19 красавiка 2024, Пятніца, 8:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як лібералы перашкодзілі Лукашэнку стварыць «цуд»

55
Як лібералы перашкодзілі Лукашэнку стварыць «цуд»
Фота: kp.ru

Дыктатар чарговым разам знайшоў вінаватых у правале луканомікі.

У Пекіне Лукашэнка распавёў аб сваім «кітайскім досведзе». «Салідарнасць» нагадвае, чым скончылася яго рэалізацыя.

Падчас сустрэчы з прэм'ерам Дзяржсавета Кітайскай Народнай Рэспублікі Лі Кэцянам Лукашэнка адзначыў, што ўжо цягам двух з паловай дзясяткаў гадоў цікавіцца досведам развіцця Кітая, і ягонае знаёмства з гэтай краінай пачалося яшчэ да абрання прэзідэнтам.

Паводле ягоных слоў, будучы дэпутатам, ён прапаноўваў выкарыстаць кітайскі досвед у развіцці Беларусі, не руйнуючы існую на той час сістэму і дзяржаўны лад.

- Але ў нас тады занадта шмат было лібералаў, якія абралі заходні шлях развіцця, - заявіў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што «вельмі добра ведае агульны кірунак станаўлення і развіцця гэтай выдатнай і старажытнай дзяржавы».

- Інтуітыўна яшчэ тады - да свайго прэзідэнцтва - я зразумеў, што будучыня нашай планеты за Кітаем. Як бачыце, я не памыліўся, - зрабіў камплімент кітайцам дыктатар.

Трэба адзначыць, што Лукашэнка не ўпершыню публічна прызнаецца ў любові да «кітайскага шляху».

У снежні 2005-га, напярэдадні візіту ў КНР, дыктатар заявіў у інтэрв'ю кітайскім журналістам:

- Мая палітычная, калі можна так сказаць, міжнародная дзейнасць, па вялікім рахунку пачыналася ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Я бываў, будучы дэпутатам, не аднойчы ў Кітаі, я вывучаў досвед Кітайскай Народнай Рэспублікі, пачынаючы са свабодных эканамічных зон, з тых «кропак росту», якія вы стваралі 15, а то і 20 гадоў таму назад, я бачыў, як вы пачыналі, як вы падымаліся. І я, яшчэ будучы дэпутатам, прапанаваў нашаму парламенту выкарыстоўваць досвед Кітая. Тады мае прапановы не былі прынятыя ні парламентам, ні ўрадам.

Калі я стаў прэзідэнтам - увесь досвед, усё найлепшае, што было ў Кітаі назапашана, - а трэба сказаць, што Кітай ніколі не хаваў гэта ад мяне, - было ўзятае і перанесенае на беларускую глебу, на беларускую рэчаіснасць. Вынік - кожны год 8-10% росту ВУП. Гэта самыя высокія тэмпы на постсавецкай прасторы, у рэспубліках былога Савецкага Саюза. Мы даўно перасягнулі ўзровень 90-х гадоў.

Як бачым, праз адзінаццаць гадоў Лукашэнка больш не хваліцца фенаменальнымі «поспехамі» беларускай эканомікі (складана зрабіць гэта, маючы за плячыма некалькі дэвальвацый, шматмільярдных пазык і сталую неабходнасць залазіць у новыя пазыкі коштам непапулярных захадаў). Ды і мноства лібералаў, здольных уставіць палкі ў колы, даўно ўжо няма.

І напрыканцы некалькі цікавых лічбаў, якія характарызуюць паспяховасць эканамічных узаемастасункаў з Кітаем.

Паводле звестак Белстата, за студзень-ліпень 2016 года Беларусь экспартавала ў Кітай тавараў на $107 млн (21,5% да аб'ёму экспарту за аналагічны перыяд 2015 года). У сваю чаргу Кітай прадаў беларусам тавараў на $1 млрд (89,2%). Адмоўнае сальда склала блізу $926 млн.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках