Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
МЗС РБ супраць КНГ АБСЭ: неаб`яўленая вайна 11:11, 24/01/2001
"Халодная вайна", аб`яўленая беларускімі чыноўнікамі прадстаўнікам заходняга сьвету ў нашай краіне, набірае абароты. Пасьля інфармацыйнай хвалі, якая абліла гразёю кансультатыўна-назіральную групу АБСЭ, у Менску адбыўся шэраг дыпляматычных хадоў, у выніку каторых да сёньня Лукашэнка не атрымаў даверчыя граматы новага амэрыканскага амбасадара і не прыняў яго на дыппрыёме. Пра тое, што жарсьці накаляюцца, сьведчыць і перапіска паміж МЗС і КНГ АБСЭ.
У Вербальнай Ноце МЗС ад 16 студзеня 2001 года беларускія ўлады выказваюць шкадаваньне паводле сьцьвярджэньня, што ўтрымоўваецца ў папярэдняй Ноце КНГ пра тое, што "аднабаковае вядзеньне Міністэрствам новых працэдур меняе дамоўныя і рэальныя рамкі дзейнасьці місіі і патрабуе згоды АБСЭ". У сваю чаргу, Міністэрства заяўляе, што дадзенае сьцьвярджэньне не адпавядае рэчаіснасьці і абвінавачвае КНГ у тым, што група выходзіць за рамкі свайго мандату, папярэдне не ўзгадніўшы з ўрадам Беларусі праводзімую ёй праэктную дзейнасьць:
"У гэтай сувязі Міністэрства заклікае КНГ АБСЭ прыпыніць рэалізацыю любых праэктаў, якія не былі афіцыйна прадстаўленыя Беларускім уладам для кансультацыяў і на каторыя па выніках кансультацыяў не было атрымана пісьмовая згода Беларускага боку да іх патрэбнага пагадненьня… Адначасова МЗС зноў зьвяртае ўвагу КНГ на тое, што ні мандат, ні Мемарандум не надзяляюць КНГ правам ацэнкі дзеяньняў дзяржавы-члена АБСЭ. У той самы час у мандаце КНГ запісана, што Кансультатыўна-назіральная група "ва ўзаемадзеяньні з беларускімі ўладамі бедзе ажыцьцяўляць наступныя задачы:
аказаньне беларускім уладам садзейнічаньня ў развіцьці дэмакратычных інстытутаў і выкананьні іншых абавязкаў перад АБСЭ; і
назіраньне за гэтым працэсам і складаньне справаздачаў".
Безумоўна, што аказаньне садзейнічаньня беларускім уладам па вызначэньню не можа ажыцьцяўляцца бяз згоды гэтых уладаў…"
Такім чынам, Міністэрства заклікае назіральную групу АБСЭ спыніць правядзеньне адукацыйных і маніторынгавых праэктаў, бяз згоды на тое беларускага ўраду. Іншымі словамі, ўлады Беларусі імкнуцца заставіць КНГ АБСЭ працаваць пад іх дудку, бяз крытыкі дзейнасьці ўрада РБ, як краіны-удзельніцы АБСЭ і не прадпрымаць самастойных ініцыятываў, як арганізацыя кантроль за прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 года.
У адказной Ноце ад 18 студзеня гэтага году Кансульттатыўна-назіральная група заяўляе, што заўсёды дзейнічала ў рамках мандату ад 18 верасьня 1997г. і Мемарандума пра ўзаемаразуменьні. "Кансультатыўна-назіральная група АБСЭ просіць Міністэрства замежных справаў канкрэтна сфармуляваць, па якіх пунктах праэктнай дзейнасьці групы ўздымаецца непагадненьне МЗС. Такія канкрэтныя пункты будуць надалей ацэненыя. Кансультатыўна-назіральная група мяркуе, што гэтае пытаньне будзе вынесеным на павестку сесіі Пстаяннага савету АБСЭ 25 студзеня 2001г." Далей па тэксту бакі абменьваюцца ўзаемнымі кампліментамі і запэўніваюць адзін аднаго ў шчырай прыхільнасьці міжнародным правілам вядзеньня супрацоўніцтва.