20 красавiка 2024, Субота, 19:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Відавочцы трагедыі пад Маладзечнам: Гэта наш «мэр» загадаў сагнаць усіх на ўборку бульбы

141
Відавочцы трагедыі пад Маладзечнам: Гэта наш «мэр» загадаў сагнаць усіх на ўборку бульбы
Фота: tut.by

У чацвер на полі пад Маладзечнам падчас уборкі бульбы загінула школьніца.

Трагічны выпадак адбыўся ўдзень 29 верасня. На 13-гадовую школьніцу наехаў грузавы МАЗ, ад атрыманых пашкоджанняў дзяўчынка памерла па дарозе ў лякарню. Загінулая вучылася ў 8-м класе сярэдняй школы №11 горада Маладзечна.

Паводле інфармацыі відавочцаў, усё адбылося блізу гадзіны дня. Потым да самага вечара на полі пад Маладзечнам працавала следчая група. Спецыялісты рабілі неабходныя замеры, апытвалі відавочцаў.

Відавочцы ўжо раз'ехаліся і размаўляюць з журналістамі tut.by па тэлефоне. Марыя Антонаўна працуе ў ПМК-187, іх будаўнічую арганізацыю ў гэты дзень прыцягнулі да ўборкі бульбы. Тут жа, акрамя супрацоўнікаў ПМК, былі працаўнікі прадпрыемства «Электрамодуль», а яшчэ беспрацоўныя, якія стаяць на ўліку на біржы працы. І - вучні школы №11.

Жанчына распавядае, што падзеі развіваліся вельмі хутка. Яна разам з калегамі выбірала бульбу наперадзе грузавой машыны.

- Школьнікі былі за машынай, далекавата, недзе праз пяць шэрагаў. І як яна апынулася за машынай, гэтая дзяўчынка? - задае пытанне Марыя Антонаўна. - Машыну загрузілі бульбай, але яна праехаць не магла наперад - мы як раз на градках былі. Я чула, як машына пасігналіла, пачала даваць задні ход.

Марыя Антонаўна памятае крык школьнікаў. Яны клікалі дзяўчынку: «Віка!».

- Я потым пытаюся, чаго ж яна не адгукнулася. Дзеці расказалі, што ў яе былі праблемы са слыхам. А так вельмі хутка ўсё адбылося. Наш кіроўца, з ПМК, крыкнуў: «Тут жанчыну пераехалі!». Я выклікала хуткую дапамогу. Пакуль тэлефанавала, бегла да яе.

Жанчыне здалося, што кіроўца грузавіка не адразу ўбачыў, што адбылося.

- Ён ужо на трасу збіраўся выязджаць. Яго потым хлопцы дагналі, махалі яму.

Калега Марыі Антонаўны, Віктар Уладзіміравіч, таксама працуе ў ПМК. Ён распавядае, што бачыў, як машына паехала назад. Ці быў папераджальны сігнал - не памятае.

- Машына пайшла назад чаму? Мне здаецца, таму што перад машынай былі градкі з неразагнанай бульбай. Напэўна, паехаў назад, каб не таптаць іх.

Віктар Уладзіміравіч кажа, што паспеў заўважыць дзяўчынку да здарэння.

- Яна ішла так, без увагі. Я ўжо зразумеў, што яна пад машыну пападзе, але я быў далёка, 54 метры, сёння замяралі адлегласці. Яна ішла адна, нікога побач не было. І чаго яе адну туды адпусцілі - я не разумею. Я ў шоку, ведаеце.

Мужчына распавядае: пасля здарэння дарослыя з поля дадому не з'ехалі.

- Потым нам сказалі: працуйце. І мы яшчэ працавалі гадзін да чатырох, паловы чацвёртага. Якая ўжо там праца была, на душы гэта ўсё ляжала...

Кіроўцу МАЗа, пад які трапіла дзяўчынка - 22 гады, паведаміў Аляксандр Жыгарэнка, старшыня СВК «Усход-Агра». На бульбяным полі менавіта гэтай гаспадаркі маладзечанскія школьнікі збіралі ўраджай.

- Гэты кіроўца не з нашага прадпрыемства, яго прыцягнулі з суседняй гаспадаркі. Сёння другі дзень ён у нас працаваў. Добры хлопчык. Я яго адпойваў таблеткамі. Ледзь-ледзь, і яму ўжо не трэба было б хуткую выклікаць. Яго трэсла, - сказаў Аляксандр Жыгарэнка, які прыйшоў на поле праз 5-7 хвілін пасля таго, што здарылася.

Маладзечанскі РАСК пачаў крымінальную справу паводле прыкмет злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 317 КК РБ (Парушэнне ПДР або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

У гэты дзень на полі СВК «Усход-Агра» капалі бульбу ў агульнай складанасці блізу 500 чалавек, паведаміў старшыня гаспадаркі. Школьнікаў сярод іх было чалавек 70-80. Іх прыцягнулі на пару дзён, гэта было разавае мерапрыемства. Звычайна «на бульбу» ездзяць работнікі прадпрыемстваў і студэнты каледжаў.

Як кажуць мясцовыя жыхары, 30 верасня на ўборку бульбы планавалі везці вучняў іншай школы, але пасля здарэння катэгарычна адмовіліся гэта рабіць.

- Тэрмінова выкапаць бульбу загадаў наш мэр, бо сезон ужо заканчваецца. Кінулі ўсе працоўныя сілы на гэта. Я сама настаўніцай працую, але з нашай школы старшакласнікаў не бралі, - кажа жыхарка горада Маладзечна Марыя.

Дарослыя відавочцы трагедыі распавялі, што загад дапамагчы сельскагаспадарчым арганізацыям Маладзечанскага раёна ва ўборцы бульбы рассылалі па прадпрыемствах, за подпісам старшыні Маладзечанскага райвыканкама Аляксандра Яхнаўца.

Нам праз тэлефон зачыталі гэты загад: «У мэтах надання дапамогі арганізацыям ва ўборцы бульбы ўраджаю 2016 года рэкамендаваць кіраўнікам арганізацый згодна з прыкладзеным пералiкам надаць дапамогу ва ўборцы бульбы з 5 да 30 верасня ААТ «Усход-Агра», ААТ «Палачаны» і СУП «Хожаваагра». Кіраўнікам сельскагаспадарчых арганізацый раёна гарантаваць эфектыўныя і бяспечныя ўмовы працы. Кантроль за выкананнем гэтага загаду ўскласцi на першага намесніка старшыні, начальніка ўправы сельскай гаспадаркі і харчавання Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта».

Відавочцы кажуць, што яшчэ да здарэння на полі стаяў аўтамабіль, які зборшчыкі бульбы прымалі за хуткую дапамогу.

- Як даўняя хуткая дапамога выглядала. Але потым выявілася, што ў ёй былі не медыкі, а работнікі, якія таксама прыехалі аднекуль бульбу капаць. Усе яшчэ потым крычалі і абураліся, што гэта была не хуткая. Столькі ж было людзей, вы не ўяўляеце, - цэлае поле! - усклікае Марыя Антонаўна. - З намі былі з «Усходу-Агра» брыгадзіры, дзяўчынкі маладзенькія, якія аддавалі загады і быў аграном - кантраляваў, каб бульбу з поля не выносілі і ўсё такое. А поле ж вялізнае - ад патруля ДАІ да моста, дзе запраўка.

Аднак хуткая дапамога, кажуць відавочцы, на месца трагедыі прыехала хутка, хвілін за пяць.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, праз трагічны выпадак у Маладзечнескасавалі запланаваныя ўрачыстасці ў гарадскім Палацы культуры, прысвечаныя Дню настаўніка.

У школе ўвечар ужо нікога не ўдалося застаць, акрамя вахцёра. Той сказаў, што толькі нядаўна настаўнікі разышліся. Мы датэлефанаваліся да дырэктара школы Аляксандра Люльковіча. Той сказаў, што ведае пра трагедыю, але падрабязнасцяў распавесці не можа, бо з 11 верасня ў адпачынку.

- Не таму, што я ўнікаю. Разумееце, у мяне дзве трагедыі сёння. Я толькі што цёшчу пахаваў, вярнуўся з могілак. І вось, яшчэ дзіця ў нашай школе загінула. Вядзецца следства.

Каля школы ў прыцемках шпацыруюць вучні, якія ціхенька абмяркоўваюць тое, што адбылося. Старэйшыя дзяўчаты кажуць:

- Віка з восьмага класа. З расповедаў, у яе былі праблемы са слыхам, нібыта не было ў адным вуху барабаннай перапонкі, нешта такое. І яна яшчэ вату паклала ў вушы, каб не застудзіцца.

- А на бульбу хлопчыкаў і дзяўчынак з вашай школы і раней ганялі?

- Не! Не было гэтага. Мы самі пра гэта гаворым. Ведаем, што хлопцам з палітэха, і тым забаранілі ездзіць на бульбу, а тут школьнікам дазволілі - што за трызненне такое? – адказваюць ужо расхваляваныя хлапчукі.

Напісаць каментар 141

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках