11 красавiка 2024, Чацвер, 0:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Намеснік міністра фінансаў: Рабочыя стратных заводаў перашкаджаюць нам развівацца

32
Намеснік міністра фінансаў: Рабочыя стратных заводаў перашкаджаюць нам развівацца
Максим Ермолович

Чыноўнік «параіў» работнікам стратных прадпрыемстваў браць крэдыты і адкрываць свой бізнэс.

Намеснік міністра фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч у кулуарах форуму «Пашыраючы гарызонты: інвестыцыі, фінансы, развіццё» распавёў «Нашaй Нiве», калі беларуская эканоміка стане незалежнай ад замежных энэргарэсурсаў і скіне цяжар стратных дзяржаўных прадпрыемстваў.

«Мы маем магчымасць самастойна замяшчаць тую залежнасць, пра якую вы кажаце, - сказаў Ермаловіч, - таму развіццё не толькі IT, але агулам малога і сярэдняга бізнэсу - гэта вышэйшы прыярытэт дзяржавы».

Гутарка адразу перайла на тое, што нават пры паспяховым развіцці прыватных і малых ініцыятываў значная доля іх падаткаў ідзе не на развіццё, а на датацыі стратным прадпрыемствам.

Намеснік міністра прызнаў, што сёння адмовіцца ад буйных прамысловых гігантаў дзяржава не можа, бо яны ствараюць аснову ўсёй нашай эканомікі, таму перш за ўсё варта задумацца пра лёс малых стратных прадпрыемстваў і граматнага размеркавання дзяржаўных рэсурсаў, якія павінны накіроўвацца ў найбольш прыбытковыя сферы.

Але ў чым прычына таго, што адны ў Беларусі зарабляюць мільярды, а іншыя не здольныя нават працаваць у нуль?

«Сацыяльны фактар - у гэтым асноўная праблема, якая стрымлівае развіццё і рух наперад, - сказаў Ермаловіч, маючы на ўвазе рабочыя кадры, якія не адказваюць запытам сучаснага рынку. - Чалавек павінен мець працу, дах над галавой - гэта базавы прынцып усёй нашай эканомікі і сістэмы дзяржпадтрымкі. І часам сацыяльная накіраванасць уплывае на эфектыўнасць таго ці іншага бізнэсу. Але гэта не азначае, што дасягненне названай мэты будзе ажыццёўленае ўсякім коштам. Сістэма сёння такая, якая яна ёсць. І я мяркую, што самая галоўная задача ва ўсёй сённяшняй павестцы эканамічных пераўтварэнняў - гэта выбудоўванне такой сістэмы падтрымкі, якая будзе дазваляць людзям з аднаго, менш эфектыўнага сектара эканомікі, пераходзіць у іншы, паспяховы. Ёсць разуменне таго, як гэта рабіць. Цяпер мы выпрацоўваем заканадаўчыя захады для ўдасканалення механізмаў перападрыхтоўкі работніка, у выпадку, калі ён ужо не знаходзіць сабе прымянення на звыклым месцы працы ці не атрымлівае там жаданых даходаў. Гэты працэс павінен быць спрошчаны».

Намеснік міністра таксама дадаў, што самы просты спосаб - сысці ў бізнэс, скарыстаўшыся крэдытамі, якія выдаюць беларускія банкі пры падтрымцы міжнародных інстытутаў.

Але і для тых людзей, якія ўжо ва ўзросце і не маюць смеласці альбо здольнасцяў для адкрыцця сваёй справы, таксама будуць створаныя ўмовы для пераходу са стратных прадпрыемстваў.

«Па-першае, калі чалавеку 40 гадоў, яму трэба самому разумець, куды ісці, - мы ж кожнага за руку не возьмем і не перавядзём з аднаго прадпрыемства на іншае, хоць гэта задача максімум. Калі ён не ў стане са сваёй спецыяльнасцю зарабляць, ён павінен прайсці перападрыхтоўку з улікам наяўных у яго навыкаў. Перападрыхтоўка пад іншы сектар эканомікі зойме ад 3 да 6 месяцаў. Але тут вельмі важна, каб усё гэта падмацоўвалася інвестыцыямі, каб выбудоўвалася эканамічная база, каб чалавек пераходзіў на больш высокі заробак, гэта наша мэта», - сказаў на заканчэнне Максім Ермаловіч.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках