23 красавiка 2024, aўторак, 15:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мянчук абсталяваў самы гучны аўтамабіль у краіне

15
Мянчук абсталяваў самы гучны аўтамабіль у краіне
ФОТА З САЙТУ ONLINER.BY

У салоне і багажным засеку аўто ўсталяваны аўдыякомплекс магутнасцю як у нейкім начным клубе.

Вы часта слухаеце музыку ў сваім аўтамабілі? А ці часта робіце ўлюбёную песню гучнейшай? Можа быць, аднойчы выкручвалі штатную аўдыёсістэму на максімум?

Іван, які валодае старэнькім «абцасікам» Renault Rapid, наўрад калі-небудзь умыкаў музыку «на ўсе застаўкі» падчас язды. Па-першае, гэта проста небяспечна для здароўя. Па-другое, гараджане абавязкова выклічуць міліцыю. Апошнія тры гады Іван дапрацоўваў свой аўтамабіль. Не, ён не заніжаў падвеску і не ставіў процьму турбін на чыпаваны матор. Пад капотам - базавы атмасферны дызель. А вось у салоне і багажным засеку - аўдыякомплекс магутнасцю як у нейкім начным клубе. Самаход неаднаразова станавіўся пераможцам спаборніцтваў і носіць годнасць «самага гучнага аўтамабіля ў Беларусі», паведамляе «Онлайнер».

«Ідэя стварэння гучнага і музычнага аўтамабіля мяне наведвала даўно. Ужо ў 2006 годзе ў мяне быў Volkswagen Golf III з аўдыёсістэмай, у 2009 годзе я стаў віцэ-чэмпіёнам Расеі ў класе «Пачатковец без абмежаванняў» EMMA Russia. На маю думку, канкурэнцыя была хоць і вялікая (блізу 50 самаходаў у класе), аднак узровень аўтагуку быў невысокі», - распавёў Іван.

Пазней аматар аўтагуку выступаў на спаборніцтвах са сваімі штодзённымі аўтамабілем - Saab 9-5 Aero, але хацеў стварыць нешта такое, чаму не будзе роўных у нашай краіне. Аб'ява аб продажу «абцасіка» трапілася Івану выпадкова. І ён наважыў зрабіць з Renault сапраўды гучны самаход. У Іванавых руках Rapid ужо тры гады. Пры гэтым і ён, і жонка маюць іншыя аўтамабілі для штодзённай эксплуатацыі.

Пасля куплі хлопец безупынна дапрацоўваў тэхнічную частку самаходу і сістэму сілкавання. Ён выбіраў з бясконцага спісу даступнага абсталявання для самой аўдыёсістэмы і шмат у чым спадзяваўся толькі на свае веды, бо ў Беларусі яшчэ не было праектаў такога ўзроўню.

«Шмат хто мяркуе, што гучнасць і якасць у аўдыёсістэме неспалучальныя. Цяпер я разумею, што гэтыя людзі моцна памыляюцца. За час працы над праектам я пазнаёміўся са спецыялістамі, якія сапраўды з'яўляюцца майстрамі сваёй справы. Яны змаглі паказаць гук як бы знутры і растлумачыць, чаму вялікая колькасць дынамікаў яшчэ не значыць «гучна», - адзначыў Іван.

Паводле ягоных слоў, неабавязкова цалкам абчапляць дзверы сярэдне- і высокачашчыннымі калонкамі.

Што да самога самахода, то тут «родным» застаўся толькі кузаў. Уладальнік аўтамабіля ўсталяваў сюды больш магутны рухавік (ад Megane) і цалкам перарабіў салон. Крэслы стаяць ад BMW 3-Series E46. Аўдыёсістэма ўключае ў сябе шэсць сабвуфераў па 15 цаляў у дыямэтры. Яны размешчаныя ў багажным засеку - за спінай кіроўцы.

Цэнтральная панэль у салоне больш простая ў параўнанні з арыгінальнай, але мае павялічаную калянасць. Гэта важна пры такіх «гукавых націсках» - заводская тарпеда проста не вытрымала б. «Родная» лабавая шыба ў гэтым Rapid трэснула пры першым жа ўмыканні аўдыёсістэмы, таму цяпер у салоне стаіць распорка, што змякчае разбуральнае ўздзеянне на шкло. Для візуальнага эфэкту на «абцасік» усталяваныя вялізныя колавыя дыскі R17. Усё ўладальнік аўтамабіля рабіў сам. Самаход першапачаткова рыхтаваўся для спаборніцтваў, і налета яго чакае шэраг дапрацовак.

«Надоечы замяралі магутнасць, выдала 14 кВт. Гэты паказчык зняты толькі з двух узмацняльнікаў, якія сілкуюць сабвуферы. Акрамя таго, ёсць яшчэ пяць узмацняльнікаў, якія сілкуюць акустыку. Замяраць іх разам вельмі цяжка. Прычым аўдыёсістэма наладжаная больш на ціск. Такім чынам, у самахода цяпер сем узмацняльнікаў. Ёсць яшчэ восьмы, але ён у рамонце», - распавёў Іван.

Кожныя дзверы маюць па чатыры мідбасы і па два «сярэднечашчыннікі», паміж якімі ўсталяваныя рупарныя «ціўкалкі». Усё гэта абсталяванне ладна абцяжарыла дзверы (кожныя важаць 85 кг). У багажніку размешчаны працэсар з прылучаным ноўтбукам. Праз яго (працэсар) наладжваецца ўся сістэма.

Увесь салон самахода абабіты металам. Усё гэта для павелічэння калянасці. Пад металам - фанера таўшчынёй 21 мм (1-3 пласты). Аўтамабіль атрымаў клавішны старт рухавіка. Два тумблеры на пярэдняй панэлі - стартар і вентылятар. Ахалоджваць матор даводзіцца больш актыўна, бо ён наладжаны на больш высокае абарачэнне. Рэч у тым, што генератар тут сілкуе не толькі штатны акумулятар, але і секцыю літый-іённых батарэй, усталяваных для аўдыёсістэмы. Ці варта казаць, што Іван імкнецца не ўмыкаць музыку штосілы ў спыненым самаходзе?

«Практычна ўсе дынамікі ў аўтамабілі (акрамя сабвуфераў) маюць высокую аддачу, нізкія скрыўленні і высокую якасць гукаўзнаўлення ў параўнанні з аналагамі. Раз сістэма накіраваная на ўдзел у некалькіх фарматах спаборніцтваў, у сабвуфернай частцы ўсталяваныя шэсць дынамікаў дыямэтрам 38 см, на якія пры максімальным выніку 162,6 дб падаецца блізу 14 кВт. Усё ў сістэме (нават сабвуфернае звяно) рабілася для якаснага і гучнага гуку, таму быў разлічаны і сканструяваны бандпас 6-га парадку. Так, сабвуфер у межах ад 27 да 80 Гц мае перапад гукавога ціску 160,0-162,6 дб. Дамагчыся яшчэ больш высокага ціску можна, але траціць за кошт гэтага ў музычнасці вельмі не хочацца», - паведаміў уладальнік самага гучнага самахода ў краіне.

З гэтага года ў Беларусі праводзяцца спаборніцтвы пад эгідай міжнароднай еўрапейскай асацыяцыі EMMA. Аўтамабілі, якія зоймуць у фінале прызавыя месцы, атрымаюць квіток на фінал Еўропы, дзе будуць прадстаўляць сваю краіну. Іван спадзяецца, што на радзіме будзе больш людзей, якія пачнуць наведваць такія спаборніцтвы ў якасці ўдзельнікаў. Беларускія аматары аўтагуку нават стварылі сваю супольнасць у сацыяльных сетках.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках