Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Настаўніцтва не дачакалася адказу 11:12, 08/01/2001
6 студзеня скончыўся месячны тэрмін, адведзены ўраду на рэагаваньне ліста са 168 тысячамі подпісаў работнікаў адукацыі з патрабаваньнем давесьці сярэдні настаўніцкі заробак да прамысловага. 8 студзеня - у першы дзень зімовых вакацыяў - настаўнікі выйдуць на працу, і калі гэтым днём прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі не атрымае адказу з Саўміна, прафсаюз распачне зь ім калектыўную спрэчку. Гэта настолькі складаная працэдура, што яна можа расьцягнуцца не на адзін месяц.
Варта нагадаць, што 6 сьнежня старшыня прафсаюзу Тамара Чобатава мела больш як гадзінную сустрэчу з Уладзімерам Ярмошыным, на якой і перадала патрабаваньні настаўніцтва. Тады прам`ер-міністр не абяцаў настаўнікам нічога канкрэтнага, а падцьвердзіў намер давесьці сярэдні заробак да жніўня 2001 года да 100 долараў ЗША. У кастрычніку сярэдні заробак у сфэры адукацыі склаў 58.400 рублёў - 64% ад узроўню аплаты працы ў прамысловасьці. Увогуле, з 1996 года ўзровень заробкаў у адукацыі да прамысловасьці імкліва падаў: з 73% у 96-м годзе да 58,5% сёлета.
На абяцаны страйк настаўніцтва пакуль не рашаецца. Па-першае, дзеці ёсць дзеці, і яны ні ў чым не вінаватыя. Па-другое, напачатку настаўніцтва паспрабуе законным шляхам дамагчыся выкананьня ўласных правоў. Намесьнік старшыні прафсаюзу Алена Морава гаворыць, што толькі пасьля 6 студзеня прафсаюз зможа распачаць працэдуру калектыўнай спрэчкі. Што з таго атрымаецца - пакажа час.