царквы Антона Аляксеева Смоліча і Ганны Андрэевай. Пасля сям’я Смолічаў пераехала ў Саламарэчча пад Заслаўе, куды бацька атрымаў новае прызначэнне.

Аркадзю было наканавана працягнуць працу бацькі, таму ён паступіў у Мінскую духоўную семінарыю, якую паспяхова скончыў у 1909 годзе. Але Аркадзь адмовіўся ад жыцця святара і накіроўваўся ў Кіеўскі палітэхнічны інстытут, адкуль перавёўся ў Нова-Аляксандраўскі інстытут сельскай гаспадаркі і лясніцтва ў горад Пулавы ў Польшчы. Аркадзь стаў студэнтам першай у свеце кафедры глебазнаўства, заснаванай Васілём Дакучаевым.

Нядобранадзейны элемент

У 1910 годзе дзякуючы Аляксандру Уласаву Смоліч далучыўся да Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). У гэтым жа годзе ён з-за ўдзелу ў студэнцкіх хваляваннях быў звольнены з універсітэта і вымушаны вярнуцца на радзіму, дзе ўладкаваўся спачатку каморнікам, затым тапографам у Лясным бюро Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Ён нават паспеў папрацаваць у хімічнай лабараторыі Лібава-Роменскай чыгункі, адкуль быў звольнены з-за нядобранадзейнасці. У 1913 годзе, у сувязі з амністыяй да 300-годдзя дома Раманавых, Смоліч змог працягнуць навучанне ў інстытуце, паспеўшы да таго часу павучыцца на прыватных вышэйшых сельскагаспадарчых курсах у Санкт-Пецярбурзе.

З пачаткам Першай сусветнай вайны Нова-Аляксандраўскі інстытут быў пераведзены ў Харкаў, а Аркадзь Смоліч накіраваўся ў навуковую экспедыцыю пад кіраўніцтвам А.А. Чэлінцава ў Расію і Украіну, што не перашкодзіла яму пісаць у часопісы «Лучынка» і «Раніца». У 1916 годзе для напісання дыплома Смоліч накіраваўся на Энгельгардскую сельскагаспадарчую станцыю ў Смаленскай губерні.

Да Лютаўскай рэвалюцыі Аркадзь працаваў у Мінскім губернскім земстве статыстыкам. Гэта быў час яго актыўнай грамадскай дзейнасці, звязанай з «Беларускай хаткай» недалёка ад Чырвонага касцёла, дзе збіраліся вечарамі беларускія літаратары і чыталі для моладзі ўласныя творы.

Паспеў Смоліч сустрэць і каханне свайго жыцця — Аляксандру Ігнатаўну Каткоўскую, якая ў 1918 годзе падарыла яму першага сына — Максіма. Кемлівая і разумная жанчына, яна засталася ў беларускай гісторыі як аўтарка выдадзенага ў 1919 годзе буквара для беларускіх дзетак «Зорка».

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі Смоліч стаў адным з лідараў БСГ, ладзіў разнастайныя мерапрыемствы для яднання беларускіх нацыянальных сіл, а ў снежні 1917 года ўдзельнічаў ва Усебеларускім з’ездзе, разагнаным бальшавікамі.

У шэрагу айцоў-заснавальнікаў БНР

Аркадзь Смоліч быў адным з тых, дзякуючы каму 25 сакавіка была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), ва ўрадзе якой ён стаў сакратаром асветы. Ён быў паслом БНР ва Украіне, ад якой дамогся крэдытаў у памеры чатырох мільёнаў карбаванцаў. А ў красавіку 1918 года стварыў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, для якой склаў праграму, і разам з Яўхімам Карскім, Уладзімірам Завітневічам і Мітрафанам Доўнарам-Запольскім працаваў над стварэннем Нацыянальнага ўніверсітэта.

Восенню 1918 года ў Гродна 15–16 снежня ён арганізаваў Беларускі сялянскі з’езд. Але важнейшым стала завяршэнне «Геаграфіі Беларусі», якая была надрукавана ў Вільні 1919 года з эпіграфам: «Каб Беларусь перастала быць краем невядомым для саміх беларусаў».

У 1920 годзе ён зноў у Гродна разам з сям’ёй. Тут падрыхтаваў другое, дапоўненае, выданне, «Геаграфіі Беларусі». Пасля кароткага часу захопу Гродна Саветамі ў час польска-савецкай вайны працаваў у зямельным аддзеле. Чытаў лекцыі для сялян. Але пасля наступлення палякаў вымушаны быў перабрацца ў Вільню.

У Вільні Смоліч кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам, быў настаўнікам геаграфіі на педагагічных курсах, і першым старшынёй Таварыства Беларускай школы. У Вільні і Берліне выйшлі яго карты Беларусі. У 1921–1922 ён яшчэ паспеў перакласці падручнікі па кааперацыі і весці інструктарскі аддзел Віленскага Саюза кааператараў.

Першы беларускі прафесар геаграфіі

З-за пераследу польскімі ўладамі ў жніўні 1922 года, з дазволу ўрада БССР, Смоліч пераехаў у Мінск. У 1923 годзе ён абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Арганізацыя сельскай гаспадаркі ў раёнах Цэнтральнай Беларусі».

Самымі плённымі ў яго жыцці былі 1924–1928 гады, калі ён без перапынку працаваў на ніве беларускай навукі. Так, у 1924-м ён арганізаваў Цэнтральнае бюро краязнаўства і ўдзельнічаў у выданні часопіса «Наш край», вызначыўшы, што «Краязнаўчая праца, аб’яднаючы вучонага-даследчыка і маладзенькага піянера-збіральніка калекцый, ёсць адзіная гарантыя таго, што Беларусь перастае быць краем, невядомым для саміх беларусаў, а ў выніку гэтага зменіцца выгляд усяе нашае гаспадаркі, ды і ўсяе беларускае культуры».

У тым жа годзе ён выступіў з дакладам «Першае адміністрацыйна-гаспадарчае дзяленне БССР», дзякуючыя чаму былі вызначаныя межы многіх раёнаў Усходняй Беларусі. Таксама дамогся адкрыцця сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках і Навукова-даследчага інстытуту сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Мінску. А ў 1925 годзе сваёй працай «Тыпы геаграфічных краявідаў Беларусі» ён паклаў пачатак ландшафтазнаўству Беларусі.

У верасні таго ж года Смоліч падрыхтаваў вялізнае выданне пад назвай «Чатырохсотлецьце беларускага друку. 1525–1925». Менавіта ў гэтым навуковым зборніку была надрукавана праца заснавальніка беларускага мастацтвазнаўства М.М. Шчакаціхіна «Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францыска Скарыны».

Дзякуючы Смолічу ў 1926 годзе пяцітысячным тыражом быў надрукаваны першы з трох тамоў твораў Максіма Багдановіча (пазней яго прозвішча як адказнага рэдактара выкрэслівалі з гэтага выдання).

Нарэшце, 27 лютага 1927 года пастановай Народнага камісарыята асветы БССР Смоліч задняй датай (з 1 студзеня) быў прызначаны на пасаду прафесара, стаўшы першым прафесарам геаграфіі БССР.

Дзякуючы Смолічу, Усеваладу Ігнатоўскаму, Вацлаву Ластоўскаму і Сцяпану Некрашэвічу з 1 студзеня 1929 года пачала сваю дзейнасць Акадэмія навук БССР. 9 мая 1930 года дасягненні Смоліча былі адзначаныя Расійскім геаграфічнага таварыствам, які прысудзіў вучонаму Малы залаты медаль па аддзяленні статыстыкі. 24 чэрвеня ў БДУ прыйшоў ліст з гэтай навіной.

Рэпрэсаваны навуковец

А ўжо праз два дні, 26 чэрвеня 1930 года, у ліку сотні беларускіх навукоўцаў і літаратараў Аркадзь Смоліч быў арыштаваны па справе «Саюз вызвалення Беларусі». 10 красавіка 1931 года за «шкодніцтва і антысавецкую агітацыю» ён быў сасланы на 5 гадоў у горадзе Оса Пермскай вобласці, а затым у горадзе Ішым Цюменскай вобласці Расіі.

Знаходзячыся ў ссылцы, ён верыў у лепшае. Шмат чытаў, замацоўваў веданне нямецкай і вывучаў англійскую мовы, пісаў артыкулы, якія так і не былі надрукаваныя. Зрэдку прыходзілі весткі ад сям’і, адказнасць за якую цалкам ляглі на плечы жонкі, вымушанай даглядаць бацькоў-пенсіянераў і трох дзяцей.

Пасля заканчэння тэрміну адміністрацыйнай высылкі ў 1935 годзе, не маючы магчымасці выехаць на Радзіму, ён жыў у Ішыме.

У ноч з 17 на 18 чэрвеня 1937 года Смоліч быў зноў арыштаваны і 10 чэрвеня 1938 года прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. 17 чэрвеня 1938 года расстраляны ў Омскай турме. Ён быў рэабілітаваны па 2-м прысудзе прэзідыумам Цюменскага абласнога суду 9 лютага 1957, па 1-м — Вярхоўным судом БССР 10 чэрвеня 1988 года.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках