20 красавiка 2024, Субота, 8:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Відэа аварыі з удзелам байкера і афіцэра ДАІ рэдагавалася?

6
Відэа аварыі з удзелам байкера і афіцэра ДАІ рэдагавалася?
Фота: onliner.by

Блогер выказаў недавер апублікаванаму Следчым камітэтам відэа аварыі з удзелам байкера і афіцэра ДАІ ў Менску.

У сваёй групе ў Facebook вядомы блогер Васіль Целагрэйкін параўноўвае відэа з фота, якія публікавалі СМІ ў дзень здарэння. На фота на шлеме матацыкліста добра відаць мацаванне для камеры відэарэгістратара. А на відэа яно нібыта знікае!

«Сябры! Гэта такая загадка для ўдзельнікаў супольнасці. Я яе разгадаў ... А вы?» - з'едліва піша вядомы змагар з ДАІ. Мноства каментароў пад паведамленнем зводзіцца да двух варыянтаў: «Відэа канфіскавалі, а шлем замянілі» і «Відаць, мацаванне рэгістратара проста на відэа замазалі».

Афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта РБ Юлія Ганчарова распавяла «Еўрарадыё», што сама зацікавілася такім абвінавачваннем. Нават давялося пераглядаць відэа са спецыялістамі, каб пераправерыць яго сапраўднасць.

«Мы ж самі рыхтавалі відэа, не нехта там нам аддаў, а мы апублікавалі, - кажа Юлія Ганчарова. - Мы непасрэдна і мантавалі. Рабілі так, каб усе гэтыя тры камеры, якія былі канфіскаваныя (адна з патрульнай машыны, дзве - з грамадзянскіх), нармальна глядзеліся. Таму мне проста было цікава, як такое магчыма. Але разабраліся. Усе відэакамеры, якія знаходзіліся ў справе, былі прадстаўленыя грамадскасці. Таму мацаванне - так мы бачым, але і на відэа я яго таксама бачыла, мне паказвалі спецыялісты».

«Еўрарадыё» таксама дасканала вывучыла відэа здарэння. Сапраўды, мацаванне для камеры ніхто не заціраў і шлем не падмянілі. Проста яго складана заўважыць праз дрэнную якасць відэа і пярэсты фону.

Застаецца пытанне, ці быў наогул відэарэгістратар на шлеме байкера і ці не ўпаў ён яшчэ ў пачатку канфлікту з афіцэрам ДАІ. Жонка матацыкліста Вольга перакананая, што камеры ў мужа не было.

«Цяпер ён знаходзіцца ў следчым ізалятары, - кажа Вольга. - Стан здароўя ў яго нармальны. У яго ж была чэрапна-мазгавая траўма, але ў следчым ізалятары ж няма такога абследавання, каб прайсці. Але неяк не скардзіцца. Цяпер мы чакаем даты суда. Следства скончанае, справа перададзеная ў суд, але дата пакуль не прызначаная».

18 красавіка кіроўца матацыкла Suzuki Bandit вылецеў на скрыжаванне праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова ў Менску разам з інспектарам ДАІ, які літаральна вісеў на правай руцэ байкера. За тры секунды яны амаль цалкам перасеклі праспект і трапілі пад аўтамабіль інкасатараў.

Байкеру выстаўленае абвінавачванне паводле ч.1 арт.363 (супраціў супрацоўніку міліцыі) і ч.2 арт.317 (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках