Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Допыт журналіста - спроба ціску на прэсу 11:05, 10/01/2001, Беларускі Хэльсінскі Камітэт
9 студзеня карэспандэнт БелаПАН Генадзь Барбарыч быў выкліканы ў якасьці сьведкі на допыт у сувязі з яго публікацыяй у газэце "Народная воля" "Дзіма: новыя надзеі" наконт зьнікненьня аператара Грамадзкага Расейскага тэлебачаньня Зьміцера Завацкага. Допыт вялі сьледчыя пракуратуры Ўладзімер Чумачэнка й Зьміцер Петрушкевіч. Справа, па якой дапытвалі карэспандэнта, адносіцца да так званых "гучных" злачынстваў і мае грамадзкі рэзананс. Пад час допыту следчыя заявілі, што сваёй публікацыяй журналіст замінае вядзеньню следства.
Інфармацыя, якой валодаў карэспандэнт, была адшукана ім самастойна, не з матэрыялаў справы, і сьведчыла аб удзеле ў злачынстве спецслужбаў. Закон "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі" дазваляе праводзіць журналісцкія расьсьледваньні, аб чым і заявіў Генадзь Барбарыч.
Сьледчымі быў складзены пратакол допыту, і журналісту жорстка заявілі, што яму забаронена разгалошваць матэрыялы справы. Сам Генадзь Барбарыч адмовіўся падпісваць дакумент аб неразгалошваньні, а затым звярнуўся з заявай аб парушэньні правоў журналіста ў РГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт".
БХК лічыць дзеяньні сьледчых накіраванымі на тое, каб зрабіць ціск на карэспандэнта і праз падпіску аб неразгалошваньні забараніць уздымаць у СМІ праблему зьнікненьня на Беларусі журналістаў і апазіцыйна настроеных людзей.