29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адной з новых вуліц Драгічына могуць надаць імя Ніла Гілевіча

Адной з новых вуліц Драгічына могуць надаць імя Ніла Гілевіча
Ніл ГІЛЕВІЧ
ФОТА: «Радыё Свабода»

Папярэдняй пастановы змог дамагчыся ад мясцовых уладаў грамадскі актывіст Сяргей Бахун.

У Драгічыне можа з'явіцца вуліца імя народнага паэта Ніла Гілевіча. Пра гэта «Салідарнасці» паведаміў грамадскі актывіст Сяргей Бахун, які ў канцы чэрвеня звярнуўся з адпаведнай прапановай да старшыні Драгічынскага раённага «савета дэпутатаў» Святланы Барташ.

«З 1985 да 1990 года Ніл Сямёнавіч Гілевіч быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР XI склікання, у якім прадстаўляў Драгічынскі раён. Звяртаюся да Вас з просьбай ушанаваць памяць у Драгічыне гэтага сапраўды народнага чалавека. Прапаную назваць імем Ніла Гілевіча вуліцы ў Драгічыне і ў раёне. Таксама можна надаць імя Ніла Гілевіча адной з бібліятэк у Драгічыне», - напісаў у звароце Сяргей Бахун.

У адказе Святланы Барташ гаворыцца, што ў новым раёне індывідуальнай забудовы Драгічына на сёння ёсць восем вуліц, якім плануецца даць назвы.

«Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Драгічынскага райвыканкама будзе хадайнічаць аб прысваенні адной з вуліц новага мікрараёна г. Драгічына імя Ніла Гілевіча. Ваш зварот застаецца на кантролі ў Драгічынскім раённым «савеце дэпутатаў», - гаворыцца ў адказе Святланы Барташ.

Таксама Сяргей Бахун даслаў у Лагойскі раённы «савет дэпутатаў» прапанову аб наданні імя Гілевіча адной з вуліц у Лагойску і раёне, а таксама адной з бібліятэк на Лагойшчыне.

Старшыня райсавета Пётр Вабішчэвіч паведаміў актывісту, што ягоная прапанова была разгледжаная «дэпутатамі» на чарговай сесіі. На ёй была прынятая пастанова вынесці ініцыятыву Бахуна на грамадскае абмеркаванне.

Нагадаем, што вуліца, названая ў гонар народнага паэта, можа з'явіцца і ў Менску. Адпаведны адказ з Менгарвыканкама на пачатку красавіка атрымала грамадскае аб'яднанне «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках