24 красавiка 2024, Серада, 1:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Канцэпцыя Міжмор’я - адказ на расейскую пагрозу

25
Канцэпцыя Міжмор’я - адказ на расейскую пагрозу

Беларусь - ключавая краіна рэгіянальнай i еўрапейскай бяспекі.

Унікальная дыскусія «Геапалітычная сітуацыя ў Міжмор’і (Intermarium) і яе ўплыў на правы чалавека ў Беларусі» прайшла ў рамках канферэнцыі АБСЕ ў чалавечым вымярэнні ў Варшаве, паведамляе карэспандэнт charter97.org.

У мерапрыемстве, якое было арганізаванае грамадзянскай кампаніяй «Еўрапейская Беларусь», узялі ўдзел былы міністр абароны Польшчы Рамуальд Шарамецьеў, дырэктар праграмы імя Кастуся Каліноўскага ў Інстытуце Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта Ян Маліцкі, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч і кіраўнік праўлення ўкраінскага аналітычнага цэнтра East European Security Research Initiative Foundation Максім Хілько.

У дыскусіі таксама ўзялі ўдзел дыпламаты з ЗША, Швэйцарыі, Бельгіі, Польшчы, Вугоршчыны, Украіны, Малдовы, Эстоніі, Нямеччыны, Нідэрландаў, Канады і іншых краін, а таксама прадстаўнікі еўрапейскіх аналітычных цэнтраў і праваабарончых арганізацый.

Адкрываючы канферэнцыю, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў заявіў, што тэма Міжмор’я сёння зноў вельмі актыўна абмяркоўваецца ў Польшчы на самым высокім афіцыйным узроўні.

«Ёсць негатыўныя і пазітыўныя прычыны для гэтага. Негатыўныя прычыны - гэта вайна, якую Расея развязала супраць Украіны і, я б сказаў, супраць Еўропы. Хоць гэта не адзіная прычына. Еўропе пагражаюць іншыя сур'ёзныя выклікі, напрыклад, праблема міграцыі. Пазітыўная прычына - гэта ўсведамленне наяўнасці сур'ёзных выклікаў еўрапейскай бяспецы, неабходнасці знайсці адэкватны адказ на гэтыя выклікі.

Большасць краін, якія належаць да раёна Міжмор’я, не так даўно ўнеслі значны ўклад ва ўмацаванне еўрапейскай і міжнароднай бяспекі. Я маю на ўвазе, перш за ўсё, пашырэнне Еўрапейскага Звязу і стварэнне ЕЗ такім, якім мы яго ведаем сёння. Але, на жаль, не ўсе ўсходнееўрапейскія краіны пасля развалу СССР змаглі ўз'яднацца з Еўропай. Украіна і Беларусь спачатку былі ў шэрай зоне еўрапейскай палітыкі, а затым папалі пад аўтарытарныя рэжымы.

Канцэпцыя Міжмор’я не толькі тэарэтычная. У канцы ХV стагоддзя Ягелонская дынастыя правіла тэрыторыяй паміж Балтыйскім, Чорным і Адрыятычным морамі - туды ўваходзілі Вялікае Княства Літоўскае, Каралеўства Польскае, Каралеўства Чэшскае і Каралеўства Вугорскае, састаўной часткай якой таксама была Харватыя. Гэты досвед cуіснавання, які ў далейшым быў развіты ў ХХ стагоддзі, ператварыўся ў Ягелонскую канцэпцыю, якая ў Польшчы добра вядомая, дзякуючы Юзафу Пілсудскаму. Амаль адначасова такую канцэпцыю прапаноўваў абмяркоўваць і выбітны ўкраінскі гісторык, дзяржаўны дзеяч, кіраўнік Украінскай Народнай Рэспублікі Міхаіл Грушэўскі, які казаў пра Балта-Чарнаморскую федэрацыю. У канцы 80-х пачатку-90-х гадоў мінулага стагоддзя ідэя Балта-Чарнаморскага звязу актыўна абмяркоўвалася дзяржавамі, якія знаходзяцца паміж гэтымі двума морамі. У Беларусі адна з вядучых роляў у гэтым абмеркаванні належала Беларускаму Народнаму Фронту.

Але мы сёння сабраліся не для таго, каб абмяркоўваць геапалітыку і гісторыю, а хацелі б абмеркаваць патэнцыял краін Міэмор’я не толькі для таго, каб супрацьстаяць выклікам бяспекі, але і каб знайсці шляхі далейшага развіцця Еўропы, а таксама паглядзець, як палітыка дзяржаў, якія належаць да гэтага рэгіёну, уплывае на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. На жаль, з боку некаторых краін мы назіраем палітыку прымірэння ў дачыненні да дыктатуры Лукашэнкі. На мой погляд, гэта адбываецца праз недаацэнку тых пагроз бяспекі, якія ўяўляе дыктатарскі рэжым для Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, a таксама для Еўропы агулам», - сказаў Саннікаў.

Ян Маліцкі адзначыў, што ідэя Міжмор’я заўсёды станавілася актуальнай, калі гэтаму рэгіёну пагражала вонкавая небяспека. Ён распавёў, што існуе шэсць асноўных канцэпцый Міжмор’я: ад канцэпцыі ABC (загалоўнымі польскімі літарамі назвы Адрыятычнага, Балтыйскага і Чорнага мораў) да федэратыўнай канцэпцыі Юзэфа Пілсудскага.

«Наш рэгіён і ўся Еўропа цяпер знаходзяцца пад пагрозай з трох бакоў: з усходу праз Маскву (вайна з Украінай), з поўдня праз міграцыю і, нарэшце, унутраная пагроза праз кіраўніцкі крызіс у Еўразвязе. Прычым праблемы ў ЕЗ толькі часткова звязаны з Brexit. Ён толькі стаў вынікам пэўных рэчаў, выкліканых крызісам у кіраванні.

Пачуццё пагрозы, якое лунае ў паветры, вельмі сур'ёзнае. Пацверджанне гэтаму саміт NATO ў Варшаве. Была прынятая пастанова праводзіць такія саміты рэгулярна, а, быць можа, і два разы на год.

Геапалітычная сітуацыя ў рэгіёне ўскладнілася. Апусціўшы праблемы ў ЕЗ, задаём пытаннем: якія мэты ў Масквы? Гэты фактар будзе ўплываць на ўвесь наш рэгіён. Мяркую, што першая мэта Крамля - вяртанне ўплыву на тэрыторыях былога Савецкага Саюза. Магчыма, апетыты Крамля не маюць дачынення да краін Балтыі, хоць я ў гэтым не ўпэўнены.

Расея вяртаецца да таго, што было раней. І краіны рэгіёну, усе постсавецкія рэспублікі, не выключаю, што і краіны Балтыі, а пры большым размаху нават Польшча, могуць увайсці ў сферу ўплыву Масквы.

Упэўнены, што ў перыяд паміж самітам NATO ў Варшаве і размяшчэннем у нашым рэгіёне натаўскіх войскаў Масква зробіць новыя крокі. Ніхто з нас не можа сказаць, у якім кірунку яна будзе дзейнічаць. Гэта будзе пашырэнне ваенных дзеянняў ва Украіне, напад на Латгалію, паўночна-ўсходнюю Літву ці Прыднястроўе - ніхто з нас не зможа прадбачыць.

Беларусь у гэтым плане вельмі важная. Мы гатовыя гаварыць, што ўсё ў свеце звязанае з Польшчай. Быў нават такі жарт: «Слон і справы польскія». Сёння без жарту можна гаварыць пра Беларусь, як пра такога слана». - адзначыў Маліцкі.

Дырэктар праграмы Каліноўскага адзначыў, што актывізацыя кантактаў Еўрапейскага Звязу з беларускімі ўладамі можа прывесці да пэўнага паляпшэння сітуацыі ў Беларусі, у тым ліку ў галіне правоў чалавека.

Украінскі аналітык Максім Хілько патлумачыў узмацненне цікавасці палітыкаў і экспэртаў да тэмы Міжмор’я тым, што існыя геапалітычныя хаўрусы не змаглі даць адэкватнага адказу на выклік бяспецы, кінуты Расеяй, а таксама на незадаволенасць некаторых цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх сталіц пазіцыяй Брусэля, ці хутчэй Берліна і Парыжа, у шэрагу пытанняў агульнай замежнай і ўнутранай палітыкі.

Пры гэтым Варшаве, як і Кіеву, важна не паўтараць памылак Еўразвязу, запэўніваючы сябе, што важныя геапалітычныя мэты могуць апраўдаць часовае зняцце пытанняў дэмакратыі і правоў чалавека з парадку дня дачыненняў з аўтарытарнымі рэжымамі. Па-першае, разлік, што ахвяруючы каштоўнасцямі, можна выйграць у пытаннях бяспекі, не будзе апраўданы. Вайскова-палітычныя абавязацельствы Менска перад Масквой у кожным выпадку пераважаць ягоныя абяцанні Варшаве і Кіеву. Па-другое, развіваючы ідэі субрэгіянальнага супрацоўніцтва, важна памятаць, што без каштоўнаснага базісу ўсякія аб'яднанні будуць пазбаўленыя крытычнай масы салідарнасці, неабходнай для іх трываласці.

«Украіна можа адыграць важную ролю для ўсёй постсавецкай прасторы, а таксама для самога Еўразвязу, дзе пачынаюць забываць пра важнасць каштоўнасцяў, права на якія ўкраінцы абараняюць са зброяй у руках. Калі Украіна будзе шчаслівай у рэформах, пераможа карупцыю і пабудуе моцную, дэмакратычную дзяржаву - яе прыклад стане прывабнай мадэллю развіцця для іншых постсавецкіх краін, у тым ліку для Беларусі.

Пры гэтым важна ўжо цяпер не пазбягаць уключэння палітычнага складніка ў дачыненнях з Менскам. Прыклад Януковіча павінен быў бы пераканаць Лукашэнку, што закручванне гаек заканчваецца дрэнна, а дэмакратызацыя - гэта шанец на мірнае пераўтварэнне краіны. Трэба дамагчыся ад Менска выканання абяцанняў ў галіне інфармацыйнага супрацоўніцтва і пусціць у эфір украінскія тэлеканалы - бо сёння меркаванні беларусаў пра падзеі ва Украіне і свеце фармуецца пераважна крамлёўскай прапагандай. Важная падтрымка незалежных беларускіх СМІ, якія прыкладаць намаганні для аб'ектыўнага інфармавання насельніцтва краіны, у тым ліку і пра падзеі ва Украіне. Разам з іншымі краінамі, перш за ўсё Польшчай, неабходна садзейнічаць наладжванню цеснага супрацоўніцтва на ўзроўні грамадзянскай супольнасці - НДА, праваабаронцаў, экспэртаў. Галоўнае тут - не блытаць НДА са шматлікімі ГАНГА - «траянскімі канямі» нават не так афіцыйнага Менска, як Крамля», - перасцярог Максім Хілько.

Былы міністр абароны Польшчы Рамуальд Шарамецьеў заявіў, што Беларусь з'яўляецца ключавой краінай, без якой нельга развязаць пытанне бяспекі рэгіёну і ўсёй Еўропы.

«Многія мае знаёмыя, якія раней ніколі не цікавіліся міжнароднай палітыкай, сталі ў мяне пытацца: ці будзе вайна?

Пачаўся працэс змены сусветнага парадку. З'явіліся цэнтры сілы, якія паставілі пад пытанне лідарства Злучаных Штатаў, заяўляючы, што гэта несправядліва, каб адна звышдзяржава вызначала ўсё. Маўляў, іншыя таксама павінны мець уплыў. І адным з такіх суб'ектаў, які хоча змяніць сусветны парадак, з'яўляецца Расейская Федэрацыя.

Ёсць яшчэ адзін народ, у якога былі ў гісторыі тэндэнцыі імперскіх памкненняў - гэта Нямеччына. З моманту, калі Прусія пабудавала Другі рэйх, немцы два разы прадэманстравалі імерскія амбіцыі нападам на ўсходнія краіны.

Канцэпцыя Міммор’я - гэта спроба пабудовы прасторы, якая будзе дастаткова моцнай, таму што ніводзін народ, які тут знаходзіцца, не валодае патэнцыялам, здольным супрацьстаяць пагрозам, якія цяпер ідуць з боку Расеі.

Краіны Міжмор’я павінны дзейнічаць разам, каб не дапусціць змены міжнароднага парадку. Таму што гэта можа дрэнна скончыцца. Тады можа быць вайна.

Мяркую, што Беларусь дагэтуль з'яўляецца ключавой краінай, без якой нельга развязаць пытанне бяспекі рэгіёну і ўсёй Еўропы. Ад Беларусі многае залежыць», - заявіў Шарамецьеў.

Адзін з лідараў беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч распавёў пра пагрозы, якія сёння зыходзяць як ад Расеі, так і ад дыктатарскага рэжыму ў Беларусі.

«Цяпер, калі Заходняя Еўропа перажывае крызіс ідэнтычнасці і гэты крызіс пазбаўляе яе рашучасці і волі змагацца з пагрозамі, краінам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы зноў трэба падумаць аб кансалідацыі і ўзаемадапамозе.

Ці трэба гэта Беларусі? Безумоўна трэба, але нам так проста не дазволяць быць нейтральнымі. У нас два варыянты: ці нам удасца вырвацца з-пад уплыву Расеі з дапамогай нашых суседзяў і стаць часткай дэмакратычнага аб'яднання, якое зробіць нашу бяспеку больш устойлівай, ці мы будзем гарматным мясам. Расейскія генералы ўжо даўно называюць нас «беларускім балконам». Яны гатовыя змагацца супраць аб'яднання магчымых аб'ектаў сваёй агрэсіі.

Мы толькі разважаем аб прыгожай ідэі Міжмор’я, а яны ўжо рыхтуюцца змагацца супраць яе. Невыпадкова Расея пачала размяшчэнне сваіх войскаў на мяжы Беларусі з горада Клінцоў, які знаходзіцца на стыку трох межаў: беларускай, расейскай і ўкраінскай. Гэтая брыгада ў выпадку неабходнасці можа зрабіць рывок да Мазыра. Уздоўж украінскай мяжы за Мазыром пачынаюцца прыпяцкія балоты і, захапіўшы гэты невялікі адрэзак мяжы, яны блакуюць усе камунікацыі паміж Беларуссю і Украінай.

Я не планаваў казаць гэта ў сваім выступе, але тут гучалі пытанні аб магчымасці Лукашэнкі абараніць незалежнасць Беларусі. Лукашэнка 20 гадоў рабіў усё супраць незалежнасці! Беларуская эканоміка па сутнасці з'яўляецца стратным філіялам расейскай, культурная палітыка - вынішчэнне ўсяго беларускага, нацыянальнага, гістарычнай самаідэнтыфікацыі, інфармацыйная палітыка - дамінаванне расейскіх тэлевізійных каналаў. І нарэшце, кадравая палітыка, калі ва ўрадзе і сілавых структурах дамінуюць прарасейскія, антыбеларускія кадры.

Цяпер Лукашэнка не можа нічога выправіць, нават калі б захацеў. Беларуская нацыя, беларускія дэмакратычныя сілы - гэта аснова незалежнасці», - заявіў Статкевіч.

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі», выпускнік Інстытута Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта Зміцер Бандарэнка, удзельнічаючы ў дыскусіі, сказаў наступнае:

«Бачу, што геапалітыка - небяспечная справа. З пяці ўдзельнікаў канферэнцыі, чатыры сядзелі ў турмах у сваіх краінах у розны час за свой цывілізацыйны выбар.

Хацелася б вярнуцца да «беларускага слана». Выпрабаванне «беларускім сланом» у свой час не прайшла адносна дэмакратычная Расея.

Мы чулі ў 1995-1999-х гадах ад нашых калегаў-дэмакратаў з Расеі, што «дэмакратыя прыйдзе да вас з Масквы, навошта вам незалежнасць, і наогул, Лукашэнка не такі і страшны», але ўсё скончылася іх катастрафічным пройгрышам. Лукашызм перамог у Расеі. Гэта Пуцін вучыўся ў Лукашэнкі, а не наадварот. Нават у хакей пачаў гуляць ужо пасля яго.

Другімі не прайшлі выпрабаванне «беларускім сланом» аранжавыя ўлады Украіны, нягледзячы на тое, што сотні беларусаў былі на Майдане ў 2004 годзе. Юлія Цімашэнка і Віктар Юшчанка размаўлялі толькі з дыктатарам Лукашэнкам і сталі ягонымі адвакатамі ў Еўропе і потым праз свой «прагматызм» страцілі ўладу.

Сёння выпрабаванне «беларускім сланом» праходзіць улада новай Украіны на чале з Пятром Парашэнкам, а таксама краіны Вышаградскай групы, уключаючы Польшчу.

Калі не гаворыцца аб правах чалавека ў Беларусі, а гаворыцца пра тое, што трэба гандляваць, я адзначаю, што за апошнія паўгода некалькі сотняў беларускіх бізнэсоўцаў, у тым ліку з самага блізкага атачэння дыктатара, патрапілі ў турму. Не думаю, што Лукашэнка хоча іх замясціць бізнэсоўцамі з краін-суседзяў.

Ёсць два варыянты: ці Беларусь будзе гангрэнозным утварэннем, якое распаўсюджвае дыктатуру ва ўсе бакі, ці будзе зменены падыход, і стратэгічную важнасць Беларусі, пра якую казаў Рамуальд Шарамецьеў, заўважаць не толькі вайскоўцы, але і палітыкі».

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках