Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь-Савет Эўропы: ніякіх зьменаў у адносінах 11:05, 24/01/2001, Ю.С.Ньюс
Ніякага прагрэсу ў адносінах Беларусі з Саветам Эўропы няма. Статус спэцыяльна запрошанага ў Парляманцкай асамблеі Савету Эўропы для беларускага парляманту не адноўлены, хаця на гэтым настойвалі прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі палаты прадстаўнікоў другога скліканьня, якія разам з апазцыйнай дэлегацыяй прысутнічалі на паседжэньні камітэту па палітычных пытаньнях ПАСЭ 23 студзеня ў Страсбурзе.
Камітэт па палітычных пытаньнях ПАСЭ абмяняўся думкамі па сытуацыі ў Беларусі пасля выбараў ў "палату прадстаўнікоў". Звычайна пасьля выбараў у нейкай краіне у ПАСЭ распаўсюджваецца справаздача ад палітычнага камітэту пра іхнія вынікі. Напрыклад, Савет Эўропы адсочваў нядаўнія парляманцкія выбары ў Азербайджане ды падрыхтаваў пра іх справаздачу. Справаздачы аб парляманцкіх выбарах у Беларусі няма, паколькі не было назіральнікаў ад ПАСЭ на гэтых выбарах. Такім чынам, ускосна было прызнана, што выбары не былі вольнымі і справядлівымі.
"Прагрэс вельмі нязначны, таму немагчыма гаварыць аб аднаўленьні ранейшага узроўню адносінаў паміж Беларуьссю і Саветам Эўропы - аб аднаўленьні статуса спэцыяльна запрошанага для беларускага парляманту ў ПАСЭ",- падкрэсьліў на паседжэньні Паліткамітэту дакладчык па Беларусі Вольфганг Берант.
Вольфганг Берант на слуханьнях заявіў, што магчымасьць аднаўленьня ў ранейшым аб`ёме адносінаў з Саветам Эўропы для Беларусі залежыць ад таго, як пройдуць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі.