Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Адзін з падазраваемых выкрадальнікаў Зьміцера Завацкага адмаўляе сваю віну 11:03, 05/01/2001
33-гадовы Сяргей С. - адзін з абвінавачваемых у выкраданьні журналіста Зьміцера Завацкага, забойстве кіраўніка беларускага адзьдзяленьня "Рускага нацыянальнага адзінства" Глеба Самойлава, азербайджанскай сям`і і іншых злачынствах - катэгарычна адмаўляе сваю віну. Пра гэта ён піша ў лісьце сваім родным са следчага ізалятару (па просьбе сям`і прозьвішча С. не называецца).
Ліст напісаны ў агрэсіўным тоне, і не выключана, што яго аўтар меў на мэце апраўдаць і абараніць сябе. "Я ні ў чым не вінаваты, - піша абвінавачваемы. - Мяне правяраюць на розныя злачынствы і прад`явілі два абвінавачаньні ў забойствах... Самойлава забілі 5 жніўня, у 8 раніцы. Я ж дома кожную раніцу. Тым болей, 5 жніўня спаў гадзін да 8-9, таму што 4 жніўня я правёў у Заводскім РУУС... Мне нічога не кажуць і не пытаюцца... Я судзімы, і яны гэтым карыстаюцца. Я баюся, каб мне што-небудзь не сфабрыкавалі! Кантралюйце ўсё".
Ён таксама адмаўляе сваё даўняе знаёмства з Валерыем Ігнатовічам - былым афіцэрам спецпадразьдзяленьня МУС "Алмаз", які падазраецца ва ўчыненьні шэрагу злачынстваў. "Я яго да паездкі ў Чачню не ведаў, з ім не меў сувязяў, не сустракаўся, ніяк не кантачыў... Пакуль з гэтым будуць разбірацца і правяраць, пройдзе шмат часу", - піша Сяргей С.
З інфармацыі, сабранай БелаПАН з розных крыніц, вымалёўваецца наступная карціна. Летам 2000 года Сяргей С., Валерый Ігнатовіч, яшчэ адзін баец спецпадразьдзяленьня "Алмаз" Максім Малік і былы курсант Акадэміі МУС, даўні знаёмы Сяргея С. Аляксей Гуз езьдзілі ў Чачню, дзе безпасьпяхова спрабавалі завербавацца ў адну з воінскіх частак расейскай арміі. Яны выехалі ў Чачню ў дзень знікненьня аператара ГРТ Зьміцера Завацкага. 7 ліпеня, і вярнуліся за некалькі дзён да забойства Глеба Самойлава. Група падазраецца ў дачыненьні да зьнікнення Зьміцера Завацкага. Мяркуецца, што такім чынам яны адпомсьцілі аператару ГРТ за тое, што ў адным з інтэрв`ю ён паведаміў пра затрыманьне Ігнатовіча ў Чачні па падазрэньню ва ўдзеле ў баявых дзеяньнях на баку чачэнскіх баевікоў.
Ліст Сяргея С. быў напісаны яшчэ ў лістападзе. Паводле зьвестак БелаПАН, зараз асобы, якія абвінавачваюцца па гэтай справе, знаходзяцца ў ахоўным адзьдзяленьні рэспубліканскай псіхіятрычнай клінікі "Навінкі" пад Менскам, дзе праводзілася судовая псіхіятрычная экспертыза.