28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Рэформа» дзяржапарату: скарацілі толькі аднаго з 60 чыноўнікаў

5
«Рэформа» дзяржапарату: скарацілі толькі аднаго з 60 чыноўнікаў

«Рэформа дзяржапарату» была аб'яўлена ў 2013 годзе, і затым з году ў год Лукашэнка патрабаваў скарачэння чыноўнікаў.

У выніку дагэтуль дзяржапарат павінен быў скараціцца больш чым напалову, але, як высвятляецца, не пашанцавала толькі аднаму з 60 чыноўнікаў.

Пра неабходнасць скарачэння чыноўнікаў на 25% заявіў Лукашэнка ў студзені 2013 года. Меркавалася, што скарачэнне будзе праведзена цягам паўгода.

«Тое, што мы павінны скараціцца прыкладна на чвэрць - гэта непазбежна. Давайце з гэтага зыходзіць», - адзначыў Лукашэнка на нарадзе ў пытаннях аптымізацыі структуры, колькасці і функцый дзяржорганаў, якая прайшла на пачатку студзеня 2013 года.

Пазней, звяртаючыся ў красавіка 2013 года да «народа і парламента», Лукашэнка паведаміў: «Мною 12 красавіка быў падпісаны ўказ, які прадугледжвае скарачэнне колькасці дзяржслужбоўцаў на 25% ці 13 тысяч 617 адзінак. Пры гэтым цэнтральныя органы скароцім на 25%, аблвыканкамы - прыкладна на 29%, райвыканкамы - на 17%».

Ужо ў жніўні 2014 года Лукашэнка зноў заявіў аб масавым скарачэнні чыноўнікаў, паведаміўшы, што дзяржапарат можна скараціць удвая.

У красавіку 2015 года ён запатрабаваў скараціць дзяржапарат яшчэ на 10%.

І ў лютым 2016 года Лукашэнка зноў патрабуе «аптымізаваць дзяржапарат у самыя кароткія тэрміны». Тыя, што засталіся дзяржслужбоўцы, з яго слоў, павінны атрымліваць годны заробак, несучы пры гэтым вялікую нагрузку.

З улікам такой штогадовай «чысткі», за апошнія тры гады дзяржапарат павінен быў скараціцца больш чым напалову, але на самой справе за ўвесь гэты час быў скарочаны толькі кожны 60-й чыноўнік, пра што сведчаць звесткі Белстата.

Статыстычныя зборнікі «Праца і занятасць» з падрабязнымі звесткамі аб колькасці чыноўнікаў публікуюцца кожныя два гады. Нядаўна з'явіліся свежыя лічбы, за ліпень 2015 года, паведамляе «Наша ніва».

Паводле звестак Белстата, паводле стану на 1 ліпеня 2015 года ў Беларусі налічвалася 48463 дзяржаўных службоўцаў. У параўнанні з папярэднімі звесткамі іх колькасць агулам скарацілася на 863, гэта значыць быў скарочаны толькі кожны 60-й чыноўнік!

Што тычыцца асобных рэгіёнаў, то ў Гарадзенскай вобласці скарацілі ўсяго 10 чалавек.

Колькасць дзяржаўных службоўцаў:

лістапад 2009 г. - блізу 56740;

лістапад 2011 - 56232 (-0,9% у параўнанні з папярэднім перыядам);

лістапад 2013 - 49326 (-12,3%);

ліпень 2015 - 48463 (-1,8%).

Колькасць работнікаў дзяржаўных органаў і арганізацый:

лістапада 2009 г. - блізу 71250;

лістапад 2011 - 70612 (-0,9% у параўнанні з папярэднім перыядам);

лістапад 2013 - 68807 (-2,6%);

ліпень 2015 - 63708 (-7,4%).

Варта адзначыць, што яшчэ ў жніўні 2013 года паведамлялася, што ў выніку «скарачэння» чыноўнікаў, паводле неафіцыйных звестак, іх заробак вырас на 50-100%.

У лістападзе 2013 года аб павелічэнні заробку чыноўнікаў на 30% у выніку «скарачэння» дзяржапарату паведаміла і міністэрства фінансаў.

«Скарачэнне дзяржапарату на 25% дазволіла нам без павелічэння расходаў бюджэту павялічыць заробак на 30%», - заявіў тады намеснік міністра фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч.

Але калі як такога скарачэння чыноўнікаў на самай справе фактычна і не было, то заробак у іх рос менавіта за кошт дадатковых выдаткаў дзяржбюджэту, то бок, за наш кошт, і як раз у той самы час, калі заробкі беларусаў ужо не толькі не раслі, але і пачалі зніжацца, а чыноўнікі рознага ўзроўню сталі беларусаў вучыць жыццю, прапаноўваючы то «зацягнуць паясы», то «круціцца» і працаваць на двух працах, піша belaruspartisan.org.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках