Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Зь кім вы - майстры культуры? 11:05, 08/01/2001, "Наша Свабода"
"Каму што баліць…" - менавіта гэтак у колах інтэлігенцыі каментуюць прынятыя на мінулым тыдні Аляксандрам Лукашэнкам указы аб прэміі за 2000 год "За духоўнае адраджэньне" й "сьпецыяльных прэміях Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва". Нагода для жартаў з`явілася таму, што ў сьпісе ўганараваных апынуўся прэзыдэнт Канфедэрацыі стылістаў Аляксандра Лазоўская - "за перамогу ў першым чэмпіянаце па цырульніцкім мастэрстве краінаў Усходняй Еўропы 2000 года, вялікі ўнёсак у выхаваньне творчай моладзі і высокае прафэсійнае майстэрства". А у Лукашэнкі, як вядома, з прычоскаю існуюць накаторыя праблемы. Калі ж сур`ёзна, то дужа дзіўныя ў А.Лукашэнкі ўяўленьні, што такое культура й мастацтва. Усяго "спецыяльнымі прэміямі" ўлаўрэаваны 21 чалавек, прычым амаль усе яны асобы малавядомыя й збольшага прыцягнутыя за вушы.
З гэтага шэрагу вылучаюцца мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусі Міхаіл Фінберг ("за стварэньне ў 2000 годзе высокамастацкіх праграмаў па творах беларускіх і расейскіх (!) кампазытараў") ды драматург Аляксей Дудараў (за стварэньне гістарычных п`есаў, пастаўленых Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы"). Але тут ужо паўстае пытаньне, наколькі маральна браць прэмію з рук таго, хто ў прынцыпе не прымае беларускай культуры. Да ўсяго ўжо больш года як ён зусім і не прэзыдэнт
Фінберг называе сябе "чалавекам беларускай культуры й беларускай мовы", а А.Лукашэнка вядома як публічна і неаднаразова яе цьвеліў. Увогуле ж Фінберг узяў гэтую прэмію яшчэ тады, калі пагадзіўся стаць так званым сэнатарам у Нацыянальным сходзе.
А вось тое, што лукашэнкаўскую прэмію ўзяў Дудараў, зьдзівіла многіх. Гэта пасьля "Князя Вітаўта", пасьля абароны "Вольнай сцэны", дзе, у адрозненьне ад Купалаўскага тэатра, ягоную п`есу "Прынц Мамабук" мінкульт ставіць забараніў. Карацей, учынку ад Аляксея Дударава ні ягоныя знаёмыя, ні аматары творчасьці не дачакаліся: узяў і вокам не міргнуў.
Яшчэ адна прэмія - "За духоўнае адраджэньне". Набралі пяць лаўрэатаў. Пры гэтым іх прадстаўлялі міністэрства культуры і чамусьці Беларуская праваслаўная царква. Ці не ёсць гэта чарговай прыкметай таго, якую канфесію ўлады намагаюцца зрабіць дзяржаўнай ці, прынамсі, дамінантнай. Ды і цырымонія ўзнагароджання нездарма прымеркаваная акурат на праваслаўнае Раство.
Цырымонія ўручэньня прэміяў прайшла ўвечары 7 студзеня ў Палацы Рэспублікі. Як у савецкія часы, пры ўваходзе Аляксандра Лукашэнкі ў залу ўсе прысутныя ўсталі. Пацалаваўшыся з Філарэтам, ён стаў прамаўляць - па-расейску - пра тое, як "в нашей стране сделано немало для развития культуры", і пра шчыльную суплётнасьць яе з хрысціянствам, "особенно с православной церковью".
Лаўрэаты ў адказ дзякавалі "глубокоуважаемому" Лукашэнку "за наш творческий труд". Вось такая інтэлігенцыя...