Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У "Беларуси" падтрымалі Домаша - падрабязнасьці ўчарашняй заявы 11:07, 17/01/2001
ПРАДСТАЎНІКІ КАЛЯ 30 ГРАМАДЗКІХ АРГАНІЗАЦЫЫЯЎ ПАДТРЫМАЛІ СЯМЁНА ДОМАША ЯК АДЗІНАГА ДЭМАКРАТЫЧНАГА КАНДЫДАТА НА ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАХ
16 студзеня ў канферэнц-залі менскага гатэлю "Беларусь" адбыўся сход прадстаўнікоў шэрагу грамадзкіх арганізацыяў, падчас якога прынята заява ў падтрымку Сямёна Домаша як адзінага кандыдата ад аб`яднанай апазыцыі.
Мэта сходу - падтрымаць ініцыятыву рэгіёнаў Беларусі аб разглядзе кандыдатуры Сямёна Домаша як адзінага кандыдата ад аб`яднанай апазыцыі на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах. Падчас абмеркаваньня выступілі былы дэпутат Вярхоўнага Савета СССР Віктар Карніенка, кіраўнік грамадзкага аб`яднаньня "Беларуская арганізацыя працоўных жанчын" Марыя Аліева, прадстаўнік грамадзкага аб`яднаньня ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сілаў з Гародні Леанід Закурдаеў, старшыня Антыфашысцкага камітэта, вядомы кінарэжысэр Юрый Хашчавацкі і іншыя. Удава беларускага палітыка Генадзя Карпенкі - Людміла Карпенка, у прыватнасьці, сказала, што выбары будуць найсур`ёзным выпрабаваннем для дэмакратычнага кандыдата.
У прынятым на сходзе дакуменце прадстаўнікі каля 30 грамадзкіх арганізацыяў заяўляюць аб падтрымцы Сямёна Домаша, які "даказаў сваю прыхільнасьць прынцыпам дэмакратыі, здольны не на словах, а на справе забясьпечыць беларускаму народу свабоду і росквіт".
У сваім выступленьні Сямён Домаш сказаў пра тое, што сёлета ў краіне неабходна дамагчыся пераменаў да лепшага: "Або мы будзем жыць ва ўмовах дыктатуры, працягваць каціцца ў бездань і закрыем для сябе дарогу ў цывілізаванае грамадзтва, або мы спынім гэтае падзеньне і пачнём будаваць дэмакратычную прававую дзяржаву з годным узроўнем жыцьця".